Мой шлях да веры


Мой шлях да веры пачаўся з маленства, бо я нарадзілася ў сям’і вернікаў: мае бацькі і ўсе родзічы па мацярынскай лініі — католікі. Ужо з дзяцінства я ведала асноўныя малітвы на памяць, хадзіла са сваякамі ў касцёл. У 8 гадоў я прыязджала ў вёску Даўгінава: у мясцовы касцёл, дзе рыхтавалася да Першай святой Камуніі, і ўлетку 2004 года, калі мне было 9 гадоў, я прыняла Першую Камунію. Я лічу, што калі чалавек паяднаўся з Богам, ён павінен кожную нядзелю наведваць касцёл, рэгулярна спавядацца, святкаваць святыя дні, прытрымлівацца посту і на ўсе жыццёвыя пытанні адказы знаходзіць у Бібліі, якая павінна быць у кожнай сям’і.

Я заўсёды з трапятаннем сэрца чакаю хрысціянскіх святаў, асабліва Нараджэння Хрыстовага і Вялікадня. Перад гэтымі святамі ёсць асаблівы час для ачышчэння душы, магчымасць выправіць свае памылкі, папрасіць прабачэння ў Бога. І колькі шчасця на душы, калі ў вігілію свята знаходзішся ў касцёле! Такое адчуванне, быццам пачынаеш новае жыццё і ўступаеш ў яго з новымі надзеямі.

Мяне вельмі радуе, калі я бачу хрысціянскую моладзь — будучыню нашай краіны. Але якой будзе будучыня нашага пакалення, калі сучасныя хлопцы і дзяўчаты ўжо з дзіцячага ўзросту пачынаюць курыць, ужываць алкаголь і наркотыкі, весці распуснае жыццё? Для іх рэлігія не мае ніякага сэнсу, яны не ведаюць, што весела і цікава бавіць свой час можна не толькі ў забаўляльных ўстановах, але і ў касцёлах і цэрквах, у пілігрымцы, на малітоўных моладзевых сустрэчах. Пацвярджэннем гэтага для мяне сталі пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. Да пілігрымаў з Мінска я далучалася ў Даўгінаве. Большасць пілігрымаў — моладзь, і гэта вельмі цешыць. Галоўнае — ісці не ў паход, а да Бога: з малітвамі, ахвярамі, просьбамі і падзякамі.

Першая пілігрымка — гэта сапраўды незабыўны момант жыцця, асабліва калі пра гэта доўга марыш. Помніцца ўсё да дробязяў: і споведзь у дарозе, і новыя знаёмствы, і сустрэчы са старымі сябрамі. Праз год ізноў выпраўляешся ў дарогу, ізноў асэнсоўваеш сваё жыццё. За год нешта змяняецца: пазбаўляешся назаўсёды ад нейкіх грахоў, пачынаеш новае, больш хрысціянскае жыццё. І так з году ў год. Дасведчаныя пілігрымы, прайшоўшы не адну сотню кіламетраў, гэта разумеюць.

Пілігрымка — гэта невялікі шлях да Бога. Мазалямі, кроплямі поту, стомленасцю мы, мабыць, хоць крыху адкупляем свае грахі, і ўсе гэтыя цяжкасці становяцца такой дробяззю, калі ўдалечыні з’яўляюцца вежы будслаўскай святыні! Перажываеш тыя пачуцці, пра якія яшчэ ў дзяцінстве чытала ў часопісе «AveMaria»: «…Гэтага нельга выказаць ні словамі, ні ўсмешкаю, ні, тым больш, крыкам, бо радасць перапаўняе душу. Тады ты плачаш. І раптам бачыш праз слёзы ласкавую, непаўторную ўсмешку Той, да Каго пралягаў твой шлях усе гэтыя дні. І табе ніколькі не сорамна за сваю раптоўную слабасць — Маці разумее ўсё…»

У самой святыні, стомлены, ідзеш на каленях да абраза Маці Божай Будслаўскай і ў гэты момант пачынаеш па-сапраўднаму цаніць сваё жыццё, і нават не просьбу, а проста падзяку выказваеш Той, да якой ішла доўгія кіламетры…

Пілігрымка для мяне — адзін са шляхоў да веры. Галоўнае — гэта шчырая малітва, падзяка Богу за сваё жыццё і ні ў якім разе не скаргі або нейкая незадаволенасць, бо калі вы спажываеце ежу або апранаецеся, у гэты ж момант на Зямлі хтосьці галадае альбо памірае ад холаду. Памаліцеся і за іх. Вельмі важна маліцца не толькі за сябе, але і за іншых. У наш час існуе свабода веравызнання — кожны можа прыйсці ў касцёл, пайсці ў пілігрымку. І для моладзі ёсць шмат магчымасцяў зблізіцца з Богам, з нашай Марыяй — Маці Збаўцы. Праслаўляйце нашага Пана, дзякуйце Яму за кожны момант свайго жыцця!

Яна Стрэльчык, 17 гадоў.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней