Кожны католік па-свойму асэнсоўвае Крыжовы шлях Хрыста. Сваё разважанне Мукі Збаўцы прапануе вядомая пісьменніца Ірына Жарнасек.
Уступная малітва
Разам з Марыяй, Маці Балеснай, мы пройдзем, о Езу, гэты Шлях Крыжовы, які прайшоў Ты, каб здабыць нам адкупленне на Кальварыі. Пакорна просім Цябе, учыні, каб разважанне над галоўнымі таямніцамі Тваіх пакутаў напоўніла нашыя сэрцы жалем за грахі і ўдзячнасцю за Тваю любоў да нас.
Стацыя І
Езус асуджаны на смерць
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Натоўп крычаў: «Укрыжуй!» Натоўп забыў, што яшчэ зусім нядаўна ён вітаў Езуса: «Гасанна». Людзі здрадзілі Яму і патрабавалі ў Пілата Ягонай смерці. Палахлівы Пілат вынес несправядлівы вырак і асудзіў саму Праўду, крывадушна пры гэтым абмыўшы рукі ад крыві Асуджанага. Езус прыняў вырак моўчкі, з годнасцю. Не захацеў гаварыць са сваімі суддзямі на мове сілы, але загаварыў з імі на маўклівай мове пакоры й пакутаў, напоўненых любоўю — ціхай і ўсёпераможнай.
Езу Міласэрны! Не дазволь, каб у самую цяжкую хвіліну жыцця, у часе панавання несправядлівасці й няпраўды, маё сэрца адступілася ад Цябе. Дазволь мне заўсёды адважна, не крывячы душой, вызнаваць Цябе, мой Пане і Божа!
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя II
Езус прымае крыж
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Ён прыняў крыж на свае змучаныя плечы... Ён мог унікнуць яго, мог узбунтавацца, запратэставаць. Але Ён прыняў крыж, які быў апушчаны на Ягоныя плечы Айцом і ўскладзены людзьмі. Людзі яшчэ не ведалі, што ўскладаюць на плечы Езуса крыж свайго збаўлення. Езус гэта ведаў і таму прыняў ганебную прыладу катавання з рук раз’юшаных людзей з любоўю і пакорай.
Езу ласкавы! У кожнага з нас свой крыж, кожны — цяжкі. Але мой крыж мае сэнс толькі тады, калі ён — маленькая часцінка Твайго. Дазволь жа, мой Пане, не згубіць мне гэтага сэнсу, не ўнікаць ягонага цяжару, падтрымай пад гэтай ношай. Дапамажы нават з-пад цяжару крыжа любіць Цябе, мой Пане, а таксама бліжняга свайго...
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя III
Езус падае першы раз
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Цяжар крыжа, які ўвабраў у сябе грахі людскія, непамерны. Езус падае пад гэтым цяжарам, каб зноў падняцца і зноў доўжыць свой пакутлівы шлях. I на гэты раз Ён не скінуў крыжа з плячэй, не адштурхнуў, не ўзбунтаваўся, але паволі, крок за крокам панёс далей...
О Езу найцярплівейшы! Я столькі разоў падаю пад цяжарам майго крыжа! Столькі разоў мяне апаноўвае спакуса скінуць яго з плячэй і тым самым аблегчыць сваё жыццё!.. Добры Езу! Не дазволь мне атрымаіць часовай палёгкі цаной здрады Табе. Учыні, каб пасля кожнага падзення ў мяне знаходзіліся сілы падняцца і прадоўжыць свой шлях — услед за Табой.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя IV
Езус сустракае Сваю Маці Балесную
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
На Ягоным крыжовым шляху паўстала Маці. Хіба магла Яна не прыйсці на пакутлівы шлях свайго Сына? Яна прыйшла са сваім невымоўным болем, каб яшчэ раз сустрэць Сынаў позірк. Не плакала, не галасіла, а толькі паглядзела ў вочы. Абое, яны не прамовілі ні слова — праўдзівая любоў не патрабуе слоў. Яна ведала: Сын павінен прайсці гэты шлях. I прыйшла раздзяліць яго.
О Езу! Тваю верную Маці можна сустрэць на ўсіх пакутлівых сцежках. Яна ўсё ведае, усё разумее, усё прымае. Дазволь, каб мая любоў да Цябе была годнаю Яе мацярынскай любові. Маці Балесная! Дапамажы мне любіць Твайго Сына так, як Ты, даверыць Яму сваё жыццё так, як Ты.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя V
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Цудоўная ласка Божая напаткала Сымона Кірынэйца: яму загадалі дапамагчы Асуджанаму несці крыж. Тады Сымон яшчэ не ведаў, што гэта — ласка. Ен зразумее тое пазней. Але Сымон дапамог несці крыж і праз гэты чын дабрыні стаўся для нас вялікім і добрым.
Пане мой, Езу! Удзел у Тваім Крыжовым шляху — найвышэйшая ласка. Калі ты дзелішся са мной сваім крыжам, як падзяліўся з Кірынэйцам, я ведаю: Ты любіш мяне. Дазволь мне, о Пане, без прымусу дзяліць з Табой Твой крыж. Бо шчаслівы, хто паможа несці крыж Хрысту. Пашлі мне гэтае шчасце, Пане. Дазволь удзельнічаць у справе збаўлення.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя VІ
Вераніка выцірае твар Езуса
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Яна выбегла насустрач Езусу з хустай у руках, забыўшыся на страх і небяспеку, і абцерла Ягоны скрываўлены твар. 3 усяго натоўпу адна яна не пабаялася паспачуваць Асуджанаму, а на вачах ва ўсіх выказала сваю любоў. I Езус узнагародзіў Вераніку — пакінуў на яе хусціне адбітак Свайго святога Аблічча.
О Езу ласкавы! За кожны рух любові Ты шчодра ўзнагароджваеш Сваёй любоўю. Дапамажы мне заўсёды, не тоячыся любіць і вызнаваць Цябе. Нават тады, калі гэта будзе небяспечна для майго жыцця. Няхай Тваё аблічча заўсёды нагадвае мне цану збаўлення. Няхай яно назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, як засталося на хусце Веранікі.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя VII
Езус падае другі раз
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Людзі тоўпяцца ўздоўж дарогі, той пакутлівай дарогі, па якой пралягае шлях збаўлення. I пацяшаюцца над чалавекам, які ідзе па тым шляху. Чалавек жа падае другі раз — у пыл і гразь. Падае, каб наноў падняцца і доўжыць свой шлях пад смех і крыкі ачмурэлага ад жорсткасці натоўпу.
Пане Езу! Твой настойлівы шлях вучыць нас не саступаць з дарогі праўды, калі нават жорсткі свет асмейвае гэтую праўду, праследуе яе. Дапамажы мне, о Пане, не адступіцца ад Тваёй праўды, калі нават цэлы свет адрыне яе.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя VIII
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Жанчыны абступілі Езуса, не шкадуючы ні слёз, ні слоў. Але Ён адказаў ім цвёрда: «Не нада Мной плачце, але самі над сабой і над дзецьмі вашымі», Мудрае і мужнае навучанне: паразы й пакуты справядлівых менш вартыя жалю, чымсьці самы пераможны грэх...
Езу наймудрэйшы! Табе не патрэбна нашае спачуванне й шкадоба да Тваіх пакутаў. Табе патрэбныя наша вера, любоў, мужнасць наследавання Твайго шляху, шчыры жаль за грахі. Пашлі мне, о Пане, ласку шчырага жалю за грахі і мужнай любові да Бога і людзей.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя ІХ
Езус падае трэці раз
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Каб па-сапраўднаму быць моцным — трэба пазнаць сваю слабасць. Езус зняможаны, падае трэці раз — вялікі цяжар грахоў чалавецтва! Але Ён зноў падымаецца, каб здзейсніць справу збаўлення тых, чые грахі прыціскаюць Яго да зямлі.
О Езу найцярплівейшы! Тваё трэцяе падзенне — найвялікшая пакора. Твая любоў не ведае межаў. Ты заўсёды прабачаеш нам, калі мы спатыкаемся на сваім шляху. Не пакінь мяне, о Пане, калі да мяне падступяцца сумненні й паняверка, не дазволь спакусе лёгкага жыцця завалодаць маім сэрцам.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя Х
З Езуса здзіраюць адзенне
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Адзіную ўласнасць, якую меў Езус, у Яго адабралі — цэльнатканую сукню, якую выткалі рукі Маці Божай. I адкрылася скрываўленае, зраненае цела... Сын Божы стаў перад усім светам — аголены, выдадзены на здзекі і насмешкі. Пакуты Таго, хто ёсць сама Сціпласць і Чысціня — гэта пакуты за бессаромнасць людскую, за згублены сорам кожнага чалавека.
О Езу, ціхі і пакорны сэрцам! Дазволь, каб сорам, сумленне і прага чысціні не пакідалі мяне ў самых розных жыццёвых выпадках. Дапамажы мне, о Пане, у чысціні захаваць аголеную праўду майго жыцця, з якой я некалі стану прад абліччам Тваім. Дапамажы памятаць, што чалавек створаны на Тваё падабенства.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя ХІ
Укрыжаванне Езуса
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Яго прыбілі да крыжа... Ягоныя рукі ўжо безуладныя і не могуць больш аздараўляць, багаслаўляць, чыніць дабро. Ягоныя ногі ўжо не пойдуць больш вандраваць па зямлі. Вандроўка скончылася. Святая Езусава Кроў сцякае на зямлю — збаўляе, ратуе ад вечнай смерці людзей.
У хвіліны гора й адчаю пашлі мне, Пане, ласку адчуць Тваю збавенную кроў, якая надае моцы. Дазволь мне заўсёды памятаць, што Ты ратаваў нас у той час, калі мы прыбілі Цябе да крыжа. Калі мы хацелі перамагчы Цябе, знішчыць Цябе — Ты ратаваў нас з нашых цяжкіх грахоў. «Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом... жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2,19–20).
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя ХІІ
Езус памірае на крыжы
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мойп, — усклікнуў Езус з крыжа да Айца Нябеснага. Праз тысячагоддзі Ягоныя словы пранікаюць да нас і напаўняюць Ягоную смерць вялікім сэнсам — для нас збавенным. Бо смерць — не параза, калі за яе парогам людзей услед за Сынам Чалавечым чакае спатканне з Айцом Нябесным. Сваёй смерцю на крыжы Езус падараваў гэтую магчымасць чалавецтву.
Езу міласэрны! Учыні так, каб заўсёды, калі бачу Цябе на крыжы, мае вочы і сэрца бачылі збавенны сэнс Тваёй смерці. Не дазволь мне калі-небудзь забыць, што ў Крыжы Тваім і мучэнне, і збаўленне, і любові навука.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя ХІІІ
Езуса здымаюць з крыжа
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Змучанае Езусава цела знялі з крыжа. Крыж апусцеў. I над целам Сына схілілася верная Маці. Ад стаенкі ў Бэтлееме Яна дайшла ўслед за Сынам да Кальварыі. Што ў смутку Тваім, святая Марыя? Што ў маўчанні Тваім? Што — у слязах? Любоў... Мячом прабітае сэрца Найсвяцейшай Маці ўмее любіць гэтак жа, як і ў Бэтлееме. Толькі цяпер Яна яшчэ і Маці ўсяго чалавецтва — па запавету Сына, пасланага з Крыжа на Кальварыі.
Езу ласкавы! Дзякуй за тое, што не пакінуў нас без Мацярынскай апекі. Учыні, каб гэтак жа, як над Тваім целам, знятым з Крыжа, Найсвяцейшая Маці Божая схілілася і нада мной у хвіліну маёй смерці. «Маліся за нас, Маці Божая, цяпер і ў хвіліну смерці нашай».
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Стацыя ХІV
Езуса кладуць у грабніцу
К.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Здзейснілася. Крыжовы шлях скончыўся. Езуса пахавалі ў магілу. Каменем цяжкім уваход прывалілі. Бога забілі. I ...ціха. Заснула спакойна зямля. Як дзіця ў калысцы — бесклапотна. Яна можа спаць спакойна. Цяпер ужо можа. Бо здзейснілася. Бо шлях у цемры скончыўся. Бо святло ўжо блізка. Жыццё вечнае блізка. Смерць пераможана. І заўтра будзе Змёртвыхпаўстанне.
О Езу — крыніца жыцця вечнага! Няма гэткіх слоў, каб аддзячыць Табе за гэты цудоўны дар — дар уваскрасення. Ты ведаеш, усё ведаеш пра мяне. Прасіць не асмельваюся. Дазволь адно спадзявацца, шго ў Тваім Нябесным Каралеўстве і мне знойдзецца месца.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Заканчэнне
Молімся. Усемагутны, вечны Божа! Па Тваёй волі наш Збаўца прыняў цела і атрымаў смерць крыжовую. Ласкава ўчыні, каб мы чэрпалі для сябе навуку з Ягонай цярплівасці і заслужылі ўдзел у Змёртвыхпаўстанні. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.