У гэты неспакойны час, калі каранавірус пагражае нашаму здароўю, у час духоўнага выпрабавання, калі змяняецца наш прывычны ўклад сакрамэнтальнага жыцця, Касцёл дае магчымасць прыступаць да духоўнай святой камуніі. Звычайна яна рэкамендуецца тым, хто не можа ўдзельнічаць у святой Імшы, асабліва ў нядзельнай, а гэта значыць хворым, тым, хто імі апякуецца, вязням і іншым людзям, якія сапраўды не могуць трапіць у касцёл. Сёння гэтай магчымасцю з дазволу касцёльных уладаў могуць скарыстацца таксама пажылыя людзі, дзеці і моладзь, а таксама ўсе тыя, хто асцерагаецца заражэння, таму не наведвае святыню.
Што такое духоўная камунія?
Лацінскае слова communio азначае «еднасць», і менавіта такая мэта сакрамэнтальнай святой Камуніі — прымання Цела і Крыві Хрыста ў Эўхарыстыі ў выглядзе хлеба і віна. <…> Езус Хрыстус нам дае сябе самога, а мы Яго прымаем. Ён прабывае ў нас, а мы — у Ім. Ён знаходзіцца ў нас, мы жывем Яго жыццём — жыццём Божага Сына, з’яднанага з Айцом у Духу Святым. Такім чынам, у Камуніі чалавек прымае ў сябе жыццё Найсвяцейшай Тройцы, далучаецца да крыніцы жыцця. <…>
Духоўная камунія — гэта духоўны акт малітвы, мэта якога ў дасягненні такой еднасці з Хрыстом (ці, лепш сказаць, уваход у такую еднасць), якую дае нам прыманне ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Яго Цела і Крыві, але не ў сакрамэнтальным вымярэнні. <…>
Як прымаць духоўную камунію?
Па сутнасці духоўная камунія заключаецца ў тым, каб узбудзіць у сэрцы моцнае жаданне з’яднацца з Езусам такім самым чынам і з такім жа плёнам, як гэта адбываецца, калі мы прымаем Эўхарыстыю.
Таму для гэтай практыкі перадусім неабходна любоў да Езуса і жаданне быць з Ім у еднасці, вера ў Яго рэальную прысутнасць у Эўхарыстыі, усведамленне, прынамсі агульнае, таго, наколькі вялікім дарам яна з’яўляецца, і як наступства — моцнае жаданне яе прыняць. <…>
Сам спосаб прыняцця духоўнай камуніі можа выглядаць вельмі проста і мець форму кароткай малітвы ці наогул узнёслага акту — імгненнага пабожнага пачуцця, што суправаджаецца некалькімі словамі праслаўлення, падзякі, перапрашэння ці просьбы. <…>
Важна паклапаціцца пра тое, каб духоўная камунія адбывалася ў спакоі і засяроджанасці, з павагаю і поўным усведамленнем значнасці моманту. <…>
Якія ўмовы прымання духоўнай камуніі?
На гэты конт існуюць розныя меркаванні. Таму паспрабуем разабрацца з гэтым пытаннем у духу вучэння Касцёла і ў адпаведнасці са «здаровым сэнсам». Калі чалавек знаходзіцца ў стане цяжкага граху і не мае рашучай пастановы выправіцца і больш не грашыць, гэта робіць для яго немагчымым з’яднанне з Богам як у сакрамэнтальнай святой Камуніі, так і ў кожным іншым пабожным акце.
Цяжкі, або смяротны грэх становіцца рэальнай і аб’ектыўнай перашкодай для поўнай еднасці чалавека з Богам.
Таму варта правесці адрозненне паміж поўнай (наколькі магчыма) духоўнай камуніяй і тугою па еднасці з Езусам у Эўхарыстыі.
Больш падрабязна пра духоўную камунію чытайце на сайце catholic.by. Ніжэй мы прапануем вам паглядзець відэа, якое запісаў генеральны вікарый Архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве ксёндз Кірыл Гарбуноў пра духоўную камунію. Ён падрабязна расказаў пра гэтую форму, а таксама пра тое, як развівалася эўхарыстычная практыка ў гісторыі Касцёла.
Дарагія чытачы, мы прапануем вам тэкст малітвы папы Францішка, якая можа дапамагчы вам прыступіць да духоўнай святой камуніі.
Акт духоўнай святой камуніі паводле папы Францішка
Схіляюся ля Тваіх ног, о Езу мой, і ахвярую Табе пакаянне майго скрушанага сэрца, пакорнага ў сваёй мізэрнасці і ў Тваёй святой прысутнасці. Адарую Цябе ў сакрамэнце Тваёй любові. Прагну прыняць Цябе ў гэтай убогай святыні, якую прапануе Табе маё сэрца. У чаканні радасці сакрамэнтальнай камуніі хачу прыняць Цябе духоўна. Прыйдзі да мяне, о Езу мой, каб я прыйшоў да Цябе. Няхай Твая любоў распаліць усяго мяне на жыццё і на смерць. Веру ў Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе.

Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле: catholic.by (пераклад з pl.aleteia.org), it.aleteia.org