Нават калі перажываем цяжкія часы, усё адно Вялікдзень з намі

Я стаяла каля кухоннага стала, хутка складаючы ежу ў лядоўню і ставячы брудны посуд у мыйку. Мой трохгадовы сынок прайшоў міма ў мініяцюрным бела-блакітным «арнаце», які быў накінуты на яго маленькае цела, калі ён «цэлебраваў святую Імшу». «Пан уваскрос, аллелюя! Гэта маё казанне», — заявіў ён.


«Якое ідэальнае казанне!» — падумала я. Раней я чула ад яго доўгія і прыгожыя «казанні», аднак у гэтым ёмістым выказванні мой сын агучыў дакладны напамін пра тое, што патрэбна свету менавіта цяпер: Пан уваскрос, аллелюя!

Увесь свет цяпер перажывае вялізарны крызіс, што моцна паўплывала на нашае святкаванне Вялікадня. Замест таго, каб збірацца ў касцёлах, каб адсвяткаваць Уваскрасенне Пана, многія з нас сядзелі перад экранамі камп’ютараў і тэлевізараў. Замест таго, каб падзяліцца радасцю гэтага свята, сустракаючыся з сям’ёй і сябрамі, многія з нас могуць спадзявацца толькі на тэлефонныя званкі або відэасустрэчы. Для многіх людзей гэта дзіўны і цяжкі час, а тыя, хто не можа прыступаць да сакрамэнтаў, гэты Вялікдзень перажываюць як перыяд Вялікага посту.

Апосталам і іншым веруючым ранніх часоў хрысціянства таксама калісьці давялося сутыкнуцца з жахлівымі пакутамі. Пра гэта мы ведаем з аповедаў пра раннія часы Касцёла ў Дзеях Апосталаў, якія цяпер, у велікодны перыяд, чытаюцца ў літургічных чытаннях на святых Імшах. У літургіі слова на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы ўзгадвалі пра пераследы, з якімі сутыкаліся хрысціяне, у тым ліку і пра пакутніцкую смерць святога Стэфана. Але нават пры такіх нападках хрысціяне працягвалі моцна трымацца абвяшчэння Хрыстовага ўваскрасення. Напрыклад, адказваючы аднойчы перад Сінэдрыёнам, Пётр і Апосталы сказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны яму» (Дз 5, 29–32).

Аошнім часам людзі ва ўсім свеце праходзяць праз шматлікія выпрабаванні і цярпенні. Але хоць будучыня можа здавацца нам нявызначанай і поўнай праблемаў, мы можам звярнуцца да прыкладу ранніх хрысціянаў. Гэтак жа, як яны правялі сваё жыццё, абвяшчаючы веліч Бога і жывучы ў радасці Уваскрасення, таксама і мы можам прыняць гэтую цудоўную праўду. Незалежна ад таго, з чым мы цяпер сустракаемся — беспрацоўе ці ізаляцыя, трывога ці хвароба, ці нават смерць блізкіх — давайце ўсклікнем радаснае велікоднае абвяшчэнне, давайце будзем жыць у гэтай пастанове ў паўсядзённым жыцці: Пан уваскрос! Аллелюя! Бо толькі гэтая праўда дае нам надзею.


Энн Мары Міллер
Пераклад з англійскай мовы: Эльвіра Палінеўская
Паводле: catholicmom.com

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней