Маці Божая. Кім Яна з’яўляецца для нас, вернікаў? Многія з нас Яе проста вельмі моцна шануюць і любяць, шмат моляцца Ёй, не стамляюцца прасіць у Яе паратунку. У іх кішэнях заўсёды ёсць ружанец, а калі раптам яго няма, то і гэта не стане перашкодай — яны моляцца тады ружанец на пальцах. Адзін хлапец аднойчы так і сказаў: «Магчыма, Пан Бог таму і даў чалавеку дзесяць пальцаў, каб ён мог, калі трэба, маліцца на іх ружанцовай малітвай».
Манахіня з Супольнасці Сясцёр ад Анёлаў Ванда Банішэўская ўспамінала ў сваім дзённіку, як яна ў часе свайго зняволення ў сталінскім лагеры рабіла ружанец з хлебнага мякіша. Хлеб для яе быў на вагу золата, але і ружанец таксама вельмі моцна хацелася мець. Дык і ашчаджала, а потым ляпіла з каштоўнага мякіша шарыкі і нанізвала іх на нітку… Калі энкавэдзіст знайшоў яе хлебны ружанец, то загадаў на ягоных вачах з’есці. Плакала, душылася крыўдай, болем і ела. А потым зрабіла зноў… І зноў малілася…
Наш кардынал Казімір Свёнтак распавядаў, як ён у часе свайго зняволення ў сталінскім лагеры кожнага дня абавязкова маліўся тры разы Вітай, Марыя… Прыгадваў, што нават у самыя цяжкія дні ён не дазваляў сабе прапусціць гэтую малітву, і сцвярджаў, што менавіта яна надавала яму сілы вытрываць у нялюдскіх умовах.
Неяк давялося пачуць ад аднаго пратэстанта: «Гэта ж якой чыстай, бязгрэшнай трэба было быць! Жывым табэрнакулюмам Яна была, бо цэлых дзевяць месяцаў насіла ў сабе Збаўцу свету!». І гэта, заўважым, словы пратэстанта!..
Магчыма, кожны з нас мог бы распавесці штосьці цікавае з практыкі свайго духоўнага жыцця, у якім на пачэсным месцы знаходзіцца Яна, наша Маці. Часам, як гэта ні парадаксальна, Яна становіцца нават прычынай нашага бунту, нязгоды, бо раптам камусьці з нас здасца, што ў нейкім касцёле альбо сярод нейкай групы вернікаў недастаткова надаецца ўвагі Ёй, Найсвяцейшай Панне Марыі. Што праўда, такі бунтар можа не памятаць, што сама Маці Божая была ціхая, непрыкметная, пакорлівая. Яна ніколі і нідзе не прагнула быць на першым месцы — заўсёды саступала яго свайму Сыну. «Яго слухайце…» — казала Яна гасцям на вяселлі ў Кане Галілейскай, а разам з імі і ўсім нам. Гэта ж Яна кажа нам і ў часе сваіх шматлікіх аб’яўленняў у розных кутках свету. Наша Маці не стамляецца нагадваць нам, якой дарогай нам ісці да Яго, з якімі намерамі, што прыносіць Яму ў дар.
Дык хто ж Яна для нас, вернікаў Касцёла на Беларусі? Вось што сведчаць пра Яе некаторыя з іх:
Андрэй Людвік Мікалаеў OPs, г. Мінск, грэка-каталіцкая парафія святога Міколы Цудатворцы
— Ave Maria! Найсвяцейшая Панна Марыя — найвышэйшая створаная Богам істота. Вышэй за Яе — сам Езус. Яна для мяне найбольш выразна прамаўляе ў таямніцы Звеставання і Беззаганнага Зачацця. Таму прашу ў Бога, каб мая недасканалая душа развівалася і дасканалілася ў табэрнакулюме святога ўлоння Багародзіцы, маёй Нябеснай Маці. Яна — наша Маці — прагне, каб мы ўсе — дзеткі Бога — сфармаваліся на ўзор Яе Сына. Ён паказаў усім нам дасканаласць Божага Дзіцяці-чалавека і сваім Евангеллем паклікаў наблізіцца да Яго, а сам наблізіўся да кожнага з нас.
