«Я працую псіхолагам у мінскім хоспісе для дарослых...» Некалькі момантаў з жыцця

Вось ужо 4 гады я працую псіхолагам у мінскім хоспісе для дарослых: 3 гады ў бальніцы паліатыўнага дагляду, дзе знаходзяцца пацыенты з тэрмінальнай стадыяй анкалогіі, 1 год — у аддзяленні сястрынскага дагляду, дзе ляжаць пацыенты з дэменцыяй, энцэфалапатыяй, хваробай Альцгеймера, рассеяным склерозам, постінсультнымі і постінфарктнымі станамі.


Часам мы баімся закранаць пытанні, звязаныя са старэннем чалавека, з цяжкімі захворваннямі, са смерцю. Людзі не ведаюць, як пра гэта гаварыць, як паводзіць сябе з цяжкахворым чалавекам, як кантактаваць з паміраючымі і суцяшаць таго, хто перажывае гора.

Зусім невялікая колькасць псіхолагаў працуе з такімі людзьмі. Гэта цяжкая і амаль не аплатная праца, якая патрабуе шмат ведаў і душэўных высілкаў, а таксама пастаяннага самаўдасканальвання. Але мы ўсё ж такі ёсць! А нашыя пацыенты ўмеюць і жартаваць, і весяліцца, і смяяцца, і вырашаць сур’ёзныя жыццёвыя пытанні.

Сур’ёзнае і ўважлівае стаўленне да кожнага асобнага чалавека менавіта як да асобы з яе чароўным, непаўторным, бясконца цікавым унутраным светам і знешняй прыгажосцю, якая заўсёды ёсць, робіць сапраўдныя цуды. Пра гэтыя цуды я і пішу ў сваіх артыкулах, адзін з якіх прапаную чытачам.

…Старшая медсястра вывезла на вуліцу чатырох пацыентаў у інвалідных вазках. Яны адпачываюць на свежым паветры ў ценю дрэваў, што растуць ля сценаў гаспадарчага доміка. Дзве бабулі за 90 і мужчына ды жанчына каля 60-ці. У бабуляў цудоўная памяць — лепшая, чым у некаторых маладых. У мужчыны пасля інсульту — парушэнне мовы. Ён можа прамаўляць толькі адно двухскладовае слова: ха-ці, ха-ці — толькі гэта і пачуеш ад яго. Але звернутую да яго мову ён разумее. У жанчыны таксама калісьці быў інсульт. Наступствы — кагнітыўнае зніжэнне, бывае дэзарыентацыя ў часе, парушэнне памяці. Але характар у яе вельмі жыццярадасны: яна любіць жартаваць і смяяцца.

Я размаўляю з усімі чатырма пацыентамі адразу — гэта групавая тэрапія. Раптам Аня (так завуць нашую вясёлую пацыентку) кажа мне: «Марына, хачу нешта сказаць табе на вушка. Нахіліся ніжэй, каб нас ніхто не чуў». Я на­хіляюся над Аняй, а яна шэпча, усміхаючыся: «Гэты мужчына такі прыгожы! Ён мне вельмі падабаецца. Як яго завуць? Я хачу з ім паразмаўляць». «Гэта Леанід, — адказваю я. — Але ж ён, на жаль, можа вымаўляць толькі адно слова». «Нічога страшнага, — усміхаецца Аня. — Я буду гаварыць, а ён няхай слухае».

Леанід і Аня цудоўна разумеюць адно аднаго. Бабулі з цікавасцю назіраюць за тым, што адбываецца. Я таксама звяртаю ўвагу на Леаніда і ўпершыню заўважаю, што ён сапраўды прыгожы. Да адной з бабуляў прыходзіць дачка, і яны ад’язджаюць у іншае месца, а другой бабулі я прапаноўваю пакатацца вакол бальніцы. Яна з задавальненнем пагаджаецца. Зрабіўшы некалькі кругоў, мы ізноў вяртаемся да доміка.
Ярка-вішнёвы жук паўзе па светлай сцяне. «Ха-ці! Ха-ці!» — радасна крычыць Леанід, паказваючы на яго рукой. «Брат жук вырашыў завітаць да нас у госці», — кажу я. «Прыгожы!» — кажуць бабулі.

Напэўна, так захапляцца братам жуком умеюць толькі дзеці і, вядома ж, так умеў захапляцца ўсім жывым святы Францішак Асізскі. Жук яўна не чакаў такой павышанай увагі да сваёй асобы і таму быў крыху збянтэжаны. Яшчэ некалькі хвілінаў ён працягваў дэманстраваць усім прысутным свае крылцы, падобныя да маленькіх вішанькаў, а потым распрастаў іх, узняўся ў вышыню і паляцеў наведваць ігрушу, якая расце на тэрыторыі бальніцы.

«Ха-ці, ха-ці», — расчаравана і пакрыўджана прамовіў Леанід, паказваючы на апусцелую сцяну доміка. А мы пачалі яму тлумачыць, што жук паляцеў, бо ў яго таксама ёсць пэўныя справы, якімі ён мусіць займацца.

На ганку бальніцы з’яўляецца медбрат: прыйшоў час забіраць пацыентаў на абед, пасля якога будзе ціхая гадзіна. Пацыенты адпачываюць, а я пішу артыкул пра нашыя сустрэчы з імі, пра нашыя размовы, успамінаю розныя цікавыя выпадкі з жыцця бальніцы.

Учора ў бальніцу прыходзіў ксёндз — айцец Аляксандр. Яго чакалі пяцёра католікаў і адзін пратэстант. Ксёндз удзяліў вернікам сакрамэнт намашчэння хворых. Чатыры католікі прынялі святую Камунію, а з пратэстантам ксёндз паразмаўляў і памаліўся за яго.

Мы з медсястрою па доглядзе за хворымі, пані Алаю — таксама каталічкаю, маліліся разам з ксяндзом. Наведванне хворых не абышлося і без смешных момантаў. Ксёндз настаўляе бабулю: «Пасля таго, як я памалюся, скажыце, калі ласка, „амэн”. Зразумелі?» «Зразумела», — адказвае бабуля ледзьве чутна. Ксёндз заканчвае маліцца. «Амэн!» — гучна і выразна прамаўляе праваслаўная бабуля з суседняга ложка…

Калі ксёндз заходзіў у палаты, некаторыя праваслаўныя вернікі таксама пачыналі маліцца і жагнацца, а іншыя ўважліва слухалі яго.

Пасля наведвання айцом Аляксандрам бальніцы жыццё ў ёй зрабілася крыху лепшым і весялейшым. Прынамсі псіхолагі адразу гэта адчулі.

Я ўспамінаю нашае знаёмства з пацыенткаю Зінаю, якой ужо, на жаль, няма ў жывых. Яна размаўляла са своеасаблівым акцэнтам: звычайна так палешукі размаўляюць. Калі я пацікавілася, адкуль яна родам, Зіна адказала, што з усходняй Украіны. Ёй было 86 гадоў, гэта была ляжачая пацыентка. Я спытала ў Зіны, ці ёсць каму яе наведваць.

— Так, — адказала яна. — Дачушка будзе прыходзіць і сын, і іншыя сваякі.
— У Вас двое дзяцей? — удакладніла я.
— Так, два сыны, — пацвер­дзіла яна.
— А дачушка?
— Гэта я так нявестку называю, бо вельмі добрая яна ў мяне, — усміхнулася Зіна.
— О, пашанцавала ёй з Вамі! — кажу я.
— Дый мне з ёю! — ізноў заўсміхалася яна. — Мне ўвогуле з лю­дзьмі шанцуе: толькі добрыя людзі сустракаюцца на маім жыццёвым шляху!

…Ціхі час заканчваецца. Праз акно ардынатарскай бачна, як у двор бальніцы заходзяць валанцёры — дзве дзяўчыны і два хлопцы. Пацыенты ўжо з нецярплівасцю чакаюць іх. За сценамі бальніцы — пагодны вечар. Самы спрыяльны час для шпацыру, на які хтосьці з пацыентаў выйдзе на сваіх ножках, трымаючы пад руку валанцёра, а кагосьці валанцёры вывезуць на вуліцу на інвалідным вазку. Добра, што і на жыццёвым шляху нашых пацыентаў, і на жыццёвым шляху супрацоўнікаў бальніцы і валанцёраў сустракаецца так шмат добрых людзей.


(Імёны пацыентаў змененыя)

Марына Баброўская
псіхолаг, Мінск

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней