
Кожны раз, калі еду з Мінска на родную Лідчыну і мінаю мост над плыткаю ў тым месцы Гаўяй, пачынаю міжволі пазіраць управа, каб неўзабаве ў светлым бярэзніку за полем угледзець крыжы біскупскіх могілак. За многія гады маіх падарожжаў на радзіму гэта ўжо стала патрэбаю душы: хоць бы й вось так, праездам, памаліцца за памерлых родных і сваякоў нашай выдатнай паэткі і маёй зямлячкі Дануты Бічэль і такім чынам як бы прывітацца і з ёю самою, і з нашаю Лідчынаю, бо Дануцін хутар Загасцінец і яе родныя Біскупцы якраз уладкаваліся каля самай мяжы Іўеўскага і Лідскага раёнаў. Адным словам, наша з ёю Лідчына на сваім усходзе пачынаецца і заканчваецца Дануцінымі Біскупцамі…
Яшчэ зусім нядаўна праз радкавы прыдарожны сасоннік «з-пад саламянай страхі <…>, нібы спалоханы, выгнаны з лесу звярок», пазірала на бойкую гарадзенскую трасу родная хата паэткі. Пазамінулаю вясною, вяртаючыся са свайго хутара, я з’ехала з гэтай трасы і спынілася на поплаве Дануцінай сялібы: хацелася сфатаграфаваць высокі, разложысты куст бэзу, які рос каля самага вугла хаты і, здаецца, ахінаў усю яе духмянаю раскошаю квецені. Штовесну, мінаючы Біскупцы, я любавалася ім з вакна машыны, а ў той сонечны дзень знарок каля яго затрымалася. Хадзіла па ўтравелым падворку, фатаграфавала хатку з сінімі аканіцамі, атуленую бэзам, не могучы надыхацца яго тонкім, п’янкім водарам.
Я вельмі люблю бэз. Менавіта такі, з дробным, далікатным бледна-ліловым кветам. Калі бачу ў маі гэтыя бэзавыя аблачынкі, прытуленыя ці то да адзінокіх хацінаў на асірацелых хутарах, ці то пакінутыя на месцы былых сялібаў, штосьці невымоўна-тужлівае пачынае шчымець на самым донцы маёй хутаранскай душы: сум па чымсьці незваротным, па тым жыцці, якога ўжо ніколі тут не будзе, па тых нашых засценках, атуленых цішынёю, бэзам і малітваю... Зрэшты, я, здаецца, адхілілася ад тэмы, а можа, наадварот, наблізілася да яе, бо ў той травеньскі полудзень, сама таго не ведаючы, развітвалася і з гэтым бэзам, і з роднаю Дануцінаю хатаю, бо дажывалі яны на гэтым свеце сваю апошнюю вясну: літаральна праз пару месяцаў, напрыканцы лета, тут ужо застаўся толькі абгарэлы зруб і абпаленая, схіленая над ім бярозка…
«Хацелася ў хатцы сваёй памерці, // а наша хатка гарыць, як свечка», — напісала, выдыхнула з болем Данута ў вершы «На досвітку», а мне, насуперак жорсткай яве, увесь час згадваюцца яе іншыя радкі з даўняга верша «Вёска Біскупцы». Часавая адлегласць паміж імі ажно ў цэлае маё жыццё, але «Бог вяртае тое, што мінула», і ў гэтым вяртанні таксама праяўляецца Яго міласэрнасць, бо іначай — як было б перажыць боль страты?..
Каб у стозе духмяным выспацца,
я паеду ў мурожныя Біскупцы
пад страху дзяруг, дываноў,
на прастору жытнёвых палёў…
Цытую першапачатковы, непапраўлены варыянт верша, да якога прывыкла і які палюбіла, назаўсёды запомніўшы. Аўтарскую ж замену «прасторы жытнёвых палёў» на «прастору вольных вятроў» пакуль прыняць не магу, бо здаецца яна мне тут чужою, адцягненаю ад вясковай вобразнай канкрэтыкі, у якой вытрыманы ўвесь верш. Але гэта толькі мая прыватная думка. Менавіта гэтым светлым вершам з Дануцінай паэтычнай маладосці распачынаецца кніга яе «Выбраных твораў». Прыгожае, дыхтоўнае выданне на 600 старонак з’явілася напрыканцы мінулага года ў серыі «Беларускі кнігазбор».
