З 28 чэрвеня па 2 ліпеня праходзіла пілігрымка па святых месцах Польшчы, якую арганізавалі для вернікаў святары з Ордэну Місіянераў Святой Сям’і. Пілігрымаў набралася два аўтобусы — з Узды, Дзяржынска, Энергетыка, Фаніпаля. Першую групу ўзначальваў ксёндз Дзяніс Шастаковіч (MSF), другі аўтобус суправаджаў ксёндз Аляксандр Вітко, які працуе ў Копылі. Многія з пілігрымаў ўпершыню былі ў Польшчы — краіна ўразіла ўсіх сваёю прыгажосцю, мноствам касцёлаў, а таксама людзьмі з непадробнаю ветлівасцю і шчыраю любоўю. Сёння некаторыя з гэтых пілігрымаў дзеляцца сваімі ўражаннямі і перажываннямі.
Як жа нам пашчасціла!
— Чэнстахова! Няма, напэўна, верніка, які б не марыў пабываць там. І як жа нам пашчасціла! На Ясную Гару мы не ішлі, а ляцелі, несучы ў сваіх сэрцах малітвы да Маці Божай Чэнстахоўскай. Санктуарый уразіў сваёй прыгажосцю, а таксама подыхам даўніны. Тут нібы спыніўся час. Нарэшце на свае вочы мы ўбачылі цудоўны абраз Чорнай Мадонны! Якая ж Яна прыгожая! У Чэнстахове мы пазнаёміліся таксама з цудоўнаю малітваю Apel Jasnogórski. Гэтаю малітваю людзі пацвярджаюць вернасць Богу і сваю гатоўнасць служыць Яму. У маім польскім малітоўніку ёсць скарочаны тэкст гэтай малітвы. І вось, калі загучаў арган і палілася цудоўная мелодыя з такім знаёмым тэкстам, я плакала ад шчасця і, як ніколі, разумела, што мы ўсе адно цэлае — і палякі, і беларусы, мы ўсе — дзеці Божыя. Аднак я па-добраму зайздросціла палякам...
Пасля малітвы мы засталіся на начное чуванне. Пачалося яно з Ружанца на беларускай і польскай мовах і суправаджалася спевам. Было вельмі радасна спяваць для Маці Божай на роднай мове. Потым кожны мог падысці да мікрафона і выказаць словы ўдзячнасці Айцу Нябеснаму. Мы дзякавалі за дар жыцця, за адроджаныя і новыя святыні на Беларусі, за ўсіх святароў, якія працавалі і працуюць у нашых мясцінах, за родных, блізкіх, сяброў і знаёмых і, вядома ж, за нашу краіну. Праводзіў начное чуванне рэферэнт па замежных справах Ордэну Місіянераў Святой Сям’і айцец Ежы Солтысяк, які вельмі таленавіта і з любоўю дзяліўся з намі сваімі ведамі і сваёю духоўнасцю. Нельга перадаць словамі тое, што перажывала душа, калі да кожнага з нас падыходзіў Эўхарыстычны Езус, якога ў манстранцыі насіў ксёндз Дзяніс Шастаковіч. Было адчуванне, што Збавіцель тут, побач, што прыйшоў менавіта да мяне з вялікаю любоўю і жаданнем аздаравіць. Ён пытаў, ці я згодна на гэта, і мне засталося з хваляваннем адказаць «так».
30 чэрвеня мы прынялі ўдзел у святой Імшы пры галоўным алтары ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці. Гэта сучасная, вельмі прыгожая пабудова ў выглядзе лодкі, якая ўражвае сваёй унутранай напоўненасцю і ўбранствам. Каля табэрнакулюма была цікавая кампазіцыя — дрэвы, з якіх моцны вецер пазрываў лісце і хіліць долу. А нам было ціха і спакойна. Ласкава свяціла сонца, душу напаўняла пачуццё паўнаты шчасця, бо нас абмываў сваёю Крывёю і Вадою Езус Міласэрны.
Затым мы наведалі Лагеўнікі, дзе жыла святая Фаўстына Кавальская. Просценькая келля, звычайныя рэчы, раскладзеныя па сваіх месцах. Здаецца, што святая Фаўстына выйшла на хвілінку па неадкладных справах і хутка вернецца, каб разам з намі ўзнесці малітву праслаўлення Божай Міласэрнасці.
Далей была экскурсія па старой частцы Кракава — па каралеўскім замку і касцёлах. Нас уразіла колькасць святых, якія нарадзіліся на польскай зямлі і плённа працавалі тут на хвалу Божую. Старажытныя касцёлы памятаюць іх малітвы, а брукаваныя сцежкі кракаўскіх вуліц — іх крокі...
Пілігрымка скончылася святою Імшою ў базыліцы Маці Божай Ліхэньскай. Прыгажосць і веліч гэтай святыні пераўзышла ўсе нашыя чаканні, як і ласка, якую мы там атрымалі. Ніякімі словамі гэтага не апішаш — там трэба пабываць самому, каб убачыць усё на свае вочы і перажыць усё сваім сэрцам...
Падарожжа было напоўнена добразычлівасцю, шчырымі ўсмешкамі, спевамі, малітвамі. Мы вельмі ўдзячныя Ордэну Місіянераў Святой Сям’і за матэрыяльную і духоўную дапамогу ў гэтай пілігрымцы. Асаблівая падзяка ксяндзу Дзянісу Шастаковічу за арганізацыю гэтай паездкі, а таксама за малітву ў нашых інтэнцыях, за цярплівасць, клопат і ўважлівасць да кожнага з нас.
Галіна Ліпай, г. Узда.
Закахалася ў Езуса Хрыста
— Гэтым летам я пабывала ў сваёй першай пілігрымцы па святых месцах Польшчы і цяпер дакладна ведаю, што няма нічога больш вялікага і значнага ў жыцці, чым адчуць на сабе Божую ласку, зведаць ні з чым не параўнальны смак неба. Выпраўлялася я туды звычайнаю верніцаю, але не мела ніякага ўяўлення пра тое, з якою ласкаю Божаю можна сустрэцца. Калі я прыйшла пасля пілігрымкі на працу, мае калегі ў адзін голас усклікнулі: «Вольга, ты закахалася!» Радасць перапаўняла маю душу, вочы свяціліся ад шчасця. Я зразумела, што сапраўды закахалася... у Езуса Хрыста.
Чатыры дні пілігрымкі я жыла сярод цікавых і ў большасці сваёй сапраўды веруючых людзей. Назірала за імі, слухала іх сведчанні, многаму вучылася. Па дарозе ў Лагеўнікі, дзе знаходзіцца Санктуарый Божай Міласэрнасці, а таксама кляштар, у якім жыла святая Фаўстына Кавальская, я пачытала невялічкую кніжачку «Езу, давяраю Табе». Яе мне дала адна з нашых пілігрымаў. Шчыра кажучы, я амаль нічога не ведала пра св. Фаўстыну і пра абраз Божай Міласэрнасці, не малілася і Вяночак да Божай Міласэрнасці. Дзякуючы гэтай кніжачцы і расказам той жанчыны я духоўна падрыхтавалася да сустрэчы з Езусам Міласэрным. Святую Імшу перажывала ўсім сэрцам, а ў канцы, калі заспявалі «Jezu, ufam Tobie», мяне ўсю нібы прабіла токам і з вачэй паліліся слёзы. Потым мне сказалі, што гэта Езус дакрануўся да майго сэрца. Я не ўпэўнена, што вартая такой ласкі Божай, але як бы я зноў хацела яе перажыць!
Потым мы былі ў Ліхэні, маліліся каля цудоўнага абраза Маці Божай. Прыгажосць і велічнасць святыні немагчыма апісаць, як і тое, што там перажывала душа. Вельмі ўразіла гара Галгота, ўзведзеная недалёка ад базылікі. Мы прайшлі з малітваю ўвесь Крыжовы шлях Езуса Хрыста, і я хачу ўпэўнена сказаць, што там не можа застацца абыякавым нават няверуючы чалавек.
Пасля гэтай пілігрымкі ўсё наўкола здаецца іншым і я ўжо іншая. Я — тая ж жанчына, тая ж маці, жонка, дачка, сястра, але ўжо і не тая. Раней я страшна гневалася на тых, хто мяне крыўдзіць, зневажае, а цяпер я за іх малюся. Прашу, каб пры мне не гаварылі брыдкія словы. Вырашыла адназначна: у нядзелю — ніякай працы.
Хачу сказаць, што ў сваім шчасці я не адзінокая. Разам са мною ў пілігрымцы былі яшчэ два чалавекі з маёй працы, якія таксама перажываюць эйфарыю ад гэтай паездкі. Я рада, што сваім сведчаннем мы запалілі амаль усіх сваіх калегаў па працы. Многія з іх мараць таксама пабываць у гэтых святых месцах, а некаторыя сказалі, што будуць хадзіць у касцёл. Дзякую Пану Богу за ўсе атрыманыя ласкі! Дзякую Ордэну Місіянераў Святой Сям’і за гэтую незабыўную, а для мяне лёсавызначальную пілігрымку.
Вольга Тушынская,
32 гады, г. Дзяржынск.
Не шкадую, што нават страціла працу...
— Я вельмі даўно марыла пра тое, каб трапіць у святыя месцы Польшчы. Шмат чула пра іх, бачыла на відэафільмах. І вось Пан Бог і Найсвяцейшая Маці пачулі мае малітвы. Я ўпершыню паехала ў пілігрымку ў гэту цудоўную і такую дарагую майму сэрцу краіну. Аднак за тры дні да ад’езду мне на працы сказалі, што мяне не адпускаюць. Дырэктар адмовіўся падпісаць маю заяву на адпачынак за свой кошт і сказаў, што звольніць, калі я не выйду на працу. Але я не магла не паехаць, я ўсё жыццё чакала гэтай пілігрымкі! Мае мары і надзеі мяне не падманулі. Я вельмі люблю Маці Божую, Яна са мною і ў горы, і ў радасці. І вось каля цудоўных абразоў Маці Божай Чэнстахоўскай і Маці Божай Ліхэньскай я даручыла Ёй усе мае праблемы, клопаты, перажыванні і радасці і вельмі выразна адчула, што Марыя мяне выслухала...
Як і абяцаў, дырэктар звольніў мяне з працы, але мяне гэта не засмуціла. Я зразумела, што такая воля Божая, а Найсвяцейшая Маці падрыхтавала для мяне нешта іншае. Мне было вельмі складана на гэтай працы, яна падрывала маё здароўе, але сама я не адважвалася яе кінуць. Усё, што ні робіцца, усё да лепшага, — сказалі мае родныя. Я да гэтага дадала, што на ўсё воля Божая. І я вельмі ўдзячная за гэта Пану Богу.
Алена Дзядко,
г. Дзяржынск.