«Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!»

Велікодная нядзеля, год А (16.04.2017)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!»

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9)

 «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!»

Часамі ў драматычных фільмах можна ўбачыць такую сцэну: нейкі чалавек цяжка хварэе, яго ў шпіталі адведваюць блізкія і сябры, але, прыйшоўшы аднойчы, яны бачаць толькі акуратна засланы ложак. Таго, каго яны любілі, ужо няма. Першая рэакцыя на гэта — неразуменне, здзіўленне, роспач. А варыянтаў, куды знік чалавек, можа быць два: альбо яго выпісалі са шпіталя, і ён жывы і здаровы альбо... ён памёр. Той, хто перажыў падобную сітуацыю ў рэчаіснасці, зразумее, як моцна ўразаецца ў памяць гэты апусцелы ложак — месца, дзе мы апошні раз бачылі дарагога нам чалавека.

У Велікодную нядзелю мы прыходзім да пустой магілы. Евангелле распавядае, як Марыя Магдалена з хваляваннем шукае цела Пана. Апосталы навыперадкі бягуць да магілыА тая апусцела. Яны яшчэ не разумеюць, як растлумачыць тое, што здарылася. Падобна і мы, калі сапраўды шукаем Езуса ў Касцёле, можам штогод прыходзіць на Вялікдзень, спрабуючы ўзбудзіць у сваім сэрцы радасць ад таго, што Хрыстус уваскрос, але размінаемся з пустою магілаю. А варта затрымацца пры ёй і не баяцца прыняць гэтую пустэчу, гэтую паўзу паміж момантам, калі мы пакінулі скалечанае мёртвае цела Езуса ў магіле, і момантам, калі пачуем сваё імя з вуснаў Таго, хто, як нам здавалася, знік. Праблема ў тым, што мы баімся пустэчы, намагаемся запоўніць яе «ватаю» і «пенапластам» вымушаных пачуццяў. Не будзем жа прыдумваць тое, як магло здзейсніцца Уваскрасенне, а, затрымаўшыся на хвіліну пры пустой магіле, пачынайма шукаць Хрыста разам з нашымі братамі і сёстрамі. Бог дазваляе знайсці сябе тым, хто настойліва Яго шукае! 

Айцец Павел Мажэйка OP

 


 

Глядзіце яшчэ разважанні на Велікодную нядзелю, год А:
айцец Тамаш Міка OP 
«Песах — Пераход»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней