Што найперш прыгадваецца цяпер, пасля той нялёгкай дарогі з Полацка ў Росіцу напрыканцы ліпеня? Салёны пот, які безупынна ліецца па твары, 32° альбо й 35° у паветры, шалёная стома, мазалі на нагах? Бадай што, не. Прыгадваецца адразу цудоўны Алесін голас, што вольна разлятаецца па прасторы, голас, які ўсе мы з радасцю падхопліваем. Прыгадваюцца поўныя даверу Каціны просьбы да Усемагутнага, ціхія, удумлівыя словы сведчанняў Вольгі, Тані, Ірыны, Аляксандра… Ды яшчэ просьбы аб малітве за кагосьці, хто знаходзіцца ў патрэбе, за дзяцей, якім пагражае аборт, за тых хрысціянаў, што церпяць у гэтыя дні пераслед за сваё хрысціянства, за мір і спакой у свеце, за нашу сястру Украіну, што ў гэтыя самыя дні і хвіліны абліваецца крывёю…
Тэмай нашай сёлетняй пілігрымкі стала малітоўнае жыццё хрысціяніна — паводле абвешчанага Касцёлам Году малітвы. А таму, мабыць, кожны з нас усур’ёз аналізаваў на тым шляху, якія ж яны ёсць, мае стасункі з Тым, дзеля Каго і ў імя чаго ўсё гэта — доўгая дарога, пот на твары, агромністая стома і… вялікае шчасце, што напаўняе душу?..
Сёлета палачане змянілі крыху свой маршрут і пайшлі праз Дзісну, а значыць начлегу ў лесе пад спеў птушак і дакучлівы камарыны звон не будзе. Ідзем сабе ды паціху маракуем, як там нас сустрэне старажытная Дзісна. Пасля 42-х км шляху важна, вядома, не проста адпачыць, але адпачыць добра...
Густы лівень уварваўся на наш шлях літаральна з неба. Маланкі, грымоты амаль над галавой, град… Дзіўна, але гэта, аказваецца, у пілігрымцы зусім не страшна, а нават радасна. Пасля такой духмені й спёкі такі лівень, нібы жаданы душ.
Пробашч дзісненскай парафіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч сустрэў нас яшчэ на тэрыторыі Полацкага раёна — не церпілася яму ўбачыць на свае вочы неспадзяваных гасцей, дык і выехаў разам з адной парафіянкай насустрач. Паразмаўлялі трохі — ды зноў у дарогу: што ж губляць час, ён для нас сёння сапраўднае золата, бо мусім прыйсці ў Дзісну да змяркання.
Старажытная Дзісна. Ідзем нарэшце па яе вуліцах, пераходзім мост праз раку… Касцёл! Увесь у рыштаваннях. Гляджу і не веру сваім вачам, бо памятаю ягоныя балючыя груды з 90-х гадоў, памятаю тую Імшу сярод развалінаў, з якой адраджалася ў Дзісне каталіцкае жыццё, памятаю, як высока ўзнімаў на той Імшы Цела Хрыста цяпер ужо святой памяці ксёндз Уладас Пятрайціс… «Свечкі на скразняку» — так называўся мой артыкул пра тую несумненна гістарычную падзею для Дзісны ды і для ўсяго Касцёла на Беларусі. Дзякуй Табе, Божа: тыя свечкі веры не пагаслі, цяпер яны палымнеюць ва ўтульнай невялічкай капліцы, зрэшты, на тым самым месцы…
Адпачылі мы ў Дзісне вельмі добра і назаўтра зранку наперабой дзяліліся ўражаннямі. Бывалыя пілігрымы, хто не першы раз ішоў у Росіцу з Полацка, згадзіліся, што новы маршрут першага дня пілігрымкі хоць і даўжэйшы, але затое ж які цудоўны ягоны фінал! Вырашылі, што заўсёды цяпер будзем хадзіць гэтай дарогай, а старэйшыя ціха дадалі: «Калі Бог дазволіць». Ну так, усё ў Ягоных руках: пілігрымкі, нашыя шляхі-дарогі, кожны наш дзень.
Пасля Імшы ў дзісненскай капліцы, пасля цёплага развітання з пробашчам ды парафіянамі — зноў у шлях. Перапраўляемся на пароме цераз Дзвіну, што, вядома ж, выклікае масу пазітыўных эмоцый, і ўжо з парома развітваемся — махаем рукамі гасцінным дзісненцам, якія прыйшлі нас праводзіць. А калі ступаем з парома на зямлю, апынаемся адразу на Верхнядзвіншчыне. Бывай, значыць, Мёршчына!
Пасля канферэнцыі на лясной паляне, у ценю задуменных ялінаў, ідзем, прыціхлыя, — думаем. Так хочацца, каб нашае духоўнае жыццё было свабодным ад усялякага фальшу, удавання значнасці там, дзе яе няма, каб нашая малітва не ператваралася ў бясконцае, часам бяздумнае мармытанне. Каб яна заўсёды была размовай з Тым, Каму ты давяраеш, на Каго спадзяешся, па Кім сумуеш!.. Усяго гэтага немагчыма дасягнуць без жывых адносінаў з Тым, Хто трымае цяпер у сваіх далонях наш разварушаны войнамі ды нязгодамі свет.
— Як вы лічыце, — адрывае неспадзявана мяне ад думак маладая дзяўчына, — любоў да Божага слова — гэта воля самога чалавека альбо гэта ўсё ж Божая ласка?
Паволі кажу пра тое, што, на маю думку, абавязкова патрэбна і адно, і другое. Бо што мы можам учыніць без Яго ласкі? Але калі самі не будзем вучыцца распазнаваць яе, супрацоўнічаць з ёй, дзякаваць за яе, то многія нашыя намеры ды найлепшыя планы так і застануцца планамі ды намерамі. Хіба так?
Сведчанні. Вельмі люблю, калі людзі дзеляцца паміж сабою тым, як Пан Бог дзейнічае ў іх жыцці. Перакананая, што кожны з нас проста абавязаны сведчыць пра гэта ўсюды: у сваёй сям’і, перад сябрамі і знаёмымі, перад незнаёмымі, выпадкова сустрэтымі людзьмі. Мусім сведчыць пра Хрыста дома і на працы, на адпачынку, у пілігрымцы, на старонках часопісаў ды газет — усюды. Да гэтага нас заклікае сучасны Касцёл. Слухаю адно, другое, трэцяе сведчанне і разумею, што час пілігрымкі найбольш адпаведны для такой шчырасці, удумлівасці, аналізу таго, што адбываецца з табой і з тымі, хто ідзе побач у гэтым пілігрымаванні.
...У капліцы святога Антонія ў Боркавічах нас, як заўсёды, сустрэлі гасцінныя парафіяне. Іх тут няшмат. Тым даражэйшым і смачнейшым становіцца ўсё, што яны па сваёй дабрыні згатавалі для нас.
Яшчэ адна канферэнцыя. Яна зноў пра малітву. На гэты раз пра тое, што кажа Святое Пісанне пра яе. Разам з намі прамову слухаюць боркавіцкія парафіяне — усе мы змясціліся ў засені вялізнага дрэва, здаецца, ясеня. Пасля Боркавічаў нас чакае не самы лёгкі адрэзак пыльнай гравейнай дарогі. На ім самы час адказаць на такое простае пытанне пра тое, як суадносяцца нашыя шматлікія Ружанцы, літаніі, навэнны з нашым штодзённым жыццём. Адказаць не камусьці, а самому сабе. Прынамсі, пакуль што. Пакуль яшчэ доўжыцца час нашага зямнога пілігрымавання. Бо калі паміж малітвай і жыццём існуе супярэчнасць, калі насамрэч няма ў нас адносінаў з жывым Богам, які не калісьці там даўно, а сёння дзейнічае ў жыцці, калі насамрэч няма даверу да Яго слова, калі, зрэшты, мы не ведаем гэтага слова, не сілкуемся ім штодня, а значыць і не здольныя распазнаваць Божыя шляхі, Яго дзеянне, ласку, дары, то якія ж тады мы выканаўцы Яго слова?..
Валынцы. Старажытныя Валынцы з разбуранай, знішчанай да падмуркаў прыгожай святыняй — касцёлам святога Юрыя, з Забельскай дамініканскай акадэміяй, чыя слава разносілася далёка за ваколіцы гэтага мястэчка. Акадэмія таксама знішчана разам з унікальнымі каталіцкімі могілкамі, якія так і не аправіліся ад нашэсця вандалаў у 90-я гады мінулага стагоддзя. Начуем у гасціннай утульнай школе, што стаіць побач з высозным крыжам на месцы былога касцёла. Дзякуй гэтым добрым людзям, якія штогод нас тут сустракаюць. Іх няшмат, але іх дабрыня такая вялікая, што яе хапае на ўсіх нас.
Да Верхнядзвінска дарога ўжо трохі лягчэйшая, не надта доўгая. Таму, як і штогод, сёння даўжэйшы адпачынак са смачным абедам з традыцыйным халадніком, смачней за які няма нічога на свеце. У Верхнядзвінску сыходзяцца, як звычайна, тры пешыя пілігрымкі: наша з Полацка, з Друі і з Барысава. Таму гэты гарадок увечары напаўняецца спевамі, смехам, радаснымі сустрэчамі даўно знаёмых людзей ды новымі знаёмствамі.
Уранні мы ўсе разам выходзім адсюль, з колішняй Дрысы, з той самай, адкуль благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч выехаў у лютым 1943-га насустрач сваёй смерці. У Росіцу. Яго папярэдзілі, што над Росіцай навісла пагроза карнай акцыі гітлераўцаў, а значыць яму не варта вяртацца туды. Але ён не змог не вярнуцца. Не змог не пайсці насустрач сваёй смерці. Чаму? Бо ягонае малітоўнае духоўнае жыццё было ў поўнай адпаведнасці з тым, як ён жыў у штодзённым звычайным жыцці. Гэтак жа, як і жыццё благаслаўлёнага Юрыя Кашыры. Іх мучаніцкая смерць стала лагічным завяршэннем таго, што яны прапаведавалі, чаму навучалі іншых. Гэтаму ж яны вучаць і сёння ўсіх нас, хто зазвычай два разы на год прыходзіць альбо прыязджае ў Росіцу. Вучаць жыць і паміраць з Хрыстом.
Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.