Ружанец сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі. Багародзіца заклікае да адзінства і міру праз пакаянне, малітву, навяртанне

Аб’яўленне Маці Слова ў Руандзе 

Заклік да навяртання і малітвы з вуснаў Маці Божай даносіцца да нас з розных куткоў света, дзе Прыгожая Панна аб’яўляла сябе людзям. Сорак гадоў таму гэтыя словы пачулі тры студэнткі каледжа пры жаночым кляштары ў горадзе Кібэо, што ў Руандзе.

Багародзіца казала, што прыйшла суцешыць сваіх дзяцей, заклікаючы іх да адзінства і міру праз пакаянне, малітву, навяртанне і ўдзел у муках Хрыста. Вось чаму Яна называла сябе таксама «Паннаю балесцяў», ці «Балеснаю».

Асабліва неабходна ўзгадаць пра аб’яўленне, падчас якога дзяўчаты ўбачылі Маці Божую са слязьмі на вачах. Падчас гэтага містычнага вопыту ў 1982 г. візіянеркі ўбачылі «крывавую раку, людзей, якія забівалі адзін аднаго; кінутыя, нікім не пахаваныя целы, вялікую прорву, жудасную пачвару і адсечаныя голавы». У 1994 г. падчас грамадзянскай вайны ў краіне пачаліся масавыя забойствы народам хуту мясцовага народа тутсі па загадзе ўладаў хуту. Духоўная рэчаіснасць матэрыялізавалася — за 100 дзён генацыду загінула каля мільёна чалавек, у сярэднім дзесяць тысяч чалавек памірала кожны дзень на працягу трох месяцаў.

Пасланні Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кібэо датычылі не толькі жыхароў Руанды. Пра гэта Яна сказала адной з візіянерак — Мары-Клер: «Калі Я аб’яўляюся і гавару з кімсьці, Я звяртаюся да ўсяго свету».

«Цяпер людзі не здольныя прасіць прабачэння і працягваюць укрыжоўваць Майго Сына, — сказала Маці Божая падчас аб’яўляення 31 мая 1982 г. — Калі ты шчыра молішся гэты Ружанец і разважаеш над яго таямніцамі, то знойдзеш неабходныя сілы для пакаяння і перамянення свайго сэрца. Маліся Ружанец сямі балесцяў, каб знайсці шлях да пакаяння». 

Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак

Ружанец сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі

Ружанец сямі балесцяў складаецца з сямі таямніцаў, у кожнай з якіх мы разважаем самыя балесныя моманты з жыцця Маці Божай.

Уступная малітва

Божа мой, ахвярую табе гэты Ружанец сямі балесцяў дзеля Тваёй большай славы і пашаны Тваёй Найсвяцейшай Маці, разважаючы і падзяляючы з Ёю Яе балесці. Пакорна малю Цябе, схілі душу маю да пакаяння за ўчыненыя грахі, дапамажы быць добрым і пакорным, бо такім я быў створаны, каб праз гэтую малітву я змог атрымаць ўсе патрэбныя ласкі.

Рахунак сумлення

Пане Божа, я шкадую за грахі, учыненыя супраць Цябе, і паколькі яны вядуць да варожасці і аддзяляюць ад Цябе, Таго, Хто мяне стварыў і падтрымлівае пры жыцці, я каюся ў іх. Менавіта гэтыя грахі сталі прычынаю смерці Езуса Хрыста, Твайго ўмілаванага Сына. Ойча, захавай мяне ад граху, бо я ўсім сэрцам жадаю належаць Табе.

Вітай Марыя… (3 разы)

Сем балесцяў Багародзіцы

Напачатку кожнай таямнцы: Ойча наш… (1 раз)
Падчас разважання таямніцы: Вітай Марыя… (7 разоў)

  1. Прароцтва святога Сімяона.
  2. Святая Сям’я ўцякае ў Егіпет.
  3. Езуса згубілі ў Ерузалемскай святыні.
  4. Панна Марыя сустракаецца з Езусам падчас Крыжовага шляху.
  5. Укрыжаванне Езуса Хрыста.
  6. Езуса Хрыста здымаюць з крыжа.
  7. Езуса Хрыста кладуць у грабніцу.

Напрыканцы кожнай таямніцы молімся: Маці літасцівая, нагадвай мне штодзённа пра Муку Пана.

Малітва на заканчэнне

Каралева мучанікаў, Твая душа была зрынутая ў бездань балесцяў, малю Цябе і адары ўсіх грэшнікаў скрухаю сэрца і пакаяннем. Амэн.
Сэрца Марыі, Беззаганнае і Балеснае, маліся за нас, хто ў Табе паратунку шукае! (3 разы)

 

Літанія да сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, Адзіны Божа, — змілуйся над намі.

О Марыя, якая даведалася, што схапілі Езуса, — маліся за нас.
О Марыя, якая бачыла, што з Тваім Сынам абыходзяцца, як са злачынцам,
О Марыя, якая даведалася аб знявагах, якія наносяць Твайму Сыну,
О Марыя, якая бачыла, што Твой Сын быў бічаваны і цернем укаранаваны,
О Марыя, якая пачула несправядлівы прысуд, вынесены Твайму Сыну,
О Марыя, якая сустрэла свайго Сына, калі Ён нёс цяжкі крыж,
О Марыя, якая чула апошнія словы паміраючага Сына на крыжы,
О Марыя, на мацярынскія рукі якой было пакладзена цела Твайго памерлага Сына,
О Марыя, якая вярнулася пасля пахавання Сына ў свой дом, — маліся за нас.

Праз муку і смерць Твайго Божага Сына, — выбаў нас Тваім заступніцтвам.
Праз боль Твайго Мацярынскага сэрца,
Праз цярплівасць, з якою Ты зносіла здзекі і святатацтвы,
Праз Тваю непахіснасць каля крыжа Езуса,
Праз Тваю паслухмянасць Божаму Провіду,
Ад смутку,
Ад баязлівасці духу і ад роспачы,
Ад недаверу і сумнення ў Божай міласэрнасці,
Ад ганебнага пакідання ў адзіноце родных і блізкіх, якія знаходзяцца ў няшчасці альбо пагарджаныя,
Ад боязі людзей, — выбаў нас Тваім заступніцтвам.

Мы, грэшныя, Цябе просім, — выслухай нас.
Нашую веру, надзею і любоў сваім заступніцтвам захаваць і ўмацаваць май ласку, — Цябе просім, выслухай нас.
Літасць да нас, грэшных, выпрасіць май ласку,
Дасканалы жаль за грахі выпрасіць нам у Твайго Сына май ласку,
У хвіліну нашай смерці  прыйсці нам на дапамогу разам з Езусам, Сынам Тваім, май ласку, — Цябе просім, выслухай нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

Молімся: Божа, Ты ўчыніў, што побач з Тваім укрыжаваным Сынам была Ягоная Маці, якая цярпела разам з Ім. Дазволь, каб Твой Касцёл удзельнічаў разам з Марыяй у муцы Хрыста і заслужыў удзел у Яго ўваскрасенні. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн. 

 

Малітва для друку

Цэтлікі: Маці Божая

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней