Разважанні Крыжовага шляху. «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя...»

На працягу Вялікага посту прапануем вам разважанні над мукаю нашага Пана Езуса Хрыста, бо каб годна перажыць Яго ўваскрасенне, трэба найперш прайсці з Ім праз ганьбу, пакуты і крыж, ачысціўшы гэтым уласныя душы і сэрцы.  


І. Езус асуджаны на смерць

Прысуды. Мы прызвычаіліся выносіць іх кожны дзень. Але ці маем мы адвагу вынесці справядлівы прысуд сабе?

Прысуды. Кінутыя часам бяздумна некалькі словаў, здольных вырашыць лёс чалавека.

Прысуды. Бескампрамісныя, цвёрдыя. Не так важна, ці вінаваты той, каго мы асуджаем, бо часта мы робім гэта, каб знайсці апраўданне сваім упадкам, тлумачэнне сваім няўдачам...

 «Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (Лк 6, 37–38).

 

ІІ. Езус бярэ крыж

Мець адвагу панесці свой крыж і не страціць здольнасці бачыць свет па-за яго цяжарам. Не заплюшчваць вочы, стомленыя ад уласных праблемаў, на праблемы іншых. Пачуць тых, хто крычыць у пустэльні, знаходзячыся сярод натоўпу. Прымаць тое, што немагчыма змяніць, але не заставацца абыякавым да таго, што патрабуе зменаў, як Сын Чалавечы, што «не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мц 20, 28).

 

 

ІІІ. Езус падае першы раз

Жыццё іншага чалавека — амаль заўсёды загадка. Мы пражываем сваё, не маючы ніякага ўяўлення пра тых, хто ідзе з намі па вуліцы, пра тых, хто жыве за сцяною, пра тых, хто побач... Але і не маем ніякага жадання ведаць. Якая мне ўрэшце справа да таго, чым жыве іншы чалавек, якая справа да чужых думак, мараў, жаданняў? Я заняты. Заняты будаваннем сцяны вакол сябе самога. Сцяны, якую так цяжка часам прабіць, каб проста усміхнуцца, першаму падаць руку і сказаць: «Прывітанне, я так рады бачыць цябе!..»

 

 

ІV. Езус сустракае сваю Маці

«Бо любоў моцная, як смерць... Воды вялікія не могуць пагасіць любові, і рэкам не заліць яе» (Пп 8, 6–7). Яна мацнейшая за смерць, бо толькі яна смерць перамагае. Нішто не мае вартасці без любові. Найлепшыя намаганні ператворацца ў попел, калі па-за межамі любові ўчыненыя, а тое, што з любові выцякае, будзе трываць на вякі: «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16).

 

 

 

V. Сымон Кірынэец  дапамагае Езусу несці крыж

Страх... Ён, нібы цень, пераследуе, ён чапляецца, нібы плюшч і не адпускае ад сябе, падпарадкоўваючы па крупінцы душу і сэрца, розум і волю, ператвараючы жыццё ў пекла. У яго мільёны абліччаў. Страх няўпэўненасці, страх адчаю, страх быць адкінутым, страх быць непатрэбным, страх не зразумець і застацца незразуметым, страх болю, адзіноты, няведання, першага кроку. Страх нічога не зрабіць...

Хто будзе прасіць — таму будзе дадзена. Хто будзе стукацца — таму адчыняць. Калі Бог з табою, хто супраць цябе?

 

VI. Вераніка выцірае твар Езуса

Часам аддаваць могуць тыя, хто не мае нічога. Часам дынары беднай удавы даражэйшыя за ўсе багацці свету, а звычайны рух, каб выцерці хусцінай збалелы твар, варты самых маштабных дзеяў чалавецтва. Часам адна кропля крыві здольная адкупіць увесь свет. Не заўсёды, калі пераможаш, то выйграеш, але здараецца, што, прайграўшы, перамагаеш.

«Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго» (Мц 10, 39).

 

 

VII. Езус падае другі раз

Вольная воля — адзін з найвялікшых дароў, дадзеных чалавеку. Рабіць выбар — адна з найвялікшых праблемаў у жыцці. Лёгка выбіраць паміж дабром і злом, святлом і цемрай. Але як жа часта мы вымушаныя рабіць зусім іншы выбар: паміж дабром цяпер і дабром потым, дабром для сябе і дабром для іншых, дабром чакання і дабром дзеяння...

Божа, дапамажы нам у тыя хвіліны жыцця, калі мы стаім на перакрыжаванні, зрабіць правільны выбар і накіраваць свой шлях па той дарозе, якую Ты прызначыў нам.

«А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе» (Мц 7, 14).

 

VIII. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Слёзы прыносяць адчай. Яны выпальваюць сэрца так, што застаецца чорная пустка. Слёзы прыносяць смутак. Яны ахінаюць душу і засцілаюць вочы так, што губляецца здольнасць бачыць усе колеры, акрамя шэрага.

Слёзы прыносяць суцяшэнне. Урадлівым дажджом яны падаюць на ссохлую зямлю, каб тая ізноў пачала квітнець. Слёзы прыносяць ачышчэнне і супакой. Змываючы будзённасць, закарэласць, цемру душы, яны адкрываюць яе насустрач святлу...

 

 

IX. Езус падае трэці раз

Навошта патрэбнае зло? Каб мы маглі бачыць дабро? Нашто існуе падман? Каб мы ўмелі вылучаць праўду? Навошта ты падаеш? Каб, нягледзячы ні на што, падымацца? Здараецца, што, знаходзячыся на вяршыні трыумфу, ты раптам апынаешся ў самым нізе, куды не сягаюць нават сонечныя промні. Часам здаецца, што ты за крок ад доўгачаканай мэты, і раптам яна аддзеленая ад цябе тысячамі кіламетраў. Кажуць, Бог больш выпрабоўвае тых, каго моцна любіць, і не пасылае больш за тое, што можна вытрываць. «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Я вытрываю ўсё ды ізноў падымуся.

 

 

X. З Езуса здзіраюць адзенне

Ужо не трымае нішто на зямлі.
Бездапаможнасць, адкрытасць.
Безабароннасць, прынесены крыж.
Хцівасць і прагнасць... І літасць...
«Ойча, не ведаюць, што ўчыняюць!»
Хмары слязьмі пральюцца
І на гары, дзе ахвяра сканае,
Цемра з святлом сутыкнуцца.
Няшчырасць, утоенасць, смех у журбе,
Укрыта пад покрывам сэрца.
Як адшукаць у ім самога сябе,
Застацца не тым, кім здаешся?
Гульні ў хованкі, долу пагляд
Жыццё ў тэатр змяняюць...
Ён ціха прамовіць: «Ойча, прабач,
Бо не ведаюць, што ўчыняюць!»

 

XI. Укрыжаванне Езуса

Мы самі зняволілі сябе. Шматлікімі цвікамі прыбілі сябе да матэрыяльных скарбаў, фальшывых цнотаў, неспаўняльных абяцанняў і дзівімся, чаму не можам варухнуцца. Часамі нас хвалюе больш, як мы будзем выглядаць у вачах выпадковых людзей, чым тое, як пасля мы паглядзім у вочы Богу і ўласнаму сумленню. Мы слухаем не сэрца, а меркаванні, якія нам штоімгненна навязваюць уплывовыя асобы, сродкі масавай інфармацыі, ліслівае зняволенае грамадства. «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 19–21).

 

XII. Езус памірае на крыжы

Божа, я малюся Табе глыбінёю сваёй душы і празрыстымі вачыма. Я шукаю адказы ў водблісках сонца на хвалях і ў шэпце ветру ў лесе. Я малюся Табе сваёю цішаю і радасным гучным спевам. Смуткам і надзеяй, жыццём і смерцю, кожным уздыхам, кожным рухам і крокам. Кожным памкненнем і думкай, з болем, з адданасцю, з пакорай. Хваляваннем, супакоем, пільнасцю і няўважлівасцю, няўлоўным паглядам і цэлым сусветам. Толькі так і можна маліцца да Цябе, бо Ты — Бязмежнасць.

 

 

ХІІІ. Езуса здымаюць з крыжа

Прабачэнне часам такое цяжкае, так шмат патрабуе высілкаў. Прабачэнне часам здаецца непатрэбным, бо «гэта ж не мая праблема, мяне гэта не тычыцца». Мы не крыўдзімся, таму і не прабачаем. Але колькі ж вымагае прабачыць таму, на каго не трымаеш крыўды... Як жа моцна ўмее любіць Тваё сэрца, працятае болем, як умее яно прабачаць!

«Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы» (Клс 3, 12–13).

 

 

ХІV. Езуса кладуць у грабніцу

Крыжовы шлях. Шлях смерці, які вядзе да жыцця, пакутаў, якія вядуць да збаўлення. Уцёкі ад яго мала што зменяць, барацьба супраць яго не прынясе аніякай карысці. Адрынуты, крыж вяртаецца разам з пытаннем пра сэнс чалавечага жыцця, пра мэту яго шляху, пра апраўданне цярпення, пра моц любові. 

«Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11, 28–30).

 

Падрыхтавала Юлія Шэдзько

Выкарыстаныя эмалевыя выявы стацый Крыжовага шляху
з касцёла Notre-Dame-des-Champs у Аўраншы, у Французскай Нармандыі.

 

 

 

  

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней