Чаканне мацярынства: «для Бога няма нічога немагчымага»

Памятаецца, чакаю я сваёй чаргі перад кабінетам урача і ў калідоры на сцяне заўважаю стэнд у выглядзе невялікага дрэўца, на якім пацыенты пакідаюць свае запіскі — лісточкі-мары, лісточкі-падзякі і пажаданні. «Божа, дапамажы мне стаць маці!», «Няхай нябёсы падораць браціка нашаму сыну», «Мару стаць мамай прыгожага дзіцяткі», — чытаю на спісаных рознымі почыркамі шматлікіх паперках. І на вочы наварочваюцца слёзы, бо вельмі добра знаёмая гэтая мара…


Ніякая статыстыка не перадасць маштабу тых праблем, з якімі сутыкаюцца сужэнствы на шляху да бацькоўства. Калі ў шчырай размове з сябрамі мы з мужам закраналі гэтую тэму, то выяўлялася, што мала хто не прайшоў праз боль, прынесены доўгім чаканнем дзіцяці або стратаю... У свой час такія размовы дадавалі сілаў і служылі штуршком да ўзаемнай малітвы адны за адных, таму я хацела б падзяліцца сваім духоўным вопытам і падтрымаць тых, хто моліцца аб мацярынстве і бацькоўстве.

Адразу шчыра прызнаюся: мне вельмі цяжка было прыняць у якасці суцяшэння пастулат хрысціянства пра тое, што мацярынскае пакліканне можа праяўляцца не толькі ў выхаванні ўласных дзяцей, але і ў іншых формах служэння і дабрачын насці. Безумоўна, так бывае, але калі гаварыць пра пакліканне як Божы дар, то, на маю думку, яно ўсё ж звязана з магчымасцю выбару. Напрыклад, калі ў выніку няшчаснага выпадку чалавек страціць руку, то нельга сказаць, што яго пакліканне — быць бязрукім. Гэта бяда, у якой міласэрны Бог будзе несці яго на сваіх уласных айцоўскіх руках і пакажа, як жыць далей. Таксама і з мацярынствам: немагчымасць мець дзіця або яго страта — балючае перажыванне. Бацькоўства ўвогуле — гэта дар і таямніца, як і святарства па азначэнні святога Яна Паўла ІІ. Што застаецца рабіць у гэтай сітуацыі сужэнцам? Ствараць усе неабходныя ўмовы для рэалізацыі свайго бацькоўства, але пры гэтым памятаць, што мы не маем стопрацэнтнага кантролю над уласным жыццём, і не вінаваціць сябе, калі штосьці ідзе не так. Мне дапамагло поўнае ўсведамленне таго, што Бог мае права маўчаць у адказ на нашыя просьбы, і гэта не значыць, што Ён нас не любіць. З другога боку, мы маем права працягваць Яго аб нечым прасіць і далей чакаць адказу, бо «для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37).

«Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх» (Лк 18, 7–8).

Невыпадкова я закранула тут таксама праблему самаабвінавачвання, або пачуцця віны. Вось ты толькі яшчэ збіраешся стаць маці, а ўжо ўсім нешта павінна: натуральна, дзядулі і бабулі чакаюць унукаў; сябры і знаёмыя даймаюць бестактоўнымі пытаннямі так настырна, быццам ты мусіш зрабіць ім падрабязную справаздачу адносна свайго сямейнага жыцця і планаў; і нават у касцёле з амбоны нярэдка прама ці ў падтэксце гучыць клішэ: добрая каталіцкая сям’я — шматдзетная сям’я… Трэба быць вельмі моцна загартаваным псіхалагічна, каб не зламацца пад цяжарам усіх чаканняў, якія ўзвальваюцца на цябе, калі ты спрабуеш справіцца яшчэ і са сваімі ўласнымі перажываннямі. Ды мне пашанцавала, што муж усяляк падтрымліваў мяне, не даючы ні расчаравацца, ні ўпасці духам, а ў кагосьці ж і сужэнства па гэтай прычыне апынаецца на мяжы распаду!

У які бок скіраваць свой духоўны позірк, каб супрацьстаяць ціску звонку і знутры саміх сябе? Як бы парадаксальна гэта ні гучала, трэба пакорліва працаваць над адэкватнай самаацэнкай: па-першае, не суадносіць вобраз сваёй сям’і з тым ідэалам, які імкнецца навязаць нам атачэнне. Напэўна, Маці Божая і святы Юзаф у сучаснасці маглі б праслыць эгаістычнымі сужэнцамі, якія абмежаваліся толькі адным Дзіцем, ды яшчэ выхоўваюць Яго, адзінага, як эгаіста, а па пэўных чутках нібы і не ад Юзафа Дзіця… А тым часам мы называем іх Сям’ю Святою! Узгадаем таксама бацькоў самой Марыі — святыя Яўхім і Ганна доўга заставаліся бяздзетнымі. Але што было заганным у вачах людзей, якія выгналі пажылога Яўхіма са святыні, тое з Божых рук пасля прынесла вялікае благаслаўленне ўсяму народу.

Па-другое, трэба выразна ўсвядоміць межы сваіх магчымасцяў і сферу сваёй адказнасці. Сітуацыі бываюць вельмі розныя, з рознымі першапрычынамі і наступствамі. Аднойчы мне трапілася ў інтэрнэце відэа, у якім святар, разважаючы на тэму бясплоднасці, сцвярджаў, што яна з’яўляецца вынікам пэўнага граху (напрыклад, зайздрасці да тых, хто мае дзяцей) і звязваў аздараўленне з вызваленнем ад гэтай заганы. Такі хрысціянскі забабон… Але я ў яго паверыла б, калі б адразу пасля прагляду відэа не пачала па працы звяраць цытаты са Святога Пісання для іх публікацыі ў кнізе, і першаю ў спісе гэтых цытатаў стаяла фраза з урыўка аб прадказанні нараджэння Яна Хрысціцеля: «Абое [Захарый і Альжбета] былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце» (Лк 1, 6–7).

Дзіця — гэта не ўзнагарода за беззаганнасць, а няпростае заданне на ўсё жыццё. Шчасце і адначасова выпрабаванне.

Вядома ж, не раўняючыся з Альжбетай, я і так маю непачаты край працы са сваімі грахамі, але, калі паверыць разважанням прамоўцы з відэа, дык атрымліваецца, што толькі пэўная нястача павінна стымуляваць да вызвалення ад граху, а калі ўсё добра, дык і не варта звяртаць на яго ўвагі… Так, зацыкліўшыся на фальшывых прычынах і наступствах, можна ўпусціць штосьці важнае.

Пераходзячы да трэцяга пункту, проста згадаю, што Пан Бог кампенсаваў мне час гэтага чакання іншымі шчодрымі дарамі: напрыклад, я ніколі не думала, што мяне так пацягне да шыцця, якое адкрыла для мяне зусім новы свет з неверагоднымі магчымасцямі, адданымі сябрамі і цікавымі захапленнямі. Іншымі словамі, я дзякую Богу за гэты час зачаравання творчасцю, у які я па-новаму адкрыла саму сябе, сваіх родных з іх падтрымкаю і само жыццё з яго шматграннасцю.

Пра ўсе гэтыя рэчы я нярэдка згадваю цяпер, калі стала маці цудоўнага хлопчыка, якога Бог падарыў нам з мужам на сёмым годзе сумеснага жыцця, і разумею, што ў мацярынстве як нідзе патрэбныя і ўменне адэкватна ставіцца да чаканняў і прэтэнзій атачэння, і пазбаўленне ад ілюзій пра ідэал сям’і, і ўменне ацэньваць свае магчымасці ды распазнаваць сферу сваёй адказнасці, і проста здольнасць радавацца бясцэнным момантам жыцця. Хм… Што б я рабіла, калі б не навучылася гэтаму за сем гадоў чакання?


Ганна Шаўчэнка

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней