Навуковыя даследаванні пацвердзілі ўсеагульнае перакананне, што выява Маці Божай з Гвадэлупы не з’яўляецца тварэннем чалавека.

Таямніцы гэтага палатна можна ўпэўнена параўнаць з загадкаю Турынскай плашчаніцы. Цудоўная выява Маці Божай з Гвадэлупы зачароўвае ўжо амаль 500 гадоў. Найноўшая тэхніка дазволіла раскрыць некалькі новых таямніц, якія яна ў сабе хавае.

Усё пачалося 12 снежня 1531 года, калі 57-гадовы індзеец убачыў на ўзгор’і Марыю. Яго звалі Куаутлатоатсін, што на ацтэкскай мове абазначае «вочы, якія гавораць». Разам са сваёю жонкаю ён усяго за некалькі гадоў да гэтага прыняў хрост, атрымаўшы імя Хуан Дыего. Гэты чалавек належаў да пакалення першых навернутых у хрысціянства ацтэкаў. Марыя, якую ён убачыў, гаварыла на яго роднай мове науатль. Хуан Дыего адразу ж распавёў пра ўсё біскупу Мексікі. Аднак той не паверыў. Тады індзеец папрасіў у Марыі які-небудзь знак, каб пераканаць біскупа. Гэтым знакам сталі квітнеючыя ружы, што было неверагодна ў зімовую пару. Хуан сабраў кветкі ў плашч і пайшоў да біскупа, каб паказаць іх. Калі ж ён разгарнуў свой плашч перад біскупам, на тым месцы, дзе былі кветкі, з’явілася выява Маці Божай. На абразе Марыя была адлюстравана цяжарнаю, што падкрэсліваў пояс, якім быў падперазаны яе стан. Менавіта плашч Хуана Дыего і з’яўляецца славутаю выяваю Маці Божай з Гвадэлупы. Месца аб’яўленняў — узгор’е Тэпіяк — мела для індзейцаў выключнае значэнне. Раней там стаяў храм ацтэкскай багіні Тонанцын. Варта ўзгадаць, што рэлігія ацтэкаў славілася вялікай колькасцю ахвяраў, якімі станавіліся палоннікі, і сам Хуан Дыего ў маладосці быў сведкам гэтых жорсткіх рытуалаў. На месцы аб’яўленняў Марыі біскуп загадаў паставіць капліцу, дзе незвычайная выява адразу ж была акружана вялікаю пашанаю. Культ Марыі з Гвадэлупы паспрыяў евангелізацыі Мексікі.

Сёння ў сталіцу Мексікі, дзе заснаваны санктуарый, штогод прыбывае калі 20 мільёнаў пілігрымаў (у Люрд або Фаціму каля 5 млн). Гэта не толькі найславуцейшы санктуарый у Амерыцы, але і самы наведвальны Марыйны санктуарый ва ўсім свеце. У 1979 годзе падарожнічаў сюды і Ян Павел ІІ падчас сваёй першай папскай пілігрымкі. Апошні раз ён прыязджаў сюды 31 ліпеня 2002 года, калі абвясціў Хуана Дыего святым — першым кананізаваным індзейцам.

Абраз Маці Божай з Гвадэлупы шматразова даследаваўся мастакамі, лекарамі і вучонымі. Усе прыходзілі да неверагодных высноваў. Абраз не мае ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў, хоць матэрыял, сатканы з кактусавых валокнаў,  хутка распадаецца. Той факт, што праз 470 гадоў выява захавалася без аніякіх перасцерагальных мераў у такіх складаных умовах (святло, кадзіла, натоўпы пілігрымаў), невытлумачальны з навуковага пункту гледжання. Загадкаю застаецца і тое, якім чынам узнік абраз. На палатне няма ніякіх слядоў — ні пэндзля, ні фарбавальнікаў альбо пігментаў. Размяшчэнне зорак на туніцы Марыі ідэнтычны размяшчэнню зорак на небе над Мексікаю ў снежні 1531 года. У вачах Марыі адлюстравана некалькі дзесяткаў постацяў. Гэта пацвярджаюць даследаванні акулістаў і фізікаў. Адна з гэтых постацяў, несумненна, належыць св. Хуану Дыего.

Ксёндз Томаш Яклевіч
„Gosc niedzielny” за 9 снежня 2007 г.
Пераклад з польскай мовы Г. Шаўчэнка.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней