Мець добрыя вочы. Досвед з Году Міласэрнасці

Калі заканчваецца нейкі перыяд, як цяпер заканчваецца Год Міласэрнасці ў Касцёле, можна падвесці вынікі перажывання гэтага часу. Для мяне гэты год не стаў часам прынагодных акцыяў і мерапрыемстваў, напоўненых міласэрнымі ўчынкамі: Айцец паказаў мне праблему зусім у іншым, чым я чакала.


Думаю, многім знаёмае такое перажыванне, калі ты суцэльна не задаволены сабою. Ты назіраеш за сваімі рэакцыямі, здольнасцямі — і цябе ўсё раздражняе ў самой сабе. Раздражняе недасканаласць перад абліччам дарагога Пана, раздражняе няздольнасць быць такою, якою вельмі хочаш. А самае большае, што раздражняе і кідае ў роспач — гэта сама наяўнасць твайго раздражнення. Атрымліваецца замкнёнае кола адчаю і страху.

Адзінае, што ратуе мяне ў такім стане, — гэта светлая ўпэўненасць, што Бог не пакіне мяне ў такім страшным перажыванні надоўга, Ён ужо цяпер прабіваецца да мяне, хоча ратаваць сваё дзіця. А мне застаецца толькі хацець гэтага ратунку.

Быць міласэрнаю да сябе

Радуючыся, што ў сваім жыцці я з дабрынёю стаўлюся да іншых людзей, не заўважыла, што асуджэнне, раздражненне і нараканне я скіравала на сябе. Мне патрэбна было дазволіць Богу і самой сабе міласэрна паглядзець на сваё жыццё. Бог пачаў вучыць мяне мець добрыя вочы. Толькі гледзячы на сябе з любоўю і добрымі вачыма, я змагу глядзець на іншых людзей таксама з любоўю. Калі я ненавіджу сябе, то не змагу любіць і іншых. Варта глядзець не на тое, якая я, а на тое, як Бог мяне любіць, засяроджвацца не на тым, што я павінна рабіць, а на тым, адкуль браць на ўсё сілы.

«Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады» (Мц 7, 18).

У пэўны момант я ўбачыла, што адною з крыніцаў майго ўнутранага крызісу з’яўляецца нездаровая засяроджанасць на пладах, якія я сама прыношу ў гэтым жыцці. Але Бог даў мне зразумець, што я не змяню пладоў, калі не буду змяняць свайго сэрца. Нават калі мне раней здавалася, што з гэтым фактам я разабралася, што гэта пройдзены этап, Бог усё роўна паказаў, што кожны раз трэба сачыць за схільнасцямі свайго сэрца. Трэба чуваць над «дрэвам», уважліва слухаць сваё сэрца, каб яно было перапоўненае любоўю, а не злосцю.

Стаяць у праўдзе

Бог не стварыў зла. Увесь свет — гэта дабро. Зло — не субстанцыя, гэта недахоп дабра. Чаго я шукаю ва ўсім? Чаго я шукаю ў сабе? Трыумфу пошуку зла ў чалавеку дасягнулі фарысеі, а Езус хоча навучыць нас шукаць дабро. Хто мае ў сабе дабро, той шукае дабро ў іншых.

Пераканаўшыся на практыцы, што мы — тое, пра што мы думаем, і што трэба змяняць мысленне, каб самому змяняцца, Бог скіраваў мяне на разважанне пра грэх. Калі раней я была перакананая, што грэх аддаляе ад Бога, то цяпер бачу праўду ў іншым: аддаляе ад Бога нават найменшае сумненне ў Айцоўскай любові і прабачэнні. Сцяна паміж мною і Богам — гэта плач над сваёю недасканаласцю, тады як больш дзейснаю ёсць засяроджанасць над Божаю любоўю, і гэтая засяроджанасць адразу адкрывае міласэрнасць Божую і дае надзею, сілы ісці далей. Бясконцая бескарыслівая любоў Айца пазбаўляе ілюзіі, што ты ўвогуле можаш стаць дасканалым.

У Брэвіярыі біскупа Юзафа Жыцінскага пасля яго смерці знайшлі такую малітву:

«Калі прачынаюся раніцаю, кажу так:
„Як мытнік Закхей, буду раздаваць,
як Сымон, буду насіць крыж іншых,
як Вераніка, буду выціраць твары,
як першамучанік Стэфан, дам сябе ўкаменаваць,
як Езус на крыжы, буду прабачаць,
як Францішак, буду любіць“.

Вечарам гляджу ў люстэрка і бачу:
Адама, які толькі што з’еў плод,
Каіна, які толькі што забіў,
Юду, які толькі што здрадзіў,
Пятра, які толькі што адрокся,
Пілата, які толькі што памыў рукі...
І засынаю на мокрай ад слёз падушцы.

А ноччу прыходзіць Езус і пытаецца: „Ці ты любіш Мяне?“»


Воля Качалка 

 

P. S.: Дарагія чытачы, дасылайце свае сведчанні перажывання Году Міласэрнасці ў электронным выглядзе на адрас рэдакцыі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней