Змяшчаем урывак з незвычайнай кнігі, якая называецца “Размовы Настаўніка з Назарэту”. Яе склалі перадвелікодныя рэкалекцыі, якія правёў па радыё ў 1930-ым годзе Слуга Божы ксёндз Генрык Глябовіч. Асоба гэтага надзвычай ахвярнага душпастыра, “апостала еднасці хрысціянаў”, адданага Пану Богу сына нашай зямлі, несумненна, вядомая нашым чытачам. Думкі кс. Генрыка могуць быць добрай дапамогай у адарацыі Крыжа, як велікапосныя разважанні.


У адным з нумароў мы пісалі пра яго. Цяпер жа нагадаем толькі, што нарадзіўся Генрык Глябовіч у 1904г. у Гродне. Закончыў духоўную семінарыю ў Вільні, факультэт тэалогіі Люблінскага Каталіцкага універсітэта і факультэт філасофіі Універсітэта св. Тамаша ў Рыме.

З 1930г. ён быў прафесарам Віленскага універсітэта, а з 1935г. – пробашчам касцёла ў Троках. Сваёю святарскаю паслугаю ксёндз Глябовіч аказаў глыбокі ўплыў на шырокія акадэмічныя колы ў Вільні і на вернікаў тагачаснай Віленскай архідыяцэзіі. Пазней ён працаваў на Беларусі ў парафіях Хатаевічы, Корань і Аколава. За гэта сваё ахвярнае святарскае служэнне на нашай зямлі 9 лістапада 1941 года ў Барысаве ксёндз Глябовіч быў расстраляны гестапа. Папа Ян Павел ІІ уключыў Слугу Божага ксяндза Генрыка Глябовіча ў кананізацыйны працэс Мучанікаў, які распачаўся 26.01.1992 г. у Польшчы ў горадзе Влацлаўку.

Кніга “Размовы Настаўніка з Назарэту” – гэта пранікнёнае, глыбокае слова святара, звернутае да нас, сённяшніх, з амаль шасцідзесяцігадовай далечы. Але час няўладны над святлом Ісціны. Слова гэтае гучыць і цяпер надзвычай актуальна, бо “Езус Хрыстус учора і сёння Той Самы, дый навекі” (Гбр 13, 8).


Kc. Гeнpык Глябoвiч

З Крыжа

“Сапраўды, Ён быў Сын Божы”.
(Мц 27, 33-56; Лк 23, 39-43; Ян 19, 25-30)

Ёсць пэўная разнавіднасць мовы, да якой нельга застацца глухім, – гэта мова чалавека, які пакутуе. І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповым, там укрыжавалі Яго і ліхадзеяў, аднаго па правы, а другога па левы бок. Тры крыжы. Да іх прыбітыя два злачынцы і Хрыстус. Свет вынес ім адзін і той жа прысуд: укрыжуй! Сцёр усе межы дабра і зла.

І сёння гэтыя самыя межы сцірае чалавек у сваёй душы, сцірае ў калектыўнай думцы. Хоча ахапіць усё адным страсным прысудам: прэч з Ім – на крыж! Усё, што яму не пасуе, што яму яшчэ прыпамінае: зло будзе заўсёды злом, а дабро – дабром, незалежна ад таго, што ён думае, мяркуе альбо чыніць, і межаў паміж адным і другім сцерці ніхто не здолее.

Калі гэтых межаў не ўказвае ўжо чалавеку голас яго сумлення, то ўкажа яму іх людская справядлівасць, выклікаючы яго на свой трыбунал ці то цвярозага меркавання, ці то праведнага суда. Калі ж межы дабра і зла ўжо стануць такімі невыразнымі, што чалавек не зможа знайсці падтрымкі ў гэтым трыбунале, то яму заўсёды застанецца трыбунал Божай справядлівасці, які верне сцертыя чалавекам межы паміж дабром і злом.

Сярод трох смяротнікаў, распятых на крыжах, асуджаных прыгаворам людской справядлівасці, адзін – Бог, Які ніколі не дазволіць ліквідаваць бездань паміж гэтымі трыма крыжамі.

Стаялі каля крыжа Езуса Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клеафасава, і Марыя Магдалена. Стаяў там таксама ўлюбёны вучань, св. Ян Апостал, стаялі каты і рымскія салдаты на чале з сотнікам, стаялі фарысеі і натоўп. Такім чынам, стаялі пад крыжам усе тыя, з кім Езус кантактаваў пры жыцьці, каго навучаў, каму рабіў дабро, каго любіў, як сяброў, каму многае прабачыў; стаяла таксама Яго ўлюбёная Маці.

Натоўп не прыйшоў сюды, каб слухаць навуку Хрыстову, не прыйшоў, каб захапляцца Яго цудамі, не прынеслі яны з сабою хворых, не ўзялі пальмавых галінак. Народ стаяў, гледзячы. Гэтыя тры словы, пераказаныя нам евангелістам, шмат гавораць: “...стаяў, гледзячы”. Ці ж дзеля таго карміў Ты, Езу, гэты народ у пустыні, ці ж дзеля таго перапыняў Ты свае начныя малітвы, ідучы на дапамогу няшчасным, ці дзеля таго благаславіў Ты ўбогіх, ціхіх, плачучых, пакорных, каб цяпер, калі Ты сам з болю канаеш, Твой народ “стаяў, гледзячы”?

А мы, ці ж мы ніколі не “стаялі, гледзячы” ў тыя хвіліны, калі чыніўся здзек з крыжа? Мы ж таксама елі размножаны хлеб, таксама атрымлівалі ласку прабачэння, мы таксама неаднаразова віталі Хрыста з пальмаю, а потым – “стаялі, гледзячы”, як Яго ўкрыжоўвалі!

Фарысеі і вучоныя не прыйшлі пад крыж, каб лавіць Езуса на слове, – яны маглі цяпер “насміхацца” і “здзеквацца” з Яго, маглі ўкрыжоўваць Таго, Каторага не здолелі ўкаменаваць. Прыйшла іх гадзіна, гадзіна ночы, страшнай, безнадзейнай ночы душы, якой нават святло самога Крыжа не магло раз’ясніць. Такую ноч у душу магла прывесці толькі нянавісць.

Урэшце, некаторыя стаялі пад крыжам з літасці і спачування – пасіўнага спачування жанчынаў, што плакалі на крыжовай дарозе. Гэта слёзы яшчэ неадроджанай, слабой любові, не тае, што пачалася з моцы крыжа. І толькі некалькі чалавек стаяла пад крыжам з любові. Сярод іх – св. Ян Апостал, Марыя Магдалена і Маці Езуса.

Гэта крыжовае выпрабаванне любові.

Дзеянне зла заўсёды больш трывалае і паслядоўнае, чым дзеянне дабра. Сыны гэтага свету мудрэйшыя за сыноў святла... (пар. Лк 16, 8). Асірацелы, самотны кальварыйскі крыж – вечнае таму пацвярджэнне.

Дзе ж падзеліся палымяныя сэрцы апосталаў, якія так рваліся за Езусам на крыж? Дзе ж усе тыя, што прызнавалі Яго Сынам Божым? Дзе, урэшце, тыя, каму Ён спрыяў? Можа, і ёсць яны ў натоўпе, але бездапаможныя; а, можа, усумніліся, можа, таксама паддаліся шалу нянавісці? Мы ж ведаем, якое зменлівае чалавечае сэрца.

Прызнацца ў любові да Езуса ў тую хвіліну, калі Ён завіс на крыжы, азначала выклікаць гнеў фарысеяў, пайсці насуперак грамадскай думцы, а гэта пацягнула б за сабою проста “непрыемныя” вынікі, а Езусу напэўна не дапамагло б! Так разважаюць і сёння “абаронцы крыжа”, усклікаючы хіба толькі “Пане, Пане” і то так, каб хтосьці збоку гэтага не заўважыў. Такі ўчынак у іх вачах ужо лічыцца вялікім гераізмам.

Чаго ж тады здзіўляцца, што, нягледзячы на хрысціянскую большасць у нашым грамадстве, здаровай калектыўнай каталіцкай думкі мы яшчэ не маем. Яшчэ горш тое, што часта нас саміх, злітых з бяздумным натоўпам, непераадольная сіла інерцыі павярхоўных адносінаў да жыцця штурхае ў бок Хрыстовых катаў. Спрыяе таму найперш звычайная цікавасць, пасля – няпэўнасць і плыткасць нашых прынцыпаў ажно пакуль не сарвецца гіпнатычны вокліч раз’ятранага натоўпу: укрыжуй! Прэч з Ім, на крыж! – і, цалкам губляючы адчуванне праўды і дабра, мы стаім пад крыжам сярод тых, што здзекваліся з Хрыста, альбо, у лепшым выпадку, сярод пасіўнага натоўпу.

У гэтым – маўклівая, што пранізвае наскрозь сэрца, мова самотнага, асірочанага Крыжа, на якім завіс Настаўнік з Назарэту.

Найбліжэй да Хрыстовага Крыжа знаходзіліся два ліхадзеі – злачынцы. Гэта апошнія таварышы Езуса ў жыццёвай вандроўцы. Ён паміраў з тымі, каго пастаянна выдзяляў сярод натоўпу, каму аддаваў самую лепшую частку свайго сэрца і каму гэтае сэрца найшырэй адкрываў. Паміраў з грэшнікамі... са злачынцамі.

Таварышы Езуса былі асуджаны справядліва: Мы асуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго вартыя нашы ўчынкі. Яны былі асуджаны за сваё злачыннае жыццё; значыць, не адна сляза, не адна людская крыўда, зверства і кроў ляжалі на іх сумленні.

Яны былі, хіба, найдалей ад Бога з усіх там прысутных... Аднак, найбліжэй да Крыжа!

Езус канаў.

Змучаныя цярпеннем павекі былі апушчаны долу. Думка Боская вярталася да свае адвечнай Пракрыніцы. Здавалася б, што Яго ўжо нічога не звязвае з чалавекам. Аднак жа былі вузлы, якіх і цярпенні не здолелі разарваць. Тут, на зямлі, стаяла Яго Маці... Stabat Mater dolorosa... Побач – прыяцель, улюбёны вучань, які Яго не пакінуў. Урэшце, стаяў бедны, але ўлюбёны і ўлюбёны да канца ўсёю сілаю Боскай любові, чалавек.

Думка церпячага Настаўніка кіруецца да іх...

Да Яго вушэй далятаюць насмешкі, блюзнерствы... Так прамаўляе да Яго чалавек...

Свой позірк, лагодны і поўны любові, у якім нельга было прачытаць аніякага дакору, ані нават заўважыць цярпення, бо Ён не хацеў уразіць ім зраненую душу чалавека, Езус кіруе да тых, хто Яго лае; да іх імкнецца Яго позірк... мінае сваю Маці, улюбёнага вучня, верную Магдалену – затрымліваецца на катах.

Настаўнік з Назарэту прамаўляе яшчэ раз. Апошнія словы Ён скіроўвае да чалавека.

Першыя з іх прысвячае тым, каго заўсёды выдзяляў: бедным, улюбёным грэшнікам. Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць.

Не ведаюць...

Такі адказ церпячага Настаўніка на кіданыя ў Яго здзекі.

Калі пасля вядомай нам дыскусіі з Езусам людзі хацелі Яго ўкаменаваць, Ён схаваўся ад іх; Ён не мог у той час даць ім больш моцнага аргументу, чым тыя, якія перад гэтым ужо прыводзіў. Сёння мае для іх яшчэ адзін – той, пра які тады згадваў: Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што гэта Я (пар. Ян 8, 28). – “Ойча, прабач ім”.

Сапраўды, чалавек з крыжа так гаварыць не мог...

“Прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”. Ці мы таксама і сёння не ведаем, калі з крыжа насміхаемся, крыжа саромеемся, крыжа старонімся? Любоў Божая бясконцая – гэта аксіёма, але такая ж праўда і тое, што Любоў Божая ніколі не можа пераступіць межаў Ісціны.

Паглядзеў Езус і на тых, што былі найбліжэй да Яго, на таварышаў Яго Смерці. Яны таксама насміхаліся з Яго. – Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зневажалі Яго, зневажалі, бяздумна падтакваючы фарысеям. Невыносная сіла цярпенняў, перадсмяротны страх, надзея на вызваленне, якое спадзяваліся атрымаць, калі далучаць свае галасы да насмешак натоўпу,– усё гэта падштурхоўвала іх зневажаць Таго, Хто цярпеў разам з імі, і не ведалі яны, што цярпеў Ён і за іх таксама.

Рэдка хто па сваіх перакананнях абражае навуку Хрыста. Амаль заўсёды іншыя, цалкам пабочныя погляды выклікаюць такія непрыхільныя адносіны да навукі Крыжа. Найчасцей такою прычынаю з’яўляецца звычайная рэлігійная індыферэнтнасць, якая не дае сабе клопату пазнання гэтай навукі і ігнаруе яе, калі не заўсёды словам, то ўчынкамі. Часам празмерныя няшчасці, што спадаюць на душу, не падрыхтаваную да большых цяжкасцяў, выклікаюць дрэнныя адносіны да Бога і да Крыжа. Зрэшты, гэтую непрыязнасць можа выклікаць звыклая зацятасць, якая ўпарта абараняе датыхчасовы, традыцыйны стыль мыслення і жыцця. Урэшце, не раз гэты недахоп зразумення Крыжа мае свае вытокі ў звычайнай авечай пагоні за сучаснасцю, дзе ўмоваю інтэлігентнасці прывыклі лічыць абыякавасць і нават пэўнае ігнараванне рэлігіі.

Адзін са злачынцаў, што віселі на крыжы, блюзнерыў, кажучы Яму: Калі Ты Хрыстус, збаў Сябе і нас. Другі таксама перш насміхаўся з Хрыста, аднак пасля, праз нейкі час, перастаў насміхацца і задумаўся. Можа, менавіта словы Хрыста, скіраваныя да непрыяцеляў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”, абудзілі ў ім даўно яму чужыя думкі. У сэрцы паміраючага злачынцы з агромністаю сілаю нарасталі новыя пачуцці, з сілаю, якая, здавалася б, хацела перабегчы ўсе сцежкі жыцця, што заканчвалася ў гэту хвіліну, намагалася ўзняць яго да вышыні крыжа, крыжа іншага – не таго, на якім ён вісеў, – да Крыжа Хрыстовага.

Хрыстус паглядзеў на яго. І злачынца ў адзін момант пазбыўся старога чалавека.

Паяднаны з Хрыстом у дзіўным падвойным абдымку смерці і любові, ён вызнаў Яго перад усім светам.

Злачынца ўчыніў на гары Кальварыі вызнанне веры. Ці ж ты не баішся Бога, – звяртаецца ён да свайго таварыша, – калі й сам асуджаны на тое ж? Але мы асуджаны справядліва, бо дасталі тое, чаго вартыя нашы ўчынкі; а Ён нічога дрэннага не зрабіў.

Гэта Credo злачынцы. Успомні пра мяне, Пане, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!

Гэта яго першая малітва.

Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі.

Гэта яго кананізацыя.

Першая кананізацыя прысудам Настаўніка з Назарэту. Кананізацыя злачынцы на крыжы.

Першы святы ў Хрыстовым Касцёле.

Першы цуд Крыжа.

Пад Крыжам стаяла Маці Езуса і ўлюбёны вучань. Езус жа, угледзеўшы Маці і вучня, што стаяў побач, якога любіў, кажа Маці сваёй: Жанчына, вось сын Твой! Пасля кажа вучню: вось Маці твая!

Хрысціянская традыцыя заўсёды бачыла ў гэтых словах Хрыста тэстамэнтальнае адданне Маці Езуса адроджанаму чалавецтву. Такім чынам маці Божая стала Маці хрысціянства, апякункаю і заступніцаю людзей.

Пакліканне Марыі – гэта пакліканне Маці.

Човен нашага жыцця не заўсёды плыве пры святле ясных сонечных прамянёў, не заўсёды спакойна імкне па роўнядзі жыццёвых падзеяў.

Не раз даводзіцца нам перажываць у жыцці перыяды бураў; гэта хвіліны альбо нашай унутранай барацьбы, расчараванняў, альбо сямейных няшчасцяў і трагедый, альбо таксама хвіліны бурных узрушэнняў, што вынікаюць з нашых адносінаў з людзьмі.

Добра, калі гэтым бурам спадарожнічае збаўчы знак Крыжа, які, быццам святло сонечных прамянёў, дадае нам бадзёрасці, становячыся нам указальнікам у вандроўцы. Добра, калі бурлівыя хвалі не заслоняць нам гарызонту, не зацемняць ідэалаў, не парушаць прынцыпаў, на якія абапіралася наша жыццё ў перыяд цішы, бо яны, указваючы на замглёных гарызонтах нязгаснае святло, вялікае і надзейнае, будуць лагодзіць страшныя не раз узрушэньні, самыя цяжкія перажываньні і ахвяры.

Але калі мы, перажываючы буры, згубім з вачэй гэты бляск Крыжа, калі шум хваляў заглушыць яго мову, калі стане ён для нас толькі панурым знакам смерці і калі да гэтага яшчэ прыйдзе страх ночы, пазбаўленай усялякага праменьчыка святла, а гарызонт пачне мaлeць у нашых вачах, ажно пакуль цалкам не сальецца са змрокам і чарнатою хваляў, і калі човен нашага жыцця будзе пакінуты на волю ўласнага лёсу, а наша ўласная рука, што трымае ў цемры начы жыццёвы штурвал, пачне дрыжаць ад няпэўнасці, – дзе ж мы тады будзем шукаць паратунку і адкуль выглядваць дапамогі? Крыж і яго суровая мова акажуцца занадта раздражняльнымі, каб прызвычаены да цемры чалавек мог узняць увысь свой позірк. Ён хутчэй адчужана пагодзіцца на безнадзейную, вечную вандроўку падарожніка, чым падвергне сябе асляпляльнаму бляску чужога святла.

І тады на цёмным небе начной вандроўкі чалавека з’яўляецца зорка, якая не мае ўласнага святла, а нясе толькі сонечны бляск, але нясе яго надзвычай лагодна, не раздражняючы нават самага слабога чалавечага зроку. На гарызонце чалавечага жыцця з’яўляецца Марыя, Маці Езуса.

Яна спадарожнічае чалавеку ў начы яго жыцця, там, куды ўжо бляск Яе сына не мае доступу. Спадарожнічае аддана, з вернасцю Маці, лагодна, не дакараючы і не вымаўляючы. Спадарожнічае... і толькі. Яна прысутная, клапатлівая, як маці, калі дзіцяці грозіць небяспека. Яна, як ранішняя зорка, абвяшчае надыходзячы дзень, а калі сонца, узышоўшы, не абудзіць спячага чалавека, Яна зноў, з надыходам вечара, будзе несці начную варту.

І чалавек, які з усіх дзіцячых успамінаў найбольш верна захоўвае памяць пра маці, вяртаецца да яе ў думках, туліцца да яе грудзей, выклікаючы ў памяці мінулыя, шчаслівыя хвіліны маленства, захоўвае таксама, схаваныя дзесьці глыбока ў душы, пачуцці да Тае, чыё імя, разам з імем роднай маці, найчасцей паўтараў у даўнія гады.

Ідучы праз нашу Вострую Браму, мы не можам стрымаць жадання згаварыць хоць адны пацеры, якіх у іншы час, можа, вельмі рэдка, альбо і ўвогуле не гаварылі. Часта само толькі праходжанне праз гэтае месца выклікае даўнія ўспаміны, часам на хвіліну, часам даўжэй, а не раз выкліча ў душы штосьці больш неакрэсленае, аднак дарагое, бо светлае, бо высокае і шляхетнае. Гэта лагодны дотык Маці да незагойнай раны душы, дотык, які нельга ганарліва адштурхнуць, якога чалавек падсьвядома прагне і пра Які добра памятае...

Гэта апостальства Марыі, Маці Хрыста з тае хвіліны, калі з крыжа прамовіў да Яе Езус: “Жанчына, гэта Сын Твой”. І з таго часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.

З таго часу распачаўся другі цуд Крыжа – пастаянны, множаны днямі і хвілінамі, цуд навяртання тысячаў, аддадзеных Марыі ў апеку. Тваёй абароне аддаемся, Святая Маці Божая.


Пераклад Крыстыны Лялько

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней