Той, хто спазніўся

Пятая нядзеля Вялікага посту, год А (02.04.2017)

Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».

Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?» Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла». Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго». Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее». Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго». Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з ім!»

Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езусс казаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаўёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».

Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе». Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшаліяе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» І адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць».Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

(Ян 11, 1–45)

Той, хто спазніўся

Езус часта называў Лазара сябрам. Іншыя таксама часта звярталі ўвагу на тое, што Настаўнік з Назарэта любіў яго і часта гасціў у доме Лазара і яго сясцёр: Марыі і Марты. Несумненна, гэта былі блізкія Яму людзі. Тым не менш, а можа, менавіта з гэтай прычыны Езус дазволіў, каб Лазар памёр. Даведаўшыся, што Ягоны сябра хварэе, Езус не адразу пайшоў у Бэтанію, а затрымаўся на тры дні і чакаў. Толькі пасля смерці Лазара Ён скіраваўся туды, каб уваскрасіць свайго сябра. Відавочна, істотна было, каб ніхто не засумняваўся, што Лазар памёр.

У выпадку з уваскрашэннем дачкі Яіра некаторыя маглі засумнявацца ў яе смерці, бо Езус прыйшоў адразу пасля таго, як дзяўчынка сканала, і невядома было дакладна, памерла яна ці толькі спіць.

Гэтае здарэнне, якое несумненна было прадвесцем уваскрасення Хрыста, з’яўляецца для нас таксама і прыпавесцю пра сяброўства. Езус час ад часу ставіць перад сваімі сябрамі задачы, якія шмат вымагаюць ад іх. Ён жадае, каб мы прынялі ўдзел у аб’яўленні Божай славы, але для таго, каб гэта здзейснілася, часам бывае неабходна — гэтак жа, як Лазару — прайсці праз духоўную смерць, змрок і сумневы, якія мучаць нас. Езус прыходзіць праз тры дні, заўжды крыху спазняючыся, каб Божая ласка аб’явілася ў большай меры. Зразумела, гэта цяжкі досвед, перажыць які Езус заахвочвае толькі найбліжэйшых Яму людзей. Нездарма святая Тэрэза Вялікая сказала: «Божа, калі Ты гэтак ставішся да сваіх сяброў, то не дзіва, што іх у Цябе так мала». У цемры яшчэ ярчэй ззяе святло ласкі.


Айцец Войцех Сурувка OP
Паводле часопіса «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней