Благаслаўлёны Ежы Папялушка
Нарадзіўся ў 1947 годзе на Беласточчыне. Скончыў духоўную семінарыю ў Варшаве. У 1972 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне з рук кардынала Стэфана Вышынскага. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у асяроддзі працаўнікоў Варшавы (спавядаў, цэлебраваў літургіі падчас страйку ў Гуце-Варшава).
Быў адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салідарнасць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці» (літургіі за Бацькаўшчыну ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Варшаве падчас ваеннага становішча). Дэвізам кс. Папялушкі былі словы апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром» (Рым 12, 21). 19 кастрычніка 1984 года ксёндз Папялушка быў выкрадзены функцыянерамі польскай Службы Бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле.
Сёння яго магіла знаходзіцца каля касцёла св. Станіслава Косткі ў варшаўскім мікрараёне Жалібож.
Працэс беатыфікацыі ксяндза Папялушкі афіцыйна пачаўся 8 лютага 1997 года ў касцёле св. Станіслава Косткі. 19 снежня 2009 года быў аб’яўлены дэкрэт папы Бэнэдыкта XVI пра яго пакутніцтва[5]. Беатыфікацыя прызначылі на 6 чэрвеня 2010 года ў Варшаве.
Благаслаўлёны ксёндз Ежы, маліся за беларускіх хрысціянаў, каб мы былі такімі ж смелымі ў абароне свабоды і годнасці дзяцей Божых, якім быў ты!
***
Прапануем «Літанію нашых дзён», складзеную благаслаўлёным кс. Ежы Папялушкам у 1982 годзе, але актуальную і для нашых дзён.
Літанія нашых дзён
Багародзіца, Панна! Паслухай нас, Маці Бога. Ты стаяла пад крыжам і так шмат цярпела, калі Твой Сын, Езус, паміраў на крыжы. Просім Цябе, наша Маці і Каралева, за тых, хто найбольш пакутуе, просім Цябе словамі літаніі гэтага часу, словамі літаніі нашых дзён...
Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Езу, пачуй нас, Езу, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі.
Маці тых, каго ашукалі, — маліся за нас.
Маці тых, каго схапілі ўначы,
Маці вязняў,
Маці напалоханых,
Маці застрэленых <...>,
Маці тых, хто на допытах,
Маці несправядліва пакараных,
Маці працаўнікоў,
Маці студэнтаў,
Маці верных актораў,
Маці тых, хто кажа праўду,
Маці тых, каго немагчыма падкупіць,
Маці асірацелых,
Маці збітых <...>,
Маці тых, хто страціў працу,
Маці тых, каго прымусілі падпісаць дакументы, што пярэчаць сумленню,
Маці дзяцей, якія сумуюць па зняволеных бацьках,
Маці сплаканых,
Маці занепакоеных бацькоў, — маліся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Просім Цябе, Маці, — надзея для мільёнаў пакрыўджаных, дай нам усім жыць у свабодзе і праўдзе, у вернасці Табе і Твайму Сыну. Амэн.