Адчуць праз акіяны і стагоддзі еднасць веры

Публікуем фрагмент велікоднага ліста нашага знакамітага земляка Ігната Дамейкі, які ён напісаў больш чым паўтара стагоддзя назад з далёкае Чылі да сваіх родных у Парыж. Калі чытаеш ліст, міжволі думаеш, як важна для нас, сённяшніх католікаў, адчуць праз акіяны і стагоддзі еднасць у веры з тымі, што жылі задоўга да нас. Як важна нам, сённяшнім, яшчэ раз упэўніцца, што калісці даўным-даўно, невядома за якімі гарамі й марамі, людзі, аказваецца, перажывалі амаль тыя ж пачуцці жальбы і смутку ў часе Вялікага тыдня і з такім жа ўрачыстым душэўным узрушэннем чакалі Уваскрасення. Як жа саграе сэрца такое жывое ўсведамленне непарыўнае еднасці, моцы і велічы нашае веры. І таму яшчэ раз з удзячнасцю згадайма сёння таго, хто падараваў нам праз свой ліст мажлівасць перажыць высокія і светлыя пачуцці, згадайма вялікага сына Беларусі Ігната Дамейку, сусветна вядомага вучонага, блізкага сябра Адама Міцкевіча, якому было наканавана аддаць свае сілы і талент далёкай лацінаамерыканскай краіне і стаць яе нацыянальным героем, а нам у спадчыну пакінуць свае непаўторныя літаратурныя творы, свае лісты і сваю гарачую, сыноўнюю любоў да Айчыны.


Сант'яга, Вялікдзень, 4 сакавіка 1847 года.

Мае любыя Уладзіслаў і Валеры.

Сёння пасля набажэнства я адчуў невыказнае жаданне напісаць да вас: вырашыў на валачобнае даць вам кароткае апісанне Вялікага тыдня ў гэтай сталіцы.

У Вялікі чацвер, як толькі зазвоняць на Gloria, ва ўсім горадзе наступае поўны спакой і ціша; нельга нікому ані самаходам ані конна ехаць па вуліцы і ніякага транспарту не пускаюць у горад. Гэта ўносіць асаблівую змену ў сталіцу, у якой праз увесь год стаіць амаль такі самы шум і мітусня, як у вашым Парыжы; здаецца, як быццам на ўспамін Хрыстовай смерці спынілася ў людзях жыццё ад смутку. Такая ціша стаіць ажно да вечара, а як толькі пачынае шарэць, амаль увесь люд, да 6000 жыхароў, выходзіць на вуліцы і ідзе наведваць магілы, таксама, як і ў нас. Тут праяўляецца даўняя іспанская павага і набожнасць: жанчыны, пакрытыя чорнымі шалямі (basguina), багацейшыя — атласнымі, бяднейшыя — ільнянымі, усе адзетыя ў чорнае, як у найвялікшую ўрачыстасць. Просты люд у сваіх нацыянальных плашчах, якія называюцца понча. Усе падзяляюцца на групы, мінаюцца, не зважаючы адны на другіх, не вітаюцца, не размаўляюць паміж сабою; усе з суровымі тварамі, з апушчанымі вачыма, мужчыны з непакрытымі галовамі, дамы з апушчанымі вуалямі, а разам з імі — маленькія дзеці, якія ледзьве ўмеюць хадзіць. Месцамі відаць групы адных толькі старых і немаўлят. Пажылыя матроны гавораць Ружанец з сваімі праўнукамі. Сярод гэтага тлуму, што поўніць вуліцы глухім суцэльным малітоўным шэптам, лёгка заўважыш індзейскія абліччы, твары неграў, метысаў і людзей самых розных нацыянальнасцяў. Снежныя пікі Кардыльераў, якія строма ўздымаюцца над горадам, месяц у поўні, тысячы свечак па касцёлах і сухі шэлест пальмаў у кляштарах надаюць гэтай карціне незвычайнае хараство і мясцовы каларыт. Як жа міла душы бачыць тут людзей, якія ўголас моляцца на вуліцы, не зважаючы на свет і яго ўмоўнасці. Відаць тут яшчэ даўніх пакаяльнікаў, якія як бы не паспеўшы за імклівым часам, прыпыніліся на дарозе, забыўшы змяніць уборы і звычаі. Уявіце сабе гладкі, чорны, высокі, востра загнуты каўпак, у якім хаваецца ўся галава і твар пакаяльніка аж да шыі! Два малыя разрэзы для вачэй, чарнейшыя за сам каўпак вочы, і трэцяя прадаўгаватая шчыліна на вусны і на ноздры; чорная сукня, як сшытая з аднае штукі, што спадае ад шыі ажно да зямлі, і на ёй — белая мужчынская палатняная ліштва накшталт стулы, прышпіленая на грудзях. Такое ўбранне гэтых людзей, празваных як бы з мэтаю прыніжэння kukuruczos, якія тут і там снуюць сярод пабожнага люду, альбо стаяць на варце каля магілаў, альбо затрымліваюцца каля касцельных дзвярэй збоку нявольнікаў з публічнае турмы, якія тут жабруюць, трасучы цяжкімі ланцугамі і сваім енкам памнажаючы смутак і жалобу ўрачыстасці. Дадайце ж да гэтага касцёльныя хоры, спевы манахаў і манашак па ўсіх кляштарах, чыстае неба, спакой у паветры і ўмеркаванае цяпло начы, і зразумееце, што я ў гэты вечар павінен быў адчуваць і думаць, праціскаючыся праз натоўп набожнага люду...

У Вялікую пятніцу тут такія самыя абрады, як і ў нас. Уявіце сабе такія ж спевы, такія ж алтары і арнаменты; касцёлы такой жа формы і такую ж самую мову, што і ў нас (бо іспанцы амаль таксама вымаўляюць па лаціне, як і мы), і зразумееце, чаму так часта я іду да касцёла, іду, як у Польшчы, і ў касцёле аддаю сябе ва ўладу мілым чароўным ілюзіям, як бы знаходжуся ў Чэнстахове ці ў Жыровічах. (...)

На вялікім рынку перад касцёлам францішканаў збудавана і намалявана на некалькі дзясяткаў ступеняў уверх высокая гара, на якой пастаўлены тры крыжы. Да аднаго прыбіта фігура Езуса, да двух другіх — статуі разбойнікаў, на доле, пад голым небам устаноўлены амвон, каля якога сабралася амаль трыццаць тысяч людзей. Калі сшарэла, на амвон узышоў агромністай сілы казнадзея, іспанец, які меў гадзіннае казанне, а гаварыў так зычна, магутным голасам, з такім запалам і агнём, што ўся грамадскасць была як зачараваная. Ох, калі б вы ведалі, што гэта такое — іспанская мова, якою гавораць пра Бога пад зорным небам! Якая павага, веліч, годнасць і музыка. Ціша панавала такая, як быццам жывой душы не было вакол, хоць ані паліцыі, ані жандармаў, ані швейцараў не было бачна. У казанні гаварылася пра муку Хрыстову, і калі дайшло да моманту, калі пасля сканання Езуса Юзаф з Арыматэі прасіў цела Збавіцеля, каб Яго пахаваць, узышлі на Кальварыю людзі з паходнямі і трое манахаў у альбах з драбінамі, молатам і абцугамі. Казнадзея працягваў далей і апавядаў, як навучае Пісанне, а манахі ў той жа час прыставілі да крыжа драбіны, паступіліся на іх і пачалі выбіваць цвікі. На стук малаткоў і на змрочны, пранікліва-моцны голас неспрацаванага казнадзея, плач агарнуў кабет, і ў гэты момант выйшаў з-за Кардыльераў месяц. (...)

Найперш быў выняты цвік з левай рукі і паволі апушчана левае плячо Езуса, потым тое ж было зроблена з правым плячом, а ў канцы гэтак жа няспешна вынялі цвікі з ног і апусцілі фігуру Езуса, якая была так па-майстэрску, дасканала зроблена, што ногі і рукі згіналіся так, быццам былі цялесныя.

Тым часам казнадзея скончыў казанне. Люд біў сябе ў грудзі, перапрашаючы Пана Бога за грахі. Загорнутую ў белую муслінавую прасціну фігуру Хрыста паклалі на агромністы воз, зроблены накшталт гробу, аточанага аблокамі і залатымі прамянямі. У гэты час вырушыла працэсія. Наперадзе ішла вялікая фігура прарока Ісаі, які прадвяшчаў свету новую эпоху, а за ёю некалькі соцен дзяцей з пальмамі, далей — крыж Збавіцеля на вялізным пастаменце, на якім стаялі дзве прыгожыя, па-анельску ўбраныя дзяўчыны, якія атулялі сваімі рукамі святое дрэва; яшчэ далей, за пару соцен крокаў, неслі на залатых тацах цвікі і кароны, і на асобным пастаменце групу фігур, якія прадстаўлялі муку Хрыстовую. Уявіце сабе, якой велічыні павінен быць той пастамент з фігурамі, калі паміж імі змясціўся жаўнер на кані, амаль натуральнай велічыні, з дзідаю ў руцэ. Ён вастрыём гэтай сваёй доўгай дзіды не даставаў крыху да боку Езуса на вялізным крыжы. Шэсцьдзясят чалавек несла гэты агромністы твор мукі Пана, а праз пару соцен крокаў за ім неслі не менш цяжкі гроб Збавіцеля, пра які я ўжо згадваў, і за ім на асобным, такім жа вялізным пастаменце фігуру Найсвяцейшай Панны Балеснай натуральнай велічыні, пакрытую чорным хітонам. Каля яе ног бавіліся дзевяцёра дзяцей, убраных за анёлаў. І ўсе гэтыя карціны, фігуры, пастаменты былі аздобленыя мільёнамі кветак і ярка асвечаныя зялёнымі і пунсовымі свечкамі. Немагчыма злічыць шматлікіх харугваў і абразоў, якія неслі ў той жа працэсіі; тысячы людзей са свечкамі, шматлікія законы, муніцыпальная рада, эскадрон коннай гвардыі, батальён пяхоты і амаль увесь горад суправаджаў гэту працэсію. Дзвесце kukuruczos, альбо гэтых чорных пакаяльнікаў пільнавалі парадку; за кожным абразом ішоў пакаяльнік з трубою, на якой час ад часу трубіў такім сумным і пранізлівым голасам, як быццам голас гэты быў сігналам на сканчэнне свету.

У апошні дзень, у суботу, усе цырымоніі заканчваюцца касцёльнаю Імшою, на якой упершыню звоняць званы на Gloria; і тут жа тысячы вазоў і коней з усіх бакоў урываюцца ў горад; наступае галас і мітусня, як на нашых кірмашах; страляюць з гарматаў і звоняць ва ўсе званы. (...)

Вечарам у гэты дзень няма ў касцёле набажэнства. Тут не ведаюць ані нашых рэзурэкцый, ані фарбаваных яек, ані свянцонага...

Пераклад з польскай К.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней