«Неспакойныя сэрцы нашыя...» Разважанні пра крызіс

«Для сябе, Пане, ты стварыў нас і прызначыў, таму неспакойныя сэрцы нашыя, пакуль не спачнуць у Табе», — гэтыя словы св. Аўгустына заўсёды мяне суцяшаюць у прыгнечаным настроі. Удумваешся ў іх — і ўсё пачынае раз’ясняцца і станавіцца на месцы.


Усё — і чалавек, і жывёла, і ўвесь створаны свет — усімі сіламі імкнецца да супакою і ўпэўненасці і не можа іх у поўні дасягнуць. Толькі, здаецца, уздыхнеш спакойна, і тут твой спакой аказваецца толькі ілюзіяй, хвілінным перапынкам перад наступнай бурай. Гэтыя буры або, як мы часцей іх называем, крызісы, безумоўна, прыгнятаюць, аднак пры гэтым даюць імпульс, які штурхае нас да жыцця і змагання. Развіццё і рост магчымыя толькі праз пераадоленне крызісаў. Спыніцца, супакоіцца — значыць памерці. Памятаеце, што ні ў якім разе нельга рабіць, калі замярзаеш? Нельга стаяць на адным месцы, а трэба ўвесь час рухацца, змушаючы сэрца гнаць кроў па жылах, нават у стоме нельга супакоіцца і заснуць, бо заснуць на марозе — смерць. Жабка са старажытнай байкі, адной з найстарэйшых у свеце, якая трапіла ў смятану і скакала, пакуль не збіла масла, павінна быць для нас прыкладам, бо гэта, відаць, адзіны магчымы спосаб пераадольваць выпрабаванні, з якімі мы сутыкаемся.

Нават калі навокал холад, які, здаецца, ніколі не знікне, нельга спыняцца. Нават калі пад нагамі няма глебы, трэба імкнуцца наперад, з усіх сілаў «збіваючы смятану ў цвёрдае масла».

Зямное жыццё — гэта шлях, і кожны крызіс — гара на гэтым шляху, але толькі з вяршыні гары можна ўбачыць прыгажосць наваколля і зразумець, для чаго варта было забірацца на гару.

Мы звыклі асацыяваць слова «крызіс» з адмоўнымі перажываннямі, аднак літаральна яно азначае «паваротная кропка, пераломны момант». Апошні год стаў крызісным для ўсяго свету, паказаўшы, якія насамрэч крохкія мы і нашая цывілізацыя, як хутка ад самай дробнай драбязы, якую без мікраскопа і не ўбачыш, руйнуецца ўсё, створанае чалавекам. Гэта паваротная кропка, якая павінна нечаму нас навучыць і даць новы штуршок для росту — і грамадству, і кожнаму чалавеку асабіста.

Яшчэ адно, што не можа не турбаваць любога верніка — крызіс хрысціянства, крызіс Касцёла… Гэта нас страшыць, змушае думаць, а што ж цяпер будзе? Але задайма сабе пытанне: а калі гэтага крызісу не было? З самага пачатку свайго існавання Касцёл ніколі не існаваў спакойна: заўсёды былі турботы, ерасі, выгнанні, пераслед і г. д. І, відаць, калі б часы такога жаданага намі спакою насталі, гэта быў бы канец для Касцёла і хрысціянства, бо для «спакою» ў чалавечым разуменні, да якога мы імкнемся, існуе іншае вызначэнне — застой, балота, у якім нішто не рухаецца і не жыве. Хтосьці скажа: крызіс Касцёла непазбежна вядзе да крызісу веры. Аднак і крызіс веры — толькі штуршок, які дае сілу рухацца наперад і пазнаваць Бога яшчэ глыбей, станавіцца да Яго яшчэ бліжэй. Або — апусціць рукі і зняверыцца. Трэцяга варыянту няма. Нельга стаяць на месцы. «Неспакойныя сэрцы нашыя, Пане, пакуль не спачнуць у Табе», — паўтарайма ўслед за святым Аўгустынам. Няхай гэта суцешыць. Бог дае іншы спакой. Дзейсны. Творчы. Не смерць, а паўнату жыцця. Мы перажываем на зямлі таксама і імгненні Божага спакою, але толькі як прадчуванне таго, што чакае ў вечнасці. Тут, на зямлі, каб узрастаць, нам неабходныя крызісы.


Юлія Шэдзько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней