Мы розныя, мама… З ліста дачкі

…Мама, мы з табою зусім розныя. Я не ўяўляю раніцу без кубачка моцнай кавы, а ты заўсёды п’еш толькі гарбату. Я жыць не магу без кіно, а ты праводзіш вечары з кнігаю і не абмінаеш ніводнай кніжнай крамы ў горадзе. Ты з радасцю займаешся агародам і разводзіш кветкі, а я ўсё дзяцінства цярпець не магла выезды на лецішча і марыла застацца на выходныя дома. Ты цалкам абыякавая да музыкі і не ўспрымаеш нічога сур’ёзней за песні, якія перадаюць па радыё, а я выбрала для сябе прафесію піяністкі.


У дзяцінстве мне так хацелася, каб ты заўважала, як лёгка я вывучыла гамы, як выразна я граю той урывак з мазуркі Шапэна, які доўга мне не даваўся, але ты не звяртала ўвагі. Цяпер я разумею, што ты проста не магла заўважыць і зразумець, а тады… мне было вельмі крыўдна і я злавалася, надоўга замаўкала, нават думала збегчы. Наогул, я часта на цябе крыўдавала. Памятаю, як напісала для цябе песню, а ты, не даслухаўшы, пачала пляскаць у паўзе, і я не стала граць да канца. Памятаю, як я сядзела побач з настаўніцаю і, учапіўшыся за яе руку, у захапленні слухала ўпершыню, як Глен Гульд выконвае «Англійскія сюіты» Баха, і марыла, што слухаю гэтую музыку побач з табою, што гэта ты мякка пагладжваеш маю далонь і гэтак жа моцна, як я, адчуваеш незямную прыгажосць мелодыі. Памятаю, як плакала перад паступленнем у музычную вучэльню, бясконца рэпетавала праграму, а ты не магла зразумець, чаму я хвалююся, у мяне ж так добра атрымліваецца. Ты нават, не зразумеўшы прычыны майго страху, сказала, што, магчыма, лепш будзе давучыцца ў школе і спакойна пайсці на мехмат, як ты і тата, а граць дома, для сябе… Я марыла, што аднойчы і ты палюбіш тое, без чаго я не ўяўляю свайго жыцця, але ты не палюбіла.

Затое ты любіш мяне. Проста мы розныя, мама. Цяпер я гэта разумею. Ты любіш мяне, як умееш, але не так, як мне заўжды хацелася. Аднак без цябе я не справілася б, не змагла б стаць тою, якою стала. Ты пасля працы заўсёды чакала мяне, малую, у музычнай школе. Гэта ты ўгаварыла тату паставіць фартэпіяна ў нашай маленькай кватэры, каб я магла займацца, калі толькі пажадаю. Ты заўсёды сачыла, каб я не забывалася паесці і ў час засынала. Ты збірала ноты, якія я пакідала на ўсіх сталах і ва ўсіх шуфлядах, і раскладвала іх па парадку. Калі я не магла заснуць перад адказным выступленнем, то раніцай і ў цябе бачыла цені пад вачыма… Напэўна, я рэдка гаварыла табе «дзякуй» за той штодзённы клопат, якім ты заўсёды атуляла ўсіх нас, але цяпер я скажу: мама, я вельмі цябе люблю.

Каб любіць і шанаваць цябе, мне зусім не патрэбная наша аднолькавасць. Я буду размаўляць з табою пра надвор’е, пра кнігу, якую ты цяпер чытаеш, і пра новы гатунак памідораў, якія ты вырасціла, хоць наўрад ці распавяду пра цяжкасці, з якімі развучвала новы канцэрт, або пра маладога японскага кампазітара, якога адкрыла для сябе. Я дакладна ведаю, што калі запрашу цябе з татам на сваё выступленне, ты абавязкова прыйдзеш, бо любіш і цэніш мяне, хоць і не адрозніваеш сі-бемоль ад соль-дыеза. Ты радуешся маім поспехам, я гэта ведаю, і нават калі заснеш на палове канцэрта, я не пакрыўджуся, бо галоўнае, што ты прыйшла. Я спадзяюся, што нам удасца з табою знайсці нешта агульнае, нешта, што мы абедзве будзем аднолькава любіць і аднолькава захапляцца, але нават калі гэта не ўдасца, я не перастану цябе любіць, бо любоў і пашана да цябе — гэта зусім не пра музыку і нават не пра душэўную род­насць, а пра безумоўнае прыняцце блізкага чалавека, якому ты мяне навучыла. Няхай мы будзем вельмі розныя, затое любіць мы можам аднолькава.


Твая дачка

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней