— Ну і што гэта такое? — магчыма, пацісне плячыма хтосьці з нашых чытачоў? — Што гэта за звер такі, той плагіят? Але так падумаюць, безумоўна, не ўсе. Бо тыя, хто хоць як-небудзь звязаны з творчасцю (складае вершы, піша прозу, сачыняе музыку), альбо тыя, хто займаецца навуковай дзейнасцю (напрыклад, піша дысертацыю), яны то ўжо добра ведаюць, што гэта такое.
Мы ж дзеля большай дакладнасці зазірнем у «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы»:
«Плагіят — выдача чужога твора за свой або выкарыстанне ў сваёй працы чужога твора без спасылкі на аўтара». І далей пазначана, што слова гэтае паходзіць ад лацінскага plagiatus — «выкрадзены».
Апошняе паказвае нам, што з’ява гэтая далёка не нашых часоў. Было значыць, што і ў мінулым творцы скрадалі адзін у аднаго. Нядаўна ў адной тэлевізійнай перадачы прагучала паўжартоўнае выказванне знакамітага дырыжора Леанарда Бернстайна пра тое, што калі б кампазітарам за крадзеж адразалі рукі, то ўсе яны засталіся б без рук. Ды што там далёка хадзіць. Яшчэ й цяпер не-не дый распачнецца спрэчка на прасторах інтэрнэту: «Дык хто ж усё-ткі першы напісаў песню „Пусть всегда будет солнце” — рускія Леў Ашанін і Аркадзь Астроўскі альбо будучы прадзюсар знакамітай групы „АВВА” Сціг Андэрсан, дзякуючы якому свет пачуў цудоўную песню “Gabrielle”?». Бо з першых акордаў той «Gabrielle» кожны жыхар былога СССР пазнае савецкі хіт «Пусть всегда будет солнце».
А нядаўна давялося пачуць і габрэйскі варыянт гэтай жа песні. Словы ў ім таксама былі іншыя і, як па мне, вельмі нават цікавыя. Мяркуйце самі:
Госпадзе! Беражы маму.
Госпадзе! Беражы тату.
Беражы, Госпадзе, сонца.
Госпадзе, беражы й мяне!
Гэта падрадкоўнік, а таму й спяваць у гэткім варыянце было б нязручна. Але факт застаецца фактам: ідэя ўзятая, мелодыя — адзін да аднаго, ну а тэкст іншы.
Лічыць гэта плагіятам ці не? Адназначна не маем права казаць, бо не ведаем: а раптам паміж аўтарамі была дамоўленасць? Кажуць, што пасля таго, як песня стала шырокавядомаю ў СССР, яе аўтары з радасцю распаўсюджвалі ноты, каб яна загучала і за мяжой, у любым варыянце. Да таго ж, у той час Савецкі Саюз яшчэ не падпісаў Міжнародную канвенцыю аб аўтарскіх правах. Кажуць, тады шмат кралі: савецкія творцы — з замежжа, а тыя, у сваю чаргу, таксама не брыдзіліся схапіць штосьці таленавітае з-за «жалезнай заслоны», падпрацаваць яго трохі і пусціць у свет. І нібыта ўсім добра, усе задаволеныя?..
Але ёсць іншыя прыклады плагіяту, калі бярэцца цалкам нейкі твор альбо даследчая праца і прысвойваецца. У беларускай літаратуры былі прыклады, калі нейкі аўтар, найчасцей пачатковец, браў твор з рускай літаратуры, надрукаваны у якім-небудзь іркуцкім, тульскім, пензенскім часопісе, перакладаў яго на беларускую мову і выдаваў за свой уласны твор. Калі распазнавалі такое зладзейства, вядома ж, усчыналася шуміха ў прэсе: абураліся, крытыкавалі, выкрывалі. Ну а каму-небудзь, можа, і з рук сыходзіла — не за ўсёй жа літаратурай на тэрыторыі бязмежных прастораў Расеі-матухны сачылі нашы рэдактары.
Крадзеж? Вядома, крадзеж! І за такое варта біць па руках. Ёсць і адпаведныя для гэтага законы. Ды, зноў жа, гэта калі выкрыецца злачынства. Згадаем нядаўнія скандалы ў вышэйшых уладавых колах некаторых краінаў, калі нейкі высокі чыноўнік бессаромна цэлымі раздзеламі, старонкамі альбо абзацамі скрадаў чыюсьці навуковую працу і выдаваў яе за сваю… Бывае і такое. І зноў жа: на варце справядлівасці стаіць закон аб аўтарскім праве. Самае галоўнае — каб ён працаваў, каб знаходзіліся людзі, якія б гэтаму спрыялі.
Але ў кантэксце Божай запаведзі нас больш цікавіць іншае: плагіят — гэта сур’ёзнае парушэнне сёмай запаведзі альбо штосьці не надта і грэшнае?
І выглядае на тое, што якім ты словам гэта ні назавеш, а крадзеж застаецца крадзяжом, і таму, хто гэта ўчыніў, найлепш усё ж паспяшацца да канфесіянала, калі толькі, вядома, той, хто скраў, верыць у Бога і Божыя запаведзі для яго з’яўляюцца найвышэйшым законам.
Магчыма, у кагосьці з чытачоў узнікла пытанне, ці краў хто-небудзь у нас, аўтараў часопісаў «Ave Maria» альбо «Наша вера»? Было. Здаралася. Часам даходзіла да смешнага. Раблю, значыць, я штосьці там на кухні, тэлевізар уключаны і манатонна так сабе працуе, і тут раптам чую перадачу пра сястру-законніцу, пра якую і я калісьці напісала некалькі артыкулаў. Вядома, мне стала цікава — можа, раптам скажуць штосьці новае, чаго я не ведаю. Слухаю-слухаю, і раптам — о, ліха! — такі знаёмы тэкст пайшоў!.. Вушам сваім не веру — мае ж уласныя словы чую, мае сказы… Пабегла, адгарнула часопіс і далей ужо магла сачыць па тэксце. Дагледзела перадачу да канца — цікава было, што ж скажуць гэтак званыя аўтары ў канцы перадачы, назавуць маё прозвішча альбо хоць бы часопіс «Наша вера», у якім быў надрукаваны артыкул? Але дзе там! Усё пададзена было так, нібыта нас зусім і на свеце нямашака. Плагіят? Плагіят. Крадзеж? Вядома, крадзеж. Мелі б часу ды ахвоты, сустрэліся б мы з тымі «аўтарамі» ў судзе, а як ні таго, ні іншага ў нас не было, то так ім з рук і сышло. А можа й дарма не сустрэліся…
Альбо згадаю плагіят ужо іншага кшталту. Надумаецца раптам хтосьці напісаць нейкі разумны артыкул для нашага аднаго альбо другога часопіса. Ну а каб напісаць, трэба і галавой папрацаваць, і часу аддаць ды і здольнасць жа нейкую трэба мець для гэтага. А калі аднаго альбо другога, альбо трэцяга, альбо і ўсіх іх разам няма?.. Вось і ўзбрыдзе раптам тады камусьці ў галаву такое «выйсце» — узяць ды перакласці які-небудзь цікавы артыкул, напрыклад, з польскай каталіцкай прэсы і падпісаць яго сваім уласным прозвішчам. Мы то, вядома, сочым за польскай прэсай, але ж, зразумела, што за ўсім не ўсочыш. Дык і было, што надрукавалі мы такі пераклад артыкула пад прозвішчам мясцовага аўтара, не падазраючы пры гэтым, што нас проста жорстка ашукалі. Непамысная справа! Але калі добра падумаць, то яна ўсё ж найбольш непамысная для таго гора-перакладчыка, якому зажадалася раптам зрабіцца журналістам альбо літаратарам. Бо чалавека ж ашукаць можна, а Пана Бога не ашукаеш! Ці думаў той наш «аўтар» пра гэта? Дай Божа, каб усур’ёз задумаўся…
Вось такі ён, гэты загадкавы, спакуслівы і такі недарэчны плагіят. Парадокс гэтага крадзяжу ў тым, што калі, напрыклад, хтосьці скрадзе ў каго якую рэч, то злодзей жа і рэч тую схавае як надалей, і сам затоіцца. А з плагіятам усё наадварот! Плагіятар калі ўжо крадзе, то не для таго, каб затаіцца, але каб наадварот — выставіць напаказ і сваю персону, і свой твор. Глядзіце, маўляў, усе, які я таленавіты! Не можа зразумець, бедачына, што здольнасці, талент чалавеку дае не хто іншы, як сам Бог. І атрымліваецца, што, адважыўшыся на плагіят-крадзеж, такі чалавечак замахваецца на тое, што Божае. Бо сказана: «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» (1 Кар 4, 7).
Пан Бог шчодра надзяляе рознымі дарамі ўсіх людзей. Бяда толькі ў тым, што часам здаецца, што яны чамусьці атрымалі найменш, і тады яны адважваюцца скрасці тое, што зрабілі іншыя.
А крадзеж ён жа і ёсць крадзеж, як ты яго ні назаві: ці то плагіятам, ці то яшчэ якім іншым словам.
Ірына Жарнасек