Калі трымаеш у руках важкі, вішнёвага колеру фаліянт, то міжволі згадваюцца словы Умбэрто Эко: «Свет існуе, каб завяршыцца кнігаю». Тым больш, што ў гэтую кнігу Данута ўключыла лепшыя свае вершы, пераклады, успаміны і празаічныя творы. Сабраныя пад адною вокладкаю, укладзеныя, сістэматызаваныя самою аўтаркаю, яны сталіся не толькі своеасаблівым падсумаваннем яе творчага шляху, але яшчэ больш ярка выявілі самую сутнасць асобы Дануты Бічэль, акрэслілі яе творчае крэда і тыя два асноўныя стрыжні, на якіх, на маю думку, усё ў яе творчасці і ў яе душы трымаецца: гэта яе бязмежная любоў да радзімы і да ўсяго роднага і яе па-дзіцячы даверлівая любоў да Бога — яе патрыятызм і яе хрысціянская, каталіцкая вера…
Іншы раз мне здаецца, што я ўвогуле не памятаю сябе без Дануціных вершаў. Такое ўражанне, што яны былі побач з самага маленства, разам з мамінаю навукаю любові да ўсяго жывога і Божага ў гэтым свеце. Яны дапамагалі прарастаць і ўзрастаць у маёй душы спачатку кволым парасткам гэтай любові, сагравалі іх сонечным святлом роднага слова і жывілі яго жыццядайнаю сілаю і хараством. Я ніколі не забуду, якім радасным адкрыццём роднага свету стаў для мяне ў свой час Дануцін збор вершаў «Водар і шолах». Цяпер цешуся, што падказала яго ўключыць у гэты том выбранага, калі паэтка трохі разгублена раілася, што адабраць з усяго мноства напісаных за цэлае жыццё вершаў. Падумаць толькі: пра «Водар і шолах» яна проста забыла! Напэўна, так забывае багацей пра частку свайго багацця. А як можна ўявіць Дануціну творчасць без гэтай часткі яе паэтычнага скарбу, без незвычайнай, з усім непаўторным водарам і каларыстыкаю вязанкі зёлак, складзенай з бальсану, дзівасілу, купальніку, браткаў, цвінтарэю, варвялёў, пралесак, скочкаў і задумлівага верасу, перавязаных тугім перавяслам любові, з далучанымі да гэтых зёлак птушкамі, конікамі ды пчолкамі?
Менавіта ў «Водары і шолаху» (па сутнасці на самым пачатку творчага шляху) найбольш ярка праявілася адметнасць і свежасць яе паэтычнай мовы, яе тонкае адчуванне роднага слова і боль за яго, бо «разбіваецца слова аб прастору, як пташка», бо столькі «слоў паўмірала — бабулек сівенькіх!», бо
словы, духі, сіроты
ад святой наіўноты
набіраюцца соладу,
нібы мёду асоты,
і мучацца ў цемрах стагоддзяў,
аж пакуль на праменьчыку
нехта іх знойдзе…
А рэч у тым, што «нават дробнае слоўца // нам долю звястуе…» Місія ж паэта: «Са светлай галавы, як ліпнёвае сонца, // здабываць сакаўное слоўца». І ўвесь цуд сапраўднага творцы ў тым, што ён (яна!) гэтыя слоўцы і здабывае, і ўваскрашае, і ўдыхае ў іх новае жыццё, змушаючы мацней біцца сэрца чытача, як пры адкрыцці сапраўднага скарбу. У адным з ранніх вершаў паэтка прызнаецца: «Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае». І сама яна таксама трымае і падтрымлівае ўсё роднае, спаконвечнае, дадзенае ад нараджэння як дар і як заданне, з усведамленнем сваёй адказнасці перад Айчынаю з маладою няўрымсліваю ўпэўненасцю ў тым, што Беларусь без яе «прападзе». І таму, здаючыся «Нёману ў няволю», яна гатовая стаць… яшчэ адным ягоным прытокам. Мяне зачароўвае і захапляе Дануціна арганічная знітаванасць з усім родным, пачынаючы ад зёлак і птушак, ад рэкаў Гаўі і Нёмана, ад роднай хаты і бору і ўзвышаючыся да агульных нашых святыняў, да айчыннай гісторыі, да выдатных постацяў — Еўфрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Цёткі, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава… Нездарма ў вершы, прысвечаным Дануце Бічэль, Анатоль Сыс захоплена ўсклікнуў: «Якая паэтка айчынная!»
Вельмі гарманічна ў паэзіі Дануты са словам «люблю» спалучаецца слова «кахаю»:
Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы,
вятрыска шаптаў яго з лісцем між гаю:
— Кахаю, кахаю…
Гэтыя два пачуцці — любові і кахання — так цесна пераплецены ў яе лірыцы, што здаюцца непадзельнымі:
Да цябе працягваю я рукі —
абнімаюць рукі Беларусь.
Калісьці ў прадмове да зборніка «Снапок» Данута напісала: «Мае Біскупцы агарнулі ўсю Беларусь». І гэтая яе сентэнцыя не была дэкларатыўнаю, яна гучала і гучыць ва ўнісон з адвечным і драматычным для многіх з нас пытаннем, якое паэтка задае ў аднайменным вершы: «Як вярнуцца дахаты?» Як нам вярнуцца да сваіх жыватворных вытокаў, як не згубіць сябе, не растрэсці самае важнае і сутнаснае ў сабе? Чым больш чалавек жыве на свеце, тым ясней усведамляе, што родны кут становіцца сапраўды цэнтрам сусвету, найбольш прыцягальным, важным і мілым сэрцу, бо там усё пачалося, там успыхнула ў сэрцы першая іскрынка любові, «там на Вербніцу, нібы вербачка, // распушылася маё сэрдачка…»
Можа, найбольш менавіта ў прозе пацвердзілася і сцвердзілася Дануціна думка пра тое, што яе «Біскупцы агарнулі ўсю Беларусь». У кнігазбораўскім томе змешчаны вялікі празаічны раздзел «Пра тых, каго помню і люблю». Эсэйкі, як сама аўтарка іх называе, прысвечаны родным і блізкім людзям, а таксама вядомым асобам нашай краіны. Каля паўсотні рэальных, жывых і непаўторных вобразаў пасяліла на старонках сваёй кнігі Данута Бічэль. Яе эсэйкі чытаюцца як балады і паэмы ў прозе. Кранальныя да слёз, пра бацькоў — Яську і Марыльку, пра сястру Рэню і швагра Мікалая, пра аднавяскоўцаў і суседзяў Фадзея, Чынчыка, Толіка Кіеню. Уражвае гранічная шчырасць Дануты Бічэль у гэтай яе спавядальнай прозе, і мне згадваецца выказванне сястры Эмануэле, французскай манашкі, якая ў сваім служэнні наследавала святую маці Тэрэзу з Калькуты: «Калі адкрываецца голая праўда пра чалавека, тады лепш відаць Бога».
У Дануты гэтай «голай праўды» шмат, асабліва ў яе біяграфічных аповедах. Яны кранаюць шчырасцю асабістых перажыванняў, непасрэднасцю і трапнасцю, з якою аўтарка апісвае дэталі побыту і ўласныя назіранні. Дазволю сабе даволі вялікую цытату з эсэ «Толік Кіеня, месячны дожджык». Гэта паэтычны аповед пра першыя ўспышкі пачуццяў, пра абуджэнне жаноцкасці, пра пакутліва-светлае прадчуванне творчасці:
«Сплаканая, стомленая, спаленая ўнутраным агнём, я засынала і сніла сон. У сне я ляцела высока за воблакамі над зелянінай. На зямлі маіх сноў яснелі пагоркі і нізіны, якіх не было каля вёскі, хіба што ў тым месцы, дзе Гаўя ўпадае ў Нёман, а ён так рэзка паварочвае сваё цела да сонца, што ажно падмываецца бераг і ўтвараецца круты схіл з аголенымі пластамі зямлі. Такія перапады высяў і нізяў сніліся мне. Я прачыналася, мне хацелася, каб сон працягваўся, каб яшчэ крыху ў мроях палётаць. Такое прыемнае адчуванне лёгкасці, святасці, здароўя, поўні дзявоцтва, поўні шчасця, захаплення ўсім сусветам і сабою ў сусвеце.
Я спрабавала ўжо лавіць словы і падбіраць музыку рытмаў да словаў у такт хадзе. Паэзія майго сэрца і паэзія майго слова вярэдзіла летуценні».
Прачытаўшы Дануціны біяграфічныя творы, можна паўтарыць сказанае ёю ж пра гарадзенскую самотніцу Элізу Ажэшку: «Пра сябе напісала ўсё сама». Ці амаль усё. Нам застаецца ўдзячнае прачытанне. І яе творы чытаюць. Вельмі прыемна было пачуць, што Дануцін верш «Каляды» цытаваў на літаратурнай каляднай вечарыне ў Віцебскай абласной бібліятэцы біскуп Алег Буткевіч:
Каляды… пасярод начы
ступае Божанька па снезе…
срабрысты месячык уверсе
і сагравае, і маўчыць…
Як быццам творыцца Імша…
Імша ўрачыстая пад небам…
Хрыстовым Целам, Божым хлебам
святая корміцца душа…
Мне ж хацелася б сказаць яшчэ колькі слоў пра рэлігійныя вершы Дануты Бічэль, якія ўпершыню ў такой колькасці сабраныя пад адною вокладкаю. Увогуле, духоўная паэзія Дануты Бічэль заслугоўвае асобнай гаворкі, бо ўпершыню ў нашай сучаснай літаратуры з’явілася паэтычнае асэнсаванне малітвы «Ойча наш», вершаванае разважанне над стацыямі Крыжовага шляху, цэлыя малітоўныя вязанкі вершаў да Маці Божай: Вастрабрамскай, Будслаўскай, Кангрэгацкай, Снежнай, Тракельскай, да Маці Божай Белагрудскай — мая любімая «Белая навэнна», за якую я Дануце асабліва ўдзячная, бо яна прысвяціла гэтыя пранізліва-светлыя, шчымлівыя радкі памяці маёй любай мамы.
Чыстая, поўная ласкі з Белае Груды!
Не адмаўляй аглядаць Твае белыя цуды!
У нябёсы прыцягвае нас Твой цудоўны абраз.
Белагрудская Божая Маці, маліся за нас!
Рэлігійныя вершы Дануты Бічэль як бы аб’яднаныя адным высокім памкненнем-заклікам да ўсіх нас, яе чытачоў:
Давайце заспяваем са святымі!
Няхай на крылах галубок падыме
Наш край з дрыгвы аж да нябесных брам
і прывядзе ў высокі Божы храм.
Данута ўзвяла свой намолены храм паэзіі, у якім мы ўсе, па словах Леаніда Галубовіча, адзінаверцы, і пасяліла ў гэтым храме шмат сваіх улюбёных святых: Францішка Ксавэрыя, Антонія Падуанскага, Францішка Асізскага, айца Піо, стварыла да іх свае прыгожыя малітвы, якія ахвяравала за родны край і за блізкіх яе сэрцу людзей. У гэтых вершах-малітвах Данута не мудрагеліць. Творчая непасрэднасць, якая заўсёды кранала ў яе паэзіі, здаецца, асабліва ярка праявілася менавіта ў яе хрысціянскіх вершах. Гэта пазіцыя дзіцяці перад абліччам Айца, у міласэрную любоў якога яна верыць і якому бязмежна давярае.
Старонкі духоўнай паэзіі ў Дануцінай кнізе — гэта яшчэ адзін яе «мост» (пасля «Мосту святога Францішка»), які яна перакінула над атэістычнаю савецкаю прорваю, што на цэлыя дзесяцігоддзі перапыніла хрысціянскую традыцыю ў нашай літаратуры і культуры. Таму калі я чытаю духоўныя вершы Дануты Бічэль, я згадваю не толькі «духоўныя вершы» Сяргея Аверынцава, паэзію Яна Твардоўскага, Караля Вайтылы або Рамана Брандштэтара, я найперш згадваю паэзію нашых святароў-адраджэнцаў Казіміра Сваяка, Вінцука Адважнага, Андрэя Зязюлі, бо ўсімі імі кіравала любоў Божая, якая, па словах святога Паўла, «пераўзыходзіць усялякае пазнанне», бо «ўсё духовае вечнае».
У сваіх духоўных вершах Данута Бічэль спрабуе наблізіцца да тае Божай таямніцы, якой нікому яшчэ не ўдалося спасцігнуць, але якая заўсёды, на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва была самаю прыцягальнаю для лепшых творцаў усіх часоў і народаў, бо няма нічога больш хвалюючага, чым гэтая таямніца, няма нікога больш вялікага, чым Той, Хто стварыў гэты свет і кожнага з нас у гэтым свеце.
У хрысціянскім кантэксце кнігі вельмі важным здаецца таксама раздзел перакладаў, у які Данута Бічэль, апроч ужо названых польскіх паэтаў, святароў Яна Твардоўскага і Караля Вайтылы, уключыла вершы ксяндза Міраслава Качмарэка, хрысціянскіх каталіцкіх паэтаў Мацея Юзафа Канановіча і Анкі Кавальскай, а таксама перастварэнні малітваў, псальмаў, песняў святога Францішка Асізскага і святога Бонавэнтуры. Гэтыя творы дапаўняюць і напаўняюць кнігу святлом Божага слова, надаючы ёй высокую духоўную прыцягальнасць і сапраўды робячы яе тым утульным і прыгожым востравам, на якім, па словах ксяндза Вацлава Бурылы, «можна пасяліцца».
Заахвочвае да гэтага і грунтоўная, напісаная з любоўю, захапленнем і вялікаю пашанаю да паэткі прадмова Марыі Новік «Паэтычны Ружанец Дануты Бічэль».
«У Беларусі вельмі вялікая адлегласць ад пісьменніка да чытачоў, але гэта аднойчы можа змяніцца», — заўважыла Данута ў сваім эсэ «Сям’я Геніюшаў»… Дай жа, Божа, каб так яно і сталася, бо выходзяць у нашым Краі кнігі, якія сапраўды варта чытаць.
Крыстына Лялько