11 мая 2018.
Сёння нечакана ўспомніла пра сваіх хросных дзяцей, у мяне ж іх два, «хлопчык і… хлопчык». Хто б мог падумаць, я ўжо дзесяць гадоў Мацеева мама і чатыры — Сашкава. І што я за мама?
Успомніла, як падчас Мацеевага хросту я першы раз у сваім жыцці чытала «Ойча наш…» на царкоўнаславянскай мове і ледзь не зламала сабе язык, з абурэннем думаючы: «І што, яны гэта на памяць ведаюць?» Я, мой кум, як і Мацеевы бацькі, былі з катэгорыі тых дарослых людзей, якія на пытанне святара «Чаго просіце ў Касцёла Божага для вашага дзіцяці» адказваюць: «Здароўя». Гэта называецца проста — няверуючыя.
Успомніла, як Сафія папрасіла мяне быць хроснаю маці ў Сашкі. Благаслаўлёнае дзіця, праз якога Езус Хрыстус нарэшце мог увайсці ў маё жыццё. Штосьці дало мне ўпэўненасць і смеласць (а «штосьці» — свецкае імя Духа Святога) сур’ёзна падрыхтавацца да Сашкавага хросту і ў дваццаць тры гады першы раз у жыцці з усёю вераю, на якую я была тады здольная, прыступіць да сакрамэнту Эўхарыстыі.
Дзесяць гадоў я хросная маці для Мацея і чатыры — для Сашкі.
І што я за маці? Сёння перачытвала дзённікавыя запісы трохгадовай даўніны…
2 лютага 2015.
Апошнія дні асабліва горача малюся за Мацейку. Нават не магу ўявіць, адкуль бярэцца ўва мне такі духоўны запал. Я прашу Пана аб тым, каб Ён проста быў з гэтым асаблівым дзіцем, менавіта так, ён асаблівы. Не таму, што ён мне родны, пляменнік, а таму што Бог з ім. Малюся, каб аднойчы і ён быў з Богам.
21 лютага 2015.
Сёння размаўлялі з сястрою. Яна расказвала пра Мацееву пакупку. Пайшлі, кажа, у кнігарню выбраць яму штосьці новае, каб чытаць перад сном. Яна яму энцыклапедыю пра машыны, яна яму — Грыгорыя Остэра і Жуля Верна, а ён знайшоў на кніжнай паліцы Евангелле для дзяцей і сказаў: «Вось гэта будзем браць». Адмовіць не ўдалося. Калі я гэта пачула, то зразумела, што значыць, калі радасць — да неба. Без аніякага пераноснага значэння. Цяпер я разумею, ад Каго паходзіў мой запал і ад Каго — Мацеева новая Кніга. Дзякуй, Езу!
28 лютага 2015.
Сёння сястра напісала мне, што Мацей кожны вечар сам ідзе ў свой пакой, кладзецца і чытае. Чытае Евангелле. Не трэба ні прымушаць, ні ўгаворваць. А яшчэ малы не так даўно перайшоў у іншую школу, дзе ў яго пачаліся заняткі па асновах рэлігіі. Гэта яго любімы ўрок. Ці магу я сказаць штосьці яшчэ, акрамя таго, што веліч нашага Пана нязмерная?!
19 ліпеня 2015.
Я еду цягніком з Віцебска — гасціла ў Дашы, маёй сяброўкі. Я падзялілася з ёю Мацеевай гісторыяй з Богам. Поўная радасці і праслаўлення, я расказала ёй пра тое, як Пан пасеяў першыя зярняткі веры ў гэтым дзіцяці. Даша нечакана ўстала з канапы, на якой мы сядзелі, і з верхняй кніжнай паліцы выцягнула тоўстую, бледна-ліловую кнігу — гэта была Біблія для падлеткаў, якую яна атрымала падчас свайго хросту ў баптысцкай царкве. «Трымай, — кажа, — няхай Мацейка чытае». Я заўважаю, што часам не магу змясціць у сабе ўсёй радасці і здзіўлення ад падзеяў, якія адбываюцца вакол мяне. Зноў шчаслівая, я еду да малога з падарункам.
20 ліпеня 2015.
Была ў сястры. Мацейкі дома не было, таму пра падарунак я расказала ёй, дастаючы з заплечніка тую самую тоўстую кнігу бэзавага колеру. «Ведаеш, — сказала яна, — мне б не вельмі хацелася, каб ён гэтым так захапляўся. Легенды павінны заставацца легендамі, а ён у гэта верыць». Я не знайшла словаў, каб неяк адрэагаваць на яе словы…
Сёння ўспамінаю, як я тады злавалася на сястру, нібы гэта я разгарнула ўсю «евангелізацыйную дзейнасць». Але гэта не я. Я толькі малілася, а плады і вынікі, ужо бачныя і яшчэ няяўныя, — не мая заслуга. Сёння ў мяне ўзнікаюць новыя пытанні. Напрыклад, што я як хросная маці магу зрабіць дзя дзіцяці ў сітуацыі, калі бацькі супраць таго, каб іх сын ці дачка верылі ў Езуса Хрыста? Употай размаўляць з ім пра Бога? Заўзята даказваць яго бацькам, на чыім баку праўда? Так хочацца, каб Касцёл даваў канкрэтныя парады, як быць у такой сітуацыі. А ён, як Хрыстус, пакідае нам свабоду дзеяння.
15.05.2018.
Касцёл запытаў мяне: «А ты, несвятая хросная, ці гатовая дапамагаць бацькам гэтага дзіцяці выконваць іх абавязак?» «Гатовая», — адказала я тады. Так, я гатовая да-па-ма-гаць, але кідацца «на амбразуру» я не маю права. У дзіцяці ёсць бацькі. Яны прынялі на сябе абавязак выхоўваць дзіця ў веры, не я. Гэта ім Бог аказаў такі вялікі давер, і я не маю права сказаць Яму: «Пане, Ты што, не бачыш?!» Бог даў бацькам свабоду выбару, і хто я такая, каб яе ў іх адбіраць. Калі так, ці ж магу я цяпер сесці, скласці ручкі і чакаць у гэтай маёй «гатоўнасці» невядома колькі? Вядома ж, не. Пан ужо паказаў, што трэба рабіць — маліцца і па магчымасці ціха сведчыць пра ўласную веру ўчынкамі, словамі, позіркам, які прымае, які не асуджае. А астатняе — справа Яго рук. Іншае пытанне, ці гатовая я выконваць гэтыя маленькія абавязкі, якія на мяне як хросную маці ўскладзены сёння? Можа, з-за таго, што не гатова, Бог і не давярае мне большага скарбу?
Несвятая