«У тым сне я ўбачыў святога Яна Паўла ІІ...»

Сімволіка сну здаўна хвалявала і непакоіла людзей розных эпохаў і часоў. Для многіх (як для мяне) сон — гэта мост, месца сустрэчы зямной рэальнасці і рэальнасці іншага кшталту, а чалавек — гэта пасрэднік, праз якога прамаўляе іншая рэальнасць. І таму ўвесь час чалавек намагаецца зразумець шыфр і код таго, што мы называем вечнасцю.


Гэтай вясною, калі ўсіх нас напаткала вялікая бяда, Covid-19, да мяне прыйшоў сон, які, думаю, нясе ў сабе нешта важнае і нават можа стацца знакам надзеі. У тым сне я ўбачыў святога Яна Паўла ІІ. Ён быў убраны ў белую сутану, пасярод нейкай залы, поўнай людзей. Ян Павел ІІ стаяў на ўзвышэнні, зусім самотна, адасоблена. Зала была невялікая, светлая, хутчэй нагадвала хол ці вакзальную залу чакання, было шматлюдна, нават тлумна, але панавала поўная цішыня. Людзі выглядалі як свецкія абывацелі, а не як пілігрымы, то бок, самыя звычайныя людзі, без асаблівых прыкметаў.

Я прайшоў уперад і стаў чакаць. Людзі стаялі шэрагамі, дзесьці невялікімі групамі, але досыць арганізавана. Напачатку была цішыня, але раптам я пачаў чуць гул. Спярша зусім ціхі, але з кожным словам ўсё больш яўны, гучны і акцэнтаваны. Ян Павел ІІ прамаўляў... Прамаўляў упэўнена, спакойна і нетаропка. Гэта не была прамова экзальтаванага трыбуна, не гняўлівая філіпіка, не салодкі спеў рапсода. Не. Гэта была шчырая, адкрытая прамова чалавека, які шукае сэрца і душу суразмоўцы, гэта быў заклік да дыялогу, пошук сябра, прыяцеля, а не апанента.

Святы Ян Павел ІІ у гэтай прамове казаў пра вялікі боль і цярпенні ад пандэміі, казаў аб сваёй салідарнасці з церпячым чалавекам. Адказам на гэты выклік, казаў Ян Павел ІІ, мусіць быць чысціня... Чысціня — гэтае слова шматкроць паўтаралася ім... Таксама Папа сказаў аб Крыжы, і аб тым, як важна яго ўтрымаць у такі драматычны, балесны момант. Падчас гэтае прамовы ў Папы бесперапынна цяклі слёзы, якія струменьчыкамі пазначалі абрысы яго твару...

Было ціха, чуліся толькі словы...

Нараніцу, прачнуўшыся, я зразумеў, што у маёй галаве панавала толькі гэтае слова: чысціня. Мяркую, што ў гэтым слове ёсць нейкі адказ на балючыя, драматычныя пытанні часу, у якім мы жывем. У гэтым слове і таямніца, і заклік, і пасланне. Можа быць, гэты заклік тычыцца не толькі мяне асабіста, можа быць у гэтым закліку кожны знойдзе нешта важнае і неабходнае для сябе. Мажліва, у гэтай чысціні і ёсць наш адзіны паратунак…


Максім Крывіцкі
Фота: Adam Bujak / Biały Kruk

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней