Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс — літоўскі святы, святар, мучанік

25 чэрвеня ў Вільні будзе абвешчаны благаслаўлёным Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс. Ён з’яўляецца прыкладам нязломнага святара, які пацвердзіў вернасць Касцёлу мучаніцтвам. Арцыбіскуп Матулёніс вызначаўся поўным даверам да Бога, а таксама любоўю да тых, хто яго пераследаваў. Няглядзячы на тое, што ён правёў 20 гадоў у вязніцах і лагерах, яму было характэрна нястомнае імкненне да апостальскага служэння на карысць Расіі. Ён таксама быў адным з першых, хто пашыраў культ Божай міласэрнасці ў Літве.


— Пасланнем гэтай беатыфікацыі — як патлумачыў кс. Альгірдас Юрэвічус, адказны за беатыфікацыйны працэс, — з’яўляецца сведчанне таго, як чалавек можа жыць згодна з вераю ў асяродку, варожым да Бога; таму што ён быў чалавекам, які паўсюль шукаў Божай волі і паступаў згодна са сваім сумленнем, а не паводле тых ці іншых палітычных правілаў, што навязваліся пануючымі ўладамі.

Будучы святар нарадзіўся ў 1873 г.у літоўскай сям’і землеўладальнікаў у паўночна-ўсходняй Літве. У 18 гадоў ён паступіў у Духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбург. Яго святарскае пасвячэнне, 4 сакавіка 1900 г., супала з пачаткам ХХ стагоддзя, часам злачынных ідэалогій і найбольшага ў гісторыі пераследу Касцёла.

Як малады святар Тэафілюс пачаў працаваць у Латвіі, дзе напаткалі яго першыя рэпрэсіі за хрышчэнне дзіцяці з каталіцка-праваслаўнай сям’і, што было забаронена без дазволу царскіх уладаў. Амаль на два дзесяцігоддзі ён асеў у Санкт-Пецярбургу, дзе спачатку быў вікарыем у вядомым касцёле св. Кацярыны, які станавіўся цэнтрам не толькі духоўнага, але і культурнага жыцця мясцовых католікаў, у тым ліку палякаў, а пасля — пробашчам новай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (за Неўскімі варотамі), да якой належылі рускія, польскія, літоўскія і латышскія рабочыя. На іх мовах святар праводзіў душпастырства. У тытуле парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса кс. Тэафілюс убачыў Божы знак, які натхніў яго да пашырэння эўхарыстычнага культу, ён быў верны гэтаму ўсё жыццё. Праз некалькі гадоў, працуючы ў Коўне, ён арганізаваў першую няспынную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта.

Калі ў выніку кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Расіі бальшавікі захапілі ўладу, адразу пачалася кампанія і супраць Праваслаўнай Царквы, і супраць Каталіцкага Касцёла. Саветы спрабавалі аслабіць Касцёл, найперш пазбаўляючы яго матэрыяльнага тылу, гэтаму моцна супраціўляліся пецярбургскія ксяндзы. У 1923 г. кс. Тэафілюса Матулёніса разам з біскупам Янам Цеплякам і 14 іншымі ксяндзамі з Пецярбурга судзілі  падчас знакамітага паказнога маскоўскага працэсу. Частка святароў за «падбухторванне да бунту праз забабоны» атрымалі смяротныя прысуды, некаторыя з іх былі выкананыя (напрыклад, прысуд кс. Канстанціна Будкевіча), а ў дачыненні да іншых пакаранне было замененае на зняволенне або пазнейшую дэпартацыю за мяжу.

У 1926 г. кс. Тэафілюс вярнуўся ў Пецярбург, які называўся ўжо Ленінград. Ён працягваў працаваць пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, але, улічваючы зняволенні і дэпартацыі шматлікіх святароў, апекаваўся таксама яшчэ сямю парафіямі. Адначасова выкладаў літургіку ў падпольнай духоўнай семінарыі, заснаванай біскупам Антоніем Малецкім, які пасля дэпартацыі арцыбіскупа Эдварда Ропа з 1926 г. быў апостальскім адміністратарам Ленінграда.

У тых абставінах, калі біскупа Антонія Малецкага ў кожную хвіліну маглі арыштаваць, папа Пій XI 8 снежня 1928 г. абвясціў кс. Тэафіліюса дапаможным біскупам. 9 лютага 1929 г. біскуп Антоній Малецкі патаемна ўдзяліў яму біскупскую сакру.

У хуткім часе біскуп Тэафілюс Матулёніс быў паўторна арыштаваны. Пасля амаль гадавога следства ў Ленінградзе была сфабрыкавана справа па абвінавачванні яго ў шпіянажы. Ён быў асуджаны на 10 гадоў лагераў і быў высланы ў ГУЛАГ на Салавецкія астравы. Гэты лагер быў створаны на базе будынкаў аднаго з самых вядомых праваслаўных кляштараў Расіі. Сюды ссылалі менавіта людзей духоўнага сану, іх трымалі ў ізаляцыі на Анзерскім востраве. Гэтыя людзі, у большасці католікі, але таксама праваслаўныя і лютэране, заснавалі там свайго роду святарскую супольнасць. У лагеры ніхто не ведаў, што кс. Тэафілюс быў біскупам, аднак ён паступова стаў нефармальным лідэрам. Ноччу з суботы на нядзелю святары патаемна цэлебравалі св. Імшу.

Адміністрацыя лагера вырашыла знішчыць гэтую супольнасць. Кс. Тэафілюс Матулёніс быў пераведзены ў вязніцу ў Пецярбург і зачынены ў карцэры. Потым яго выслалі ў вязніцу ўзмоцненага рэжыму ў Ледзяное Поле (недалёка ад Ладажскага возера) на працы па вырубцы лесу.

— Адносіны кс. Матулёніса да ворагаў былі незвычайнымі — падкрэсліў  кс. Альгірдас Юрэвічус. — Пасля вяртання з турмы ён казаў пра сваіх катаў выключна добра. Расказваў, што ўсюды сустракаў добрых людзей. Яго допыты адбываліся ноччу, а адзін з катаў быў асабліва жорсткім. Кс. Тэафіліюс сказаў яму: «Ты так мучышся, калі б’еш мяне, што я спачуваю табе, што ты не можаш быць цяпер дома з сям’ёю». Камуніст збянтэжыўся і на наступны дзень аддаў ксяндзу свае бутэрброды, прынесеныя з дому.

Кс. Альгірдас Юрэвічус звярнуў увагу на тое, што кс. Тэафілюс Матулёніс заўсёды паўтараў, што нават калі чалавек падаецца злым, то трэба дастукацца да яго сэрца, бо там хваецца дабро — трэба яго толькі знайсці.

У 1933 г. пасля заключэння пагаднення ўрадаў Літвы і Савецкага Саюза па абмене палонных біскуп Тэафілюс Матулёніс, дзякуючы ўмяшальніцтву Ватыкана, разам з групаю іншых вязняў быў вызвалены і вярнуўся ў Літву. Саветы не згадзіліся, каб біскуп застаўся на тэрыторыі СССР, хоць ён прасіў аб гэтым. Тэафілюс Матулёніс перадусім быў ленінградскім біскупам і бачыў менавіта там сваё месца.

У 1934 г. у сувязі з гэтаю справаю біскуп паехаў да Папы. Паводле сведчанняў, Пій ХІ папрасіў біскупа Матулёніса, каб той як мучанік першы ўдзяліў яму благаслаўленне. Пасля доўгіх размоваў Святы Айцец параіў біскупу вярнуцца ў Літву і там чакаць, пакуль з’явіцца магчымасць вярнуцца на служэнне ў Расію.

Жывучы на працягу некалькіх гадоў у сясцёр бэнэдыктынак у Коўне, біскуп Матулёніс арганізаваў у касцёле сясцёр няспынную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта — першую ў Літве. У той жа час ён моцна зацікавіўся аб’яўленнямі Езуса Міласэрнага с. Фаустыне ў Вільні, нягледзячы на тое, што пра іх яшчэ амаль ніхто не ведаў. Ён стаў адным з першых пашыральнікаў гэтага культу на тэрыторыі літоўскай дзяржавы. У 1937 г. ён перавёз у Коўну копію абраза св. Казіміра з Вільні, а калі стаў біскупам дыяцэзіі, перавёз яго ў катэдру ў Кайшадорысе. Ён таксама друкаваў невялікія абразікі «Езу, давяраю Табе!», якія распаўсюджваліся сярод вернікаў.

Падчас Другой сусветнай вайны, калі ў 1941 г. нямецкі фронт хутка рухаўся на ўсход, біскуп Матулёніс хацеў, каб немцы дазволілі яму і іншым ксяндзам прыехаць са святарскаю паслугаю на акупаваныя расійскія землі. Ён пісаў ім, што «хоць і ёсць у іх зброя, яны не перамогуць зброяй гэты камунізм». Яго можна перамагчы толькі моцаю Евангелля. Ён працытаваў словы Леніна, што некалі застанецца толькі камунізм і хрысціянства, і паміж імі разгарыцца апошняя бітва.

Немцы не прынялі гэтых аргументаў і не згадзіліся, каб у Расію прыбылі каталіцкія святары.

Пасля смерці біскупа Ёзаса Кукты ў 1943 г. Папа прызначыў біскупа Тэафілюса Матулёніса ардынарыем Кайшадорскай дыяцэзіі. Біскуп Тэафілюс абараняў правы Касцёла пад нямецкай акупацыяй, дапамагаў габрэям. Гэтак сталася ў выпадку з выбітнай піяністкаю Эстэраю Елін, якую біскуп уратаваў разам з яе сям’ёю, калі яна вырвалася з гета. Ён схаваў яе ў сясцёр бэнэдыктынак.

Падчас вайны, калі шмат рускіх уцякала ў Літву, біскуп Тэафілюс дапамагаў ім і апекаваўся імі. Ён прасіў сваіх ксяндзоў, каб яны вучылі гэтых людзей малітвам і асновам веры, дасылаў ім катэхізісы і малітоўнікі на рускай мове. Увесь час ён падтрымліваў кантакт з духоўнымі асобамі, якія выказвалі жаданне выехаць у Расію. Біскуп забяспечваў іх літургічнымі прыладамі і рэлігійнаю літаратураю на рускай мове, а таксама збіраў сродкі на гэтыя патрэбы. У 1942 г. разам з 27 святарамі ён заснаваў Institutum Russicum пры ковенскай духоўнай семінарыі.

Падчас вайны біскуп Тэафілюс Матулёніс зацікавіўся Фацімскімі аб’яўленнямі. У 1942 г. ён напісаў пастырскае пасланне пра Фаціму, заклікаючы да споведзі, пакаяння, малітвы на Ружанцы і малітвы за Расію.

А калі да межаў Кайшадорскай дыяцэзіі пачаў набліжацца савецкі фронт, ён прасіў святароў, каб тыя не эмігравалі за мяжу, хоць існавала смяротная небяспека. Ім заўсёды кіравала перакананне, што, нягледзячы на абставіны, у душпастыра ёсць абавязак заставацца з даверанаю яму супольнасцю.

У 1946 г. біскуп Тэафілюс Матулёніс быў арыштаваны за адмову ад супрацоўніцтва,  хоць быў гатовы да наладжвання так званага modus vivendi (ладу жыцця) з камуністамі, калі Касцёл меў бы гарантаваную свабоду душпастырскай дзейнасці. Непасрэднаю прычынаю арышту было выданне біскупам пастырскага паслання, дзе ён тлумачыў маладым літоўцам, што яны не павінны ўступаць у савецкі камсамол, калі гэта ідэалогія супярэчыць хрысціянству. Шмат маладых людзей здалі свае камсамольскія білеты.

Следства над біскупам адбывалася ў Вільні ў КДБ, дзе яго трымалі 8 месяцаў. А калі саветы не змаглі яму нічога прад’явіць, то паслалі ўсю дакументацыю ў Маскву і там спецкамісія пры Міністэрстве Бяспекі прыняла рашэнне аб 7 гадах зняволення.

Вязніца знаходзілася ва Уладзіміры, дзе сувязь са светам была моцна абмежаваная, напрыклад, чалавек мог напісаць толькі два лісты ў год. На працягу 8 гадоў біскуп Тэафілюс не мог таксама адправіць св. Імшы. У цяжкіх турэмных умовах яго здароўе вельмі пагоршылася.

Нават калі ён «адсядзеў» свой тэрмін, савецкія ўлады не хацелі яго адпускаць назад у Літву. Яго размясцілі ў доме інвалідаў у Мардовіі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У час адлігі ў 1956 г. яму нарэшце дазволілі вярнуцца, але з умоваю не здзяйсняць біскупскага служэння.

Аднак біскуп Тэафілюс Матулёніс пасяліўся ў Бірштонасе ў плябаніі блізкага сябра кс. Ёнаса Ёныса і патаемна кіраваў дыяцэзіяй. 25 снежня 1957 г. без дазволу ўладаў, але ўпаўнаважаны Апостальскаю Сталіцаю, у сваім пакоі-капліцы ён кансэкраваў на біскупа Вінцэнтаса Сладкевічуса, будучага літоўскага кардынала.

З гэтае прычыны ў 1958 г. біскупа прымусілі перасяліцца ў Шадуву на поўначы Літвы, адкуль, нягледзячы на хатні арышт, ён падтрымліваў кантакт з членамі Касцёла і перадаваў звесткі ў Ватыкан. Досыць часта яго адведвалі ксяндзы і кансэкраваныя асобы з усёй Літвы, рэгулярна прыязджаў таксама біскуп Сладкевічус. Каб заглушыць «праслушку» КДБ, падчас важных размоваў ён уключаў радыё. Біскуп Тэафілюс Матулёніс у той час сярод літоўскіх вернікаў лічыўся неафіцыйным прымасам і найвышэйшым аўтарытэтам.

У 1962 г. Апостальская Сталіца за «стараннае спаўненне абавязкаў добрага пастыра» надала яму тытул арцыбіскупа, а папа Ян ХХІІІ запрасіў яго да ўдзелу ў сесіях Другога Ватыканскага Сабора. Аднак савецкія ўлады яго не выпусцілі, і, хочучы перарваць яго далейшыя кантакты з Апостальскай Сталіцаю, пастанавілі «канчаткова яго ліквідаваць». Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс памёр 20 жніўня 1962 г., на трэці дзень пасля моцнага збіцця падчас вобыску, у выніку ін’екцыі медсястры, верагодна падасланай КДБ. Эксгумацыя, праведзеная праз гады для беатыфікацыйнага працэсу, пацвердзіла наяўнасць металу ў яго целе, верагодна ўведзенага яму менавіта тады. Ён быў пахаваны ў крыпце катэдры ў Кайшадорысе.

Яго наступнік у Кайшадорысе, біскуп Ёан Іванаўскас, кажа, што «арцыбіскуп Матулёніс мае такое значэнне для Касцёле ў Літве, як слуга Божы кардынал Стэфан Вышыньскі для Каталіцкага Касцёла ў Польшчы».


Марцін Пшэцішэўскі
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле «Wiadomości КАI»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней