У вайны жаночае аблічча

Роздум над адным выказваннем.

У беларускай мове слова «вайна» — жаночага роду. Таксама, як «бяда», як «смерць» … Якім чынам гэтыя абстрактныя паняцці, што адлюстроўваюць сумныя, балючыя рэаліі, набылі катэгорыю роду, які асацыюецца з «нявестай», «жонкай», «маці», «радзімай»? Ці не праз тое гэта адбылося, што нашыя далёкія продкі ўвасабленнем жаночага пачатку лічылі зямлю, якая, прымаючы ў сябе насенне, нараджае жыццё, але ў якой таксама сканчвае свой шлях тое, што ўжо аджыло? Маці-зямля, зямля-карміцелька — яна адначасова і сыра-зямля, магіла. Жыццядайную моц зямля набывае дзякуючы мужчынскаму пачатку — небу: дажджу, які яе поіць і напаўняе вільгаццю, і сонцу, якое яе саграе і асвятляе. Без дажджавой вады і сонечнага святла насенне ў зямлі не дасць плёну: яно згніе, высахне, памрэ. У гэтых простых, кожнаму зразумелых вобразах адлюстравана вялікая праўда Жыцця.

Адзіным Валадаром жыцця з’яўляецца Бог, які дае жыццё ўсяму існаму. Божае слова — гэта слова жыцця: «Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (пар. Ян 1, 3–4). У Пасхальную вігілію ў Святую ноч Уваскрасення Хрыста чытаюцца словы прарока Ісаі: «Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго» (пар. Іс 55, 10–11).

Уся зямля — гэта вялікая ралля, у якую трапляе шмат рознага насення: і добрага, і шкоднага. «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў» (пар. Мц 13, 24–25). Душа чалавека — гэта таксама ралля, у якую трапляе зерне пшаніцы — Божага слова, і зерне каласоўніка — словаў, якія пад выглядам дабра нясуць згубу. Калі чалавек з дапамогаю Божае ласкі не будзе клапаціцца пра стан сваёй духоўнай раллі, яна зарасце пустазеллем заганаў і заглушыць парасткі цнотаў: «турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным» (пар. Мк 4, 19).

Такім чынам, душа чалавека — гэта таксама поле бою паміж дабром і злом, паміж Богам і злым духам. Калі Бог — як працавіты сейбіт, які цярпліва чакае плёну пасеянага зерня дабра, дык зло не грэбуе нічым, каб толькі не даць яму ўзысці і прынесці плод жыцця. Зло прагне згубы, знішчэння, смерці. Каб знішчыць чалавека, зло імкнецца ім завалодаць, маніпуляваць ім. Калі Бог укладае ў сэрца чалавека насенне любові, спагады, салідарнасці і самаахвярнасці, дык зло рассявае ў сэрцах цярніну нянавісці, варожасці, зайздрасці і эгаізму. Імкнучыся падзяліць людзей, каб, паводле ўлюбёнага прынцыпу тыранаў divide et impera — «падзяляй і валадар» — падпарадкаваць іх сваёй знішчальнай моцы, насенне зла нараджае войны, забойствы, смерць… Даўшы гэтаму зерню прарасці, Каін забівае свайго брата Абэля, і з гэтага братазабойства пачынае раскручвацца спіраль насілля: брат паўстае на брата, народ — на народ, валадарства — на валадарства, сусед — на суседа… Гісторыя чалавецтва ператвараецца ў гісторыю войнаў.

Аднак хопіць метафараў. Звернемся да сумнай рэальнасці канфліктаў, што раздзіраюць чалавецтва. Заглушыўшы ў сабе голас сумлення, растаптаўшы маральныя прынцыпы і агульначалавечыя каштоўнасці, рознага кшталту ідэолагі і правакатары раздзьмухваюць у людзях полымя нянавіці адзін да аднаго, ствараючы з братоў, сяброў, суседзяў вобраз ворага. Каб падзяліць людзей па прынцыпе «свой — чужы», выкарыстоўваецца ўсё: нацыянальнасць, палітычныя погляды, сацыяльнае становішча, маёмасны стан, рэлігійная прыналежнасць. Далей, гуляючы на незадволенасцях людзей, якія заўсёды можна адшукаць ці стварыць, іх застаецца толькі нацкаваць адзін на аднаго. У выніку прадстаўнікі нейкай адной групы пачынаюць лічыць сваімі ворагамі прадстаўнікоў іншай групы і паміж імі ўзнікае канфлікт. Калі яго пачынаюць вырашыць з дапамогаю зброі, ён становіцца ўзброеным канфліктам, інакш кажучы — вайною.

Вайна — гэта вялікая бяда. Распачаўшыся з канфлікта паміж краінамі ці пэўнымі групамі, яна неадменна распаўсюджваецца на ўсе ўзроўні, усё больш паглыбляючы падзел паміж людзьмі, нават калі яны належаць да аднаго народа, адной сацыяльнай групы, аднаго веравызнання і нават адной сям’і. Толькі так можна растлумачыць тое, пра што піша Васіль Быкаў у аповесці «Знак бяды»: «Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы — усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор — чума ці халера, тут на каго наракаць? Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр’ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? Ці яны раптам ператварыліся ў звяр’ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг».

Як жа нам самім не ператварыцца ў звяруг? Як не паддацца гэтай знішчальнай злой моцы, што падзяляе і забівае людзей? Як ніколі больш не дапусціць на нашую шматпакутную зямлю гэтую страшэнную бяду-навалу — вайну? Для гэтага перш за ўсё варта памятаць: мір, супакой — гэта дар нябёсаў, які паходзіць ад усемагутнага Бога, нашага Найвышэйшага Айца. Для яго мы ўсе — узлюбленыя дзеці, а перад Яго абліччам — браты і сёстры. Усе мы — адна Божая сям’я: беларусы і прадстаўнікі іншых народаў, кансерватары і лібералы, кіраўнікі і падуладныя, бедныя і багатыя, католікі і праваслаўныя. Ніхто не мае маральнага права супрацьпастаўляць нас адзін аднаму і такім чынам сеяць нянавісць, падбухторваць, нацкоўваць. Варта заўсёды захоўваць чуйнасць, каб пад покрывам цемры хтосьці несумленны пад выглядам дабра не пасеяў у нашых сэрцах каласоўніку крыўды і варожасці. Дай жа Божа, каб сённяшняе і наступныя пакаленні нашых суайчыннікаў былі знаёмыя з вайною толькі па фільмах ды па бессмяротных творах нашых вялікіх класікаў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча… Бо ў вайны не жаночае і не мужчынскае аблічча — у вайны нялюдскае аблічча.


М.Г.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней