Успамін пра сустрэчу са святым Янам Паўлам ІІ

Бляск яркага святла, высокі выпрастаны чалавек у белым адзенні, які з усмешкай, падобнай да бацькоўскай, адважна ды рашуча крочыць, нібы волат, па цвёрдай каменнай падлозе старой катэдры святых Віта, Вацлава і Войцеха.


Узнёслая атмасфера, калі разам з іншымі, перапоўнены радасцю і энтузіязмам, адчуваеш, што ўдзельнічаеш у чымсьці незвычайным… І гэты такі выразны твар, што нясе надзею, натхняе цябе забыць пра ўсё, і ты стрымліваеш дыханне ды проста глядзіш, апынуўшыся ў любові, падараванай небам, а ў дадатак яшчэ дотык да ягонай добрай далоні, які да сёння адчуваю выразна... Менавіта такой засталася ў маёй памяці сустрэча са святым Янам Паўлам ІІ падчас яго пілігрымкі ў Чэхаславакію ў 1990 годзе. Хоць гэта не быў мой першы ўдзел у пілігрымцы святога Яна Паўла ІІ, але менавіта гэтая сустрэча пакінула выразны след у маім сэрцы, магчыма, таму, што ў Празе меў шчасце быць вельмі блізка да Папы і нават дакрануцца да яго.

Айцец Аркадзь Куляха OCD

Належу да тых людзей, якія не толькі называюць сябе пакаленнем Яна Паўла ІІ, але таксама памятаюць падзеі 1978 года: смерць папы Паўла VI і нечаканы адыход у вечнасць Яна Паўла І ды абранне кардынала Караля Вайтылы на Пасад святога Пятра. Вечарам 16 кастрычніка 1978 года я вярнуўся ў хату пасля забавы з сябрамі на дварэ і пачуў ад бацькоў навіну пра новага Папу. Мама плакала ад радасці, а тата казаў: «Глядзі і памятай, такога яшчэ не было… цяпер шмат зменіцца!». Разам з бацькамі з захапленнем глядзеў трансляцыі з першай пілігрымкі Яна Паўла ІІ у Польшчу ў 1979 годзе, далучаючыся да радасці мільёнаў веруючых. О, як хацелася тады апынуцца на шляху папскай пілігрымкі!.. Бог даў мне такую магчымасць.

 Фота: PAP/DPA

Першы раз удзельнічаў у святой Імшы, якую ўзначальваў святы Ян Павел ІІ у Кракаве 22 чэр­веня 1983 года. Я тады другі год навучаўся ў ніжэйшай семінарыі кармэлітаў босых у Вадавіцах — горадзе, дзе нарадзіўся і рос Папа. Для нас арганізавалі выезд на беатыфікацыю айца Рафала Каліноўскага, які быў кармэлітам і братам Альберта Хмялёўскага, які даў пачатак Кангрэгацыі братоў альбертынаў і сясцёр альбертынак. Да гэтай падзеі грунтоўна і рупліва нас рыхтавалі нашы выхаваўцы, майстры сваёй справы: а. Дамінік Відар, а. Ганарат Гіль, які вучыў нас гісторыі, і духоўны айцец слуга Божы Рудольф Важэха. Яны казалі і пра важнасць сустрэчы з Папам, асаблівы дар Божага Провіду для нашага пакалення і пра беатыфікаваных. Неяк асабліва засталіся ў маёй памяці лекцыі па гісторыі, на якіх айцец Ганарат звяртаў увагу на некаторыя факты і рысы жыцця святога Яна Паўла ІІ, айца Рафала і брата Альберта. Гэта была сапраўды добрая падрыхтоўка да свядомага ўдзелу ў пілігрымцы. Настаўнік імкнуўся паказаць нам гэтыя тры асобы ў кантэксце актыўнага дзеяння Божага Провіду ў гістарычных падзеях XIX і XX стагоддзяў, найперш паўстання 1863—1864 гадоў, у якім прымалі ўдзел Юзаф Каліноўскі (у ордэне айцец Рафал ад святога Юзафа) і Альберт Хмелёўскі, а пазней Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама перыяду камунізму. Айцец Гіль падкрэсліваў, што даты і самі падзеі няшмат значаць без канкрэтных людзей, якіх Бог дае кожнай эпосе, і іх лёсаў, а яшчэ больш гераізму іх жыцця. Таксама мы тады вывучалі рэлігійныя і патрыятычныя песні. Адну з іх памятаю і сёння з яе прыпевам, які характарызаваў постаці айца Рафала і брата Альберта: «Ніхто не прыказаў ім ісці ... яны ішлі, бо так хацелі, бо такую спадчыну ўзяў ад дзеда ўнук... Ніхто нічога не пытаўся, і ўсе яны ведалі, за што ідуць ваяваць, каму плаціць доўг». Слуга Божы айцец Рудольф Важэха дбаў пра якасць нашых малітваў і заахвочваў, каб мы як найлепш выкарысталі сустрэчу з Папам ды прасілі аб заступніцтве новых благаслаўлёных Касцёла.

Пасля падрыхтоўкі, ноччу 22 чэрвеня 1983 года, мы накіраваліся цягніком у Кракаў. Людзей было бітком, усе спявалі і маліліся, раздзяляючы вялікую радасць сустрэчы з Папам, які для жыхароў Вадавіцаў быў асабліва блізкім. Цягнік ехаў толькі да станцыі Плашоў, адкуль трэба было ісці яшчэ каля 6-ці кіламетраў да Кракаўскіх Лугоў, дзе мелася быць пантыфікальная святая Імша. Калі мы дабраліся да месца, пачулі гучны спеў, а перад нашымі вачыма адкрылася вялікае поле, запоўненае людзьмі. Нічога падобнага я ніколі не бачыў. Наш сектар быў непадалёк ад алтара, аднак не вельмі блізка. Падрыхтоўка працягвалася некалькі га­дзін, а пляц станавіўся ўсё больш шчыльным (пазней нам сказалі, што там сабралася паўтара мільёна людзей). Незабыўная атмасфера: мне здавалася, што ўсе сабраныя — гэта адна сям’я! Урэшце з’явіўся Папа, які аб’язджаў сектары. Людзі махалі рукамі, крычалі, пляскалі ў далоні, некаторыя плакалі, а Папа з характэрна паднятымі рукамі і ўсмешкай нібы хацеў прывітацца з усімі. А 10-й гадзіне распачалася святая Імша. Мяне асабліва ўразіла сама беатыфікацыя: гэта было такім узнёслым і ўрачыстым!.. Бачу і сёння момант, калі адкрываюць абразы благаслаўлёных Рафала, які з паднятым крыжам пазірае на зямлю ды благаслаўляе яе, і Альберта, які трымае ў руках бохан хлеба, нібы хоча ім накарміць усіх, хто ў патрэбе.

Фота: Provided by Spider's Web

Нельга забыць характэрны, выразны і моцны голас Папы. Для нас, маладых людзей, асабліва важнымі сталі словы пра перамогу Бога ў жыцці святых: «У Езусе Хрысце чалавек пакліканы да перамогі: да такой перамогі, якую атрымалі айцец Максімільян і брат Альберт, айцец Рафал і маці Уршуля — у гераічнай ступені». Памятаю, што Папа назваў айца Рафала мучанікам канфесіянала і згадаў ягоныя словы, якія мы раней чулі ў семінарыі: «Бог увесь аддаўся за нас, як жа нам не прысвяціць сябе Богу!».

Перад напісаннем гэтых успамінаў я прачытаў беатыфікацыйную гамілію святога Яна Паўла, і цяпер уразіла мяне яшчэ адно выказванне Папы, на якое, магчыма, тады не звярнуў увагі або забыў яго. Святы Айцец казаў, што святасць, якую здзяйсняе Дух Святы, ёсць пакліканнем кожнага хрысціяніна: «Святасць заключаецца ў любові... Святасць — гэта асаблівае падабенства да Хрыста, падабенства праз любоў... Айцец Рафал і брат Альберт дасягнулі ў сваім жыцці вышыняў святасці, якую Касцёл сёння пацвярджае, на шляху любові. Няма іншага шляху, які вядзе да гэтых вышыняў». Уся ўрачыстасць працягвалася даволі доўга, аднак мы не адчувалі стомленасці. Наадварот, назіралі вялікі энтузіязм, агульную салідарнасць і жаданне малітвы. Менавіта сустрэча з Папам натхняла да малітвы і яднання з Богам, рабіла людзей лепшымі, напаўняла дабрынёй і надзеяй. З далечыні гадоў магу сцвердзіць, што Папа дапамагаў людзям адкрываць у сабе паўнату чалавечай асобы. Развітанне са Святым Айцом было сумным момантам усёй урачыстасці. Мне асабіста, а мяркую, што іншым таксама, яно нагадвала развітанне з кімсьці вельмі блізкім, найбліжэйшым. Аднак сум перамагала радасць самой сустрэчы і ўдзелу ў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Папа. Я тады таксама ўяўляў, што прымаю святую Камунію, якую кансэкраваў сам Пантыфік. Гэта былі не толькі эмоцыі, а штосьці большае, што фарміравала ўнутраную сутнасць.

Пасля святой Імшы мы вельмі доўга пакідалі Кракаўскія Лугі і, нібы рака, цяклі па вуліцах горада. У кляштары кармэлітаў, які знаходзіцца непадалёк ад чыгуначнага вакзала, нас пачаставалі смачным абедам. Змучаныя, але напоўненыя радасцю мы вярнуліся ў Вадавіцы, зноў у перапоўненым цягніку, дзе ўсе спявалі, маліліся і былі адной сям’ёй. Пазней яшчэ некалькі разоў меў ласку ўдзельнічаць у пілігрымках святога Яна Паўла ІІ, які наведваў некаторыя краіны былога Савецкага Саюза. Памятаю, з якой надзеяй на сустрэчу са Святым Айцом ехалі ў верасні 1993 года ў Вільнюс нашы парафіяне з Гудагая. Яны ўзялі з сабою транспарант са словамі «Беларусь чакае Папу». На жаль, ім не дазволілі ўнесці яго на сустрэчу з Папам. Святы Ян Павел ІІ не наведаў Беларусь пры жыцці, хоць духоўна, напэўна, быў тут не адзін раз. Сёння ён заступаецца за нас перад Нябесным Айцом, а ягоныя помнікі і рэліквіі ў розных кутках нашай краіны, таксама ў блізкай майму сэрцу Нарачы, напамінаюць нам пра яго заклік: «Не бойцеся! Адкрыйце свае сэрцы Богу!» Сапраўды, Бог заўсёды дбае пра дзяцей сваіх. Спадзяюся таксама, што прыйдзе час, калі Папа Рымскі нас наведае, і аб гэтым праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ малю Бога.


Айцец Аркадзь Куляха OCD

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней