Пане Езу Хрыстэ, мы, людзі, дзеці Бога, веруючыя і няверуючыя, праходзім на працягу гісторыі шмат крыжовых шляхоў: войнаў, голаду, хваробаў і катаклізмаў. На адзін з іх мы асудзілі і Цябе. Твой крыжовы шлях стаўся шляхам збаўлення свету. Прайдзі з намі гэты крыжовы шлях падчас эпідэміі і моцаю Духа, які здольны абнавіць аблічча зямлі, асвяці гэты шлях, каб ён прывёў нас да Твайго ўваскрасення.
Стацыя І. Езус асуджаны на смерць. Асуджаныя на эпідэмію
Езус асуджаны на смерць. Так вырашыў Сінедрыён. Так крычалі людзі. Так пастанавіў Пілат. Калі б не нарадзіўся, не быў бы асуджаны. Калі б гэта не было воляю Айца, ніхто б не зрабіў Яму крыўды. Таямніца крыжа — гэта таямніца маёй свабоды, свабоды іншага чалавека, таямніца прыроды свету і Бога.
Мы асуджаныя на эпідэмію віруса, які ўжо забраў жыцці амаль двух з паловаю мільёнаў чалавек. Ці было гэта чыёсьці рашэнне, ці памылка чалавека, ці таямніца прыроды, старэйшай за чалавецтва, ці наступствы жыцця ў глабальнай вёсцы, а можа, містэрыяй Божага Провіду, мы не ведаем. Ведаем толькі, што мы асуджаныя прайсці гэты шлях. У самоце, часам пакінутыя дзяржавай і нават несумленнымі ўрачамі, робячы крок за крокам на гэтым шляху, мы павінны нагадваць сабе: «Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў» (Мц 10, 29–31).
Стацыя ІІ. Езус бярэ крыж. Парадокс каранціну
Езус бярэ крыж і ідзе. Не азіраецца назад, але, кіраваны любоўю, набліжаецца да Галготы, каб адкрыць у чалавеку любоў, зразуменне і цярплівасць. Праз крыж Хрыстус жадае «перадаць сваю міласэрнасць, каб пранікнуць у сэрцы людзей і натхніць іх шукаць шлях вяртання да Айца».
Многія людзі апынуліся ў ізаляцыі, каб пазбегнуць заражэння, многія згубілі працу, многія ўпалі ў дэпрэсію, многія страцілі блізкіх. Крыж, такі цяжкі (невыносна нязручна яго перакладзіна ляжыць на плячы, упіваючыся ў косці і яшчэ больш раздзіраючы ўжо нанесеныя раны), і цяжка ўявіць, як доўга давядзецца цярпець гэты боль. Смерць стала блізкай да кожнага, яна зусім побач. І добра, калі смерць дапамагае нам убачыць жыццё, нашы адносіны з Богам і бліжнімі і, абняўшы мацней крыж, пачаць шлях ачышчэння.
Стацыя ІІІ. Езус падае першы раз. Правіла добрага самараніна
Пад цяжарам крыжа Езус падае, але з любові да чалавека ўстае і ідзе далей. І становіцца няважным, што Ён упаў, важна толькі, што Ён не дазволіў сабе застацца ў роспачы, без надзеі і абыякавасці гэтага падзення. Ён устае, бо хоча, каб мы мелі жыццё вечнае. Балюча, невыносна цяжка, але жаданне дабра прымушае яго працягнуць шлях. Не страх, але жаданне дабра.
Атака каранавіруса паваліла многіх з нас, мы паддаліся страху, паніцы з-за няўпэўненасці і пачуцця пастаяннай небяспекі. Некаторыя, наадварот, палічылі, што выкананне мераў бяспекі — гэта недавер да Бога, што Імша анлайн — гэта абраза Божай моцы, якая праяўляецца ў Эўхарыстыі. Усе мы ўпалі: у пыху, страх, абыякавасць, але каштоўнае дабравольнае жаданне дабра, якое змушае ўстаць і працягваць шлях. Памолімся аб аднаўленні любові ў нашых сэрцах, і асабліва цяпер, калі ўсё здаецца няпэўным, будзем падтрымліваць адзін аднаго і шукаць дабра.
Стацыя IV. Езус сустракае сваю Маці. Эмпатыя і чуласць
Езус знаходзіцца ў цяжкім моманце — Ён абсалютна адзінокі ў сваім цярпенні. Многія баяліся падысці да Настаўніка, і толькі Маці была блізка. Марыя адарыла Езуса любоўю, чуласцю і спачуваннем. Не магла нічога зрабіць для Яго ці нават за Яго, але проста была блізка.