На жаль, чалавечая недасканаласць часта адхіляе маю душу з таго праўдзівага шляху, па якім Яна мяне вядзе. І тады жыццёва важна як найхутчэй зноўку і зноўку з дапамогай Марыі вяртацца на той найдасканалейшы з усіх шляхоў — з Езусам у Марыі, у Езусе ў Марыі, праз Езуса ў Марыі — дзеля Езуса ў Марыі. Гэта абсалютна надзейны шлях з вялікай літары, бо Яна дзейнічае моцаю Святога Духа. Сам Дух Святы дзейнічае праз Яе, сам Езус сыходзіць і ўзыходзіць праз Яе.
Постаць Марыі не засціць для мяне Езуса, але адкрывае мне Яго ва ўсёй паўнаце і велічы (наколькі сам я гэта здольны адчуць і ўспрыняць). Вобразна кажучы, Марыя — наш маяк, які беспамылкова паказвае шлях да Зямлі Абяцанай у бязмежным акіяне людскога існавання, і найпрасцейшы шлях да Хрыста тады, калі наш уласны зрок не можа Яго ўбачыць.
Марыя — мая адзіная Валадарка. З добрай волі аддаў я Ёй усё, што меў, маю і яшчэ мецьму: усе моцы і дабро, якія ёсць ува мне, усялякую маю недасканаласць і слабасць. Яна — Пасрэдніца і Распараджальніца Божых ласкаў. Ахвяраю і ўладаю Хрыста Яна здольная перамяніць ува мне ўсё на лепшае і аддаць гэта Айцу Нябеснаму, нічога для сябе не пакідаючы, бо Яна — у Ім, без астатку самаадданная Нявольніца Любові Хрыста. І не сама Яна, але сам Езус у Ёй жыве і пануе. Гэта вельмі радасна — аддаць (і штодня ўзнаўляць гэтае адданне) сябе ў няволю любові нашай Нябеснай Апякункі. Што праўда, само паняцце няволі часта асацыіруецца з негатыўнай з’явай, але ў дадзеным выпадку гэтая найдасканалейшая няволя прычыніцца да найдасканалейшай свабоды: свабоды ад сатаны, усіх ягоных слугаў і ягоных справаў. Шляхам такой марыйнай духоўнасці для ўсё большага праслаўлення Бога праз Багародзіцу мяне накіраваў мой любімы святы — Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор.
Кацярына Цыганова, г. Віцебск, парафія святой Барбары
— Усе мае спробы наблізіцца да Марыі заўсёды вядуць да Езуса. Прыклад святога Максімільяна Кольбэ, які моцна Яе любіў, пакінуў глыбокі след у маім сэрцы. Гэты святы прыняў у спадчыну ад Маці Божай вялікую мэтанакіраванасць і любоў да Бога. А я, захапіўшыся ягоным подзвігам веры, таксама пасябравала са святым Максімільянам і рыцарствам Беззаганнай.
Марыя прыходзіць заўсёды, калі Яе запрашаеш. Яна рыхтуе ў нашых сэрцах месца для Хрыста і зноў далікатна, неўпрыкмет нібы аддаляецца, саступаючы месца Яму. Марыя для мяне — прыклад таго, як трэба імкнуцца служыць Пану Богу і аддаваць усю славу Святой Тройцы.
Словы Марыі: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова» сталі маёй асабістай кароткай малітвай на святой Імшы. Яны — мая адзіная просьба да Бога, калі я прымаю Яго Цела і Кроў.
Ціхае, нешматслоўнае жыццё Маці Божай — школа малітвы для нас, той малітвы, якая не засяроджвае на шматлікіх жаданнях і не перашкаджае тым самым Езусу прыходзіць да нас.
Алеся Вайцяховіч, г. Віцебск, парафія святой Барбары
— Для мяне Марыя — ціхая і глыбокая тайна. Але адначасна Яна і вельмі блізкая мне духоўна. У маленстве Найсвяцейшая Панна Марыя выратавала нашу сям’ю ад гібелі, і я ўсё жыццё буду дзякаваць Ёй за гэта. Тады Яна і стала маёй Маці, якая вядзе мяне да Езуса. На Эўхарыстыі я заўсёды прашу Яе падрыхтаваць маё сэрца да сустрэчы з Яе Сынам у святой Камуніі.
Цяжка ўвогуле гаварыць пра Тую, якая сама была нешматслоўнаю, але адчуваць Яе апеку і мацярынскі клопат заўсёды лёгка і радасна. Словы малітвы «Тваёй абароне...» сталі для мяне штодзённым даручэннем свайго сэрца Беззаганнаму Сэрцу нашай Нябеснай Маці. У ім я знаходжу для сябе надзейную бяспеку і спакой.
Вольга Давыдзенка OPs, г. Полацк, парафія святога Андрэя Баболі
— Колькі памятаю сябе ў Касцёле, столькі, здаецца, і малюся на ружанцы. Напачатку ўступіла ў «Жывы Ружанец святой Філамэны», бо гэтага вельмі хацела мая мама, потым, нават не магу растлумачыць, чаму, але запісалася яшчэ ў адно кола «Жывога Ружанца»…
Заўсёды старанна малілася ў кастрычніку, імкнулася не прапускаць ружанцовых набажэнстваў у касцёле, але, як цяпер разумею, сэрца маё пры гэтым маўчала. Мне цяжкавата было самастойна памаліцца ўвесь ружанец, хоць і разумела, што гэта вельмі важная малітва. Часта ўдзельнічала ў пілігрымках у Будслаў, Чэнстахову, а там таксама шмат моляцца на ружанцы. Потым я ўступіла ў трэці дамініканскі ордэн свецкіх вернікаў, а яго яшчэ называюць ружанцовым ордэнам.
Памятаю, на рэкалекцыях у Браславе, якія праводзіў наш духоўны настаўнік, айцец дамініканін Раман Шульц, я ўпершыню даведалася пра Пампейскую навэнну. І таксама пачала яе маліцца, а гэта ажно чатыры часткі ружанца штодня! Малілася, а сэрца па-ранейшаму маўчала. Мне нават самой сабе было сорамна прызнацца, што я не люблю гэтай манатоннай малітвы...
І вось Бог нядаўна зрабіў мне падарунак. Я ехала на мікрааўтобусе на «Вінаграднік» у Оршу. Узяла ў рукі Біблію, ружанец і нечакана для сябе пачала маліцца, а перад кожнай таямніцай — чытаць адпаведныя фрагменты тэксту са Святога Пісання. За дарогу я памалілася ўсе чатыры часткі ружанца! І мне зусім не было гэта цяжка альбо сумна. Я малілася з вялікай радасцю ў сэрцы! Я плакала і смяялася ад шчасця! Маё сэрца спявала Богу хвалу! За час дарогі ад Полацка да Оршы я пражыла жыццё Езуса ў сваім сэрцы. Гэта немагчыма апісаць! У мяне было адчуванне, што я пабыла на Небе. І нарэшце я ўсвядоміла, што ружанцовая малітва прыносіць мне… вялікую радасць!
Дзякую Пану Богу за гэтую вялікую міласэрнасць да мяне, далёка не лепшай Яго дачкі.
Кожную раніцу я прачынаюся цяпер з радасным адчуваннем ад таго, што неўзабаве зноў возьму ў рукі ружанец…
***
У кожнага з нас свой досвед марыйнай духоўнасці, але ёсць у ёй агульная рыса — любоў. Адна дзяўчынка ў пілігрымцы неяк сказала, што любоў да Марыі робіць нас лепшымі. І з гэтым нельга не згадзіцца. Яна робіць нас лепшымі вернікамі, лепшымі людзьмі, бо вучыць сапраўднай бескарыслівай любові, той, якая доўгацярплівая, ласкавая, якая не зайздросціць, не ганарыцца, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдаю (пар. 1Кар 13,4–6). Да гэтай высакароднай праўды мы можам дайсці з дапамогаю Марыі, бо калі ўдумаемся, то ў гэтым вызначэнні апосталам Паўлам любові мы знойдзем усе рысы нашай Нябеснай Маці. Не будзем жа стамляцца ісці па гэтым шляху разам з Марыяй…
Ірына Жарнасек