У гэтыя няпростыя, драматычныя часы мы, з аднаго боку, бачым вакол шмат цярпення, але з іншага, гэта становіцца для нас нагодаю ўзрастаць у эмпатыі і чуласці да бліжніх. Але хто гэты бліжні? Маці Тэрэза казала, што цяжэй за ўсё любіць тых, хто побач. Як Марыя была блізка да свайго Сына, гэтак жа і мы пакліканыя праявіць міласэрнасць, спачуванне перш за ўсё да нашых родных і блізкіх і, нягледзячы на іх недахопы і грахі, убачыць іх цярпенне. Памолімся словамі папы Францішка і папросім Пана, каб гэты «час Вялікага посту дапамог нам надаць евангельскі сэнс гэтаму моманту выпрабавання і болю».
Стацыя V. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж. Змушаная міласэрнасць
Паводле традыцыі, Сымона прымусілі дапамагаць Езусу несці крыж. Аднак гэты факт ніяк не памяншае яго заслугаў. Ён закасаў рукавы і дазволіў, каб далей ім кіравала змушаная міласэрнасць. Дапамога Сымона прынесла Настаўніку палёгку.
Перад абліччам смяротнага віруса лёгка разгубіцца. Колькі ж тых, хто крытыкуе і панікуе, тых, чыя душа заслонена чорнаю хмараю незадаволенасці. Многія не заўважаюць урачоў, медсясцёр і іншы медыцынскі персанал, тых, хто да апошняга змагаецца за жыцці хворых; не бачаць перажыванняў пілотаў і сцюардэсаў, праваднікоў, якія перавозяць у транспарце не аднаго пасажыра, які, утаіўшы свой дыягназ, заразіў іншых. Памолімся за Сымонаў з Кірынэі эпохі каронавіруса, якія, нягледзячы на страх і небяспеку, служаць хворым, шчыра жадаючы ім дапамагчы.
Стацыя VІ. Вераніка выцірае твар Езуса. Любоў без ізаляцыі
На крыжовым шляху з’яўляецца смелая кабета. Яна праціснулася праз натоўп і абцерла спацелы, скрываўлены твар Езуса. Не пабаялася згубіць добрае імя, бо ўспрыняла крыжовы шлях з моцаю веры, упэўненасцю надзеі і велікадушнасцю любові.
У змрочны час пандэміі каронавіруса неабходна падкрэсліць, што няма любові ў ізаляцыі. Больш за тое, няма любові без фактаў. «Сапраўдную любоў не ўдасца ізаляваць, — кажа Францішак. — Калі ж яе ізаляваць, гэта будзе ўжо не любоў, а толькі адухоўленая форма эгаізму». Як жа было ўзрушальна бачыць, калі многія беларусы аб’ядналіся, каб дапамагчы медыкам справіцца з каронавірусам, ахвяруючы свае грошы і час на закупку сродкаў індывідуальнай абароны, на ахоўныя касцюмы, на чыстую пітную ваду. Памолімся за ўсіх, хто ў гэты час вельмі канкрэтна праявіў сваю любоў і, як Вераніка, нясе Бога ў свет праз малыя ўчынкі міласэрнасці, можа, нават не ўсведамляючы гэтага.
Стацыя VІІ. Езус падае другі раз. Пандэмія малітвы
Другое падзенне цяжэйшае за першае. Аднак Езус устаў. Сваім учынкам Ён паказвае нам, што любоў — гэта ўчынкі.
Недастаткова толькі казаць: «Пане, Пане!». Не кожны, хто так кажа, будзе выслуханы. Жыццёваю праграмаю з’яўляецца любоў, што праяўляецца ва ўчынках, адзін з якіх — малітва. Каранавірус стварыў ланцужок малітвы па ўсім свеце і даў зразумець, што лепш маліцца за тых, хто праходзіць выпрабаванне хваробаю, чым адчайвацца. Папа Францішак заахвочвае нас «адказаць на пандэмію віруса пандэміяй малітвы». Памолімся, каб наша малітва не была наступствам страху, але была вынікам даверу да Божай міласэрнасці.
Getty Images, Alessandra Benedetti - Corbis , Contributor
Стацыя VIII. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Езус ідзе на Галготу, несучы крыж. Яго бачаць ерузалемскія жанчыны, якія з вялікім спачуваннем голасна плачуць. Але Езус намагаецца скіраваць іх пачуцці на іх уласных дзяцей, кажучы: «Не плачце па Мне, плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28).
Час пандэміі яскрава паказаў, што мы не можам узяць на сябе чужы боль. Мы не здольныя пазбавіць цярпенняў іншага чалавека ці перажыць іх за яго, але мы можам проста быць побач, каб хворы не чуўся самотным ці адкінутым. Без парадаў, без гучных словаў ці пачуццяў, але ціхай прысутнасцю можна адорваць чалавека падтрымкаю.
Стацыя IX. Езус падае трэці раз. Заўсёды бачыць мэту
Езус падае трэці раз. Аднак Ён бачыць перад сабою толькі мэту, таму ўстае, каб вызваліць чалавека з цеснаты хцівасці, эгаізму і шуму гэтага свету. Ці адчувае Ён страх? Ці адчувае стому? У гэтым няма сумненняў. Але, нягледзячы на тое, што сілы пакідаюць Яго, устае, бо грэх усяго свету павінен быць знішчаны, бо Айцец хоча збавіць чалавека.
Ці баіцца чалавек віруса? Ці баіцца памерці, задыхаючыся ў самоце бальнічнай палаты? Ці стаміўся захоўваць бяспеку, каб не падвергнуць небяспецы старэйшых асобаў з сям’і? Многія з нас перажывалі хвіліны панікі і стомы. Аднак, углядаючыся ў Езуса, які падае, але падымаецца, нам трэба адказаць сабе на пытанне, якая наша мэта. Дзеля чаго мы жывём і дзеля чаго гатовы памерці? Ці сапраўды верым, што смерць стане момантам сустрэчы з Хрыстом? Што нас матывуе, каб кожны раз, калі мы падаем, падымацца і ісці далей?..
Стацыя X. З Езуса здзіраюць адзенне. Адкрываем праўду пра сябе
З Езуса здзіраюць адзенне, выстаўляючы яго на пасмешышча і ганьбу, на прыніжэнне і здзекі, каб усе ўбачылі, што Той, Хто называў сябе Месіяй, усяго толькі голы кароль. Аднак ка́ты не ведалі, што гэты жэст будзе моцным знакам кенозы ўцелаўлення. Яны не разумелі, што любоў Бога ў сваёй аголенасці закрые ўсю аголенасць Адама і Евы.
Пандэмія агаліла чалавецтва аж да глыбіні сэрцаў. Хвароба здзірае маскі і забівае наш несапраўдны твар. Яна выявіла трупныя чэрапы, схаваныя ў пабеленых трунах, і выцягнула на святло перліны, незаўважныя ў пыле штодзённасці. «Дзякуючы» пандэміі мы можам не проста ўбачыць праўду пра сябе, але і ўбачыць шлях да сапраўдных пераменаў. Так, гэта крыжовы шлях, але Хрыстовы.
Стацыя XI. Укрыжаванне Езуса. Тры цвікі пандэміі
Езус прыбіты да крыжа. Адзін цвік убіты ў левую далонь, другі — у правую, трэці — каб умацаваць ногі. Гэты боль самы востры з тых, што калі-небудзь быў ці калі-небудзь яшчэ будзе. Тое, што было крыжовым шляхам, цяпер становіцца самім крыжам. Цвікі даюць упэўненасць, што ўжо ніхто не аддзеліць Яго ад крыжа.
На гэтай стацыі падумаем пра тых, хто прыбіты хаця б адным цвіком эпідэміі. Можа, гэта цвік, які забіў кагосьці з блізкіх, ці які не дазваляе дыхаць, бо ў шпіталі эканомяць кісларод, ці які прыбіў да працоўных месцаў урачоў і медсясцёр, не даючы ім вярнуцца да ўласных сем’яў. Падумаем пра іх. Памолімся. Падзелімся вераю ў тое, што нават самы балючы цвік можа стаць прыладаю збаўлення.
Стацыя XII. Езус памірае на крыжы. Смерць чалавека
Настаўнік з Назарэта канае. Хутка Ён вымавіць свае апошнія словы: «Здзейснілася! Ойча, у Твае рукі аддаю Я дух Мой!» (Ян 19, 30; Лк 23, 46). Акружаны нянавісцю, Езус нікому не жадаў зла. Хоць Ён і паміраў з прычыны злых чалавечых сэрцаў, але ведаў, што нічога дрэннага з Ім не здарылася б без волі Айца.
Гэтак жа смяротны вірус ідзе па зямлі і збірае жудаснае жніво, забіраючы «нявінных» людзей. Многія пачалі ўсведамляць сваю крохкасць і бездапаможнасць перад абліччам страху, хваробы і смерці. Разам з тым ці задумваемся мы, колькі ў свеце было забіта яшчэ не народжаных жыццяў, колькі тых, хто не толькі апошні год церпіць з-за голаду і нястачы?.. Памолімся разам з папам Францішкам: «Просім Пана жыцця, каб Ён затрымаў пагрозу смерці і напоўніў сэрца чалавека пашанаю да кожнага жыцця». Памолімся за памерлых, каб Пан адарыў іх вечнаю хвалою, а жывым удзяліў сваё благаслаўленне.
Стацыя XIII. Езуса здымаюць з крыжа. Пашана да цела
Здавалася, што разам са смерцю Езуса ўсё закончылася. Цела Пана вырашылі зняць з крыжа, і гэта дазволіла адкрыцца новай якасці адносінаў да памерлага. Юзаф з Арыматэі, які раней баяўся адкрыта казаць пра сваю веру ў Езуса, сам пайшоў да Пілата і аддаў новую магілу, што належыла яму, для таго, каб пакласці туды цела Настаўніка. Мёртвае, скатаванае цела Хрыста закручана ў белую плашчаніцу і пакладзена ў грабніцы сярод квітнеючых дрэваў. Новы Адам змёртвыхпаўстане там, дзе памёр Адам стары, — у садзе.
Для многіх родных памерлых ад каранавіруса вялікім цярпеннем стала немагчымасць годна развітацца са спачылым. Мёртвае, змучанае хваробаю цела аддалі ў цёмным запаяным поліэтыленавым мяшку, у якім і трэба было пахаваць блізкага чалавека. Але гэтае цярпенне паказвае нам праўду пра нашую любоў і чуласць да тых, хто быў з намі побач, з кім мы прайшлі многія цяжкасці і радасці разам і хто, хоць і памёр для гэтага жыцця, нарадзіўся для жыцця вечнага і застанецца ў нашай памяці і малітвах. Памолімся да Збаўцы, каб Ён распальваў у нас любоў да бліжніх і адорваў ласкаю годнага развітання з дарагімі нашаму сэрцу людзьмі.
Стацыя XIV. Езуса кладуць у грабніцу. Маці надзеі
Здавалася б, магіла заўсёды сівмалізуе смерць надзеі. Мы бачым вучняў Хрыста, расчараваных Настаўнікам і сабою, засмучаных, разгубленых. Бачым жанчын, якія нядзельнай раніцаю пойдуць да грабніцы, каб намасціць мёртвае цела Езуса. Быццам усе згадзіліся са смерцю, забыліся пра тыя прароцтвы, якія пакінуў Месія. У Святым Пісанні мы не знойдзем ніводнага слова пра роспач Марыі. Здаецца, Яна адзіная, у чыім сэрцы захавалася кожнае слова Бога, які аднойчы сказаў Ёй, што ў Яго няма нічога немагчымага. Нічога.
За апошні год беларусы сутыкнуліся з такім маштабам цярпенняў, які раней цяжка было нават уявіць: хваробы, смерці, забойствы, хлусня, пераслед, абыякавасць, пакінутасць… Езус узяў усё гэта на сябе. «Не ведаючы граху, Ён стаўся грахом» (гл. 2 Кар 5, 21), і кожны наш боль быў прыбіты цвікамі да Яго крыжа. Кожнае наша цярпенне стала збавенным, але толькі калі мы верым, што «для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Прыслухоўваючыся да Сэрца Багародзіцы, мы можам адкрыць Яе як Маці надзеі, якая насуперак надзеі паверыла з надзеяй, што станецца сказанае Ёй Панам.
***
Пане Езу Хрыстэ, крыжовы шлях завяршаецца 14-й стацыяй, але гэта не апошняя стацыя Евангелля. Пасля мукі і ўкрыжавання надыдзе і дзень уваскрасення. Жыццё пераможа смерць, плач пераменіцца ў радасць, а страх будзе ўтаймаваны спакоем.
О Пане Сусвету, Ты, як і многія, ведаеш, што такое чалавечы боль і, як ніхто іншы, ведаеш, што такое моц Уваскрасення. Просім Цябе, будзь з намі да канца на крыжовым шляху эпідэміі. Калі на гэта ёсць Твая воля, натхні Духам сваім вучоных, якія шукаюць і выпрабоўваюць вакцыны; умацуй тых, хто ратуе хворых; суцеш тых, хто развітваецца з блізкімі. Падрыхтуй нашыя сэрцы да ўзаемнага прабачэння і паяднання і благаславі кожнага на перамогу здароўя над хваробаю, на перамогу жыцця над смерцю. Амэн.
Падрыхтавала Дар’я Адламёнак
Паводле інтэрнэт-крыніцаў:
plus.gazetakrakowska.pl, wegrzyniak.com