Малітвы да святога Юзафа

«Тэлеграма» да святога Юзафа ў вострай патрэбе

«Тэлеграма» — гэта малітва для выпрошвання хуткага паратунку прамаўляецца тройчы на працягу дня: раніцаю, апоўдні і вечарам ці ў пачатку кожнай з трох гадзінаў, што ідуць адна за адной (напрыклад, а 13-й, 14-й і 15-й гадзіне).

Святы Юзэфе, ахвярую табе любоў Езуса і Марыі, з якою Яны ставіліся да цябе. Ахвярую табе таксама праслаўленне, хвалу, удзячнасць і дары, якія вернікі складалі табе стагоддзямі і аж да гэтай хвіліны. Аддаю тваёй святой апецы сябе і ўсіх дарагіх майму сэрцу людзей.

Малю цябе дзеля любові да Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі, Тваёй Абранніцы: выпрасі нам ласку збаўлення і ўсе неабходныя ласкі і асабліва (агучыць просьбу). Паспяшы мне на паратунак, святы Патрыярх, і суцеш мяне ў маім смутку. О святы Юзэфе, сябра Езуса, выслухай мяне.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Ойча спрадвечны, ахвярую Табе Найсвяцейшую Кроў, Сэрца, аблічча Твайго Адзінароднага Сына, усе цноты і заслугі Найсвяцейшай Маці і Яе Прачыстага Абранніка, святога Юзафа, а таксама ўсе скарбы Касцёла святога, просячы Цябе аб ласцы вечнага збаўлення і ўсіх неабходных ласках і асабліва (агучыць просьбу).

Святы Юзэфе, ратуй нас у жыцці, у смерці, у кожны час!

Пяць заклікаў да святога Юзафа

Святы Юзэфе, які ўсім сэрцам любіў Езуса і Марыю, выпрасі для мяне ласку, дзякуючы якой я з усё большым запалам і ўсёй душою буду любіць Твайго прыёмнага Сына і Яго Дзеву Маці. 

Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ласку, дзякуючы якой я, гэтак, як і ты, змагу спалучаць сваю дзейнасць з глыбокім малітоўным жыццём.

Святы Юзэфе, шчаслівы Апякуне Езуса і Беззаганнай Марыі, у сваёй чыстасці чувай над маёй чыстасцю.

Святы Юзэфе, апякуне ўсіх, хто вагаецца ў прыняцці рашэнняў, ратуй тых, хто стаіць над прорваю зла, і асвятляй пакліканых да служэння Хрысту.

Святы Юзэфе, які благаслаўлёна сканаў на руках Езуса і Марыі, выпрасі для мяне ласку шчаслівай смерці. Няхай Езус і Марыя суправаджаюць мяне ў гадзіну канання і няхай маімі астатнімі словамі будуць наймілейшыя імёны: Езус, Марыя, Юзаф! Амэн.

Святы Юзэфе, твая моц ахоплівае ўсе нашыя справы. Ты ўмееш немагчымае рабіць магчымым. Паглядзі з айцоўскім клопатам на ўсе нашы патрэбы. Амэн.

Малітва мужа і бацькі да святога Юзафа

Святы Юзэфе, клапатлівай апецы якога Бог даверыў свайго Адзінароднага Сына і Яго Прачыстую Маці, Марыю, даручаю табе сваё пакліканне як мужа і бацькі. Будзь маім спадарожнікам на цяжкіх жыццёвых сцежках і вядзі мяне, а таксама тых, за каго я адказны, простым шляхам да Езуса і Марыі. Выпрасі для мяне ласку чыстай, бескарыснай любові да тых, каго Бог даверыў маёй апецы, і да ўсіх, каго Ён ставіць на маіх дарогах жыцця, каб я, углядаючыся ў прыклад Твайго святога жыцця, заўсёды быў высакародным, справядлівым і здольным прынесці любую ахвяру. Выпрасі для мяне ласку моцнай, непахіснай веры, каб я ва ўсім выконваў святую волю Айца Нябеснага і быў для маіх бліжніх прыкладам вернасці і служэння. Дапамажы мне змагацца са спакусамі, якія мне падсоўвае свет, і цярпліва зносіць кожны крыж, з якім я сутыкаюся ў жыцці. Навучы мяне пакоры і паслухмянасці. Чувай нада мною і над усёй маёй сям’ёю гэтак жа, як некалі ты верна чуваў над Езусам і Марыяй. Выпрасі для нас вечнае збаўленне, каб мы ўсе маглі калісьці сустрэцца ў вечнай нябеснай хвале. Амэн. 

Малітва да святога Юзафа аб адкрыцці дару мужнасці

Святы Юзэфе, абраннік Марыі, паглядзі на наш свет, зранены і разгублены, асабліва ў пытаннях, звязаных з сексуальнасцю. Заступайся за мужчынаў, якія з прычыны беспрацоўя і іншых цяжкасцяў губляюць сваю мужчынскую годнасць.

Вызвалі тых, хто пайшоў за голасам ілжэпрарокаў, якія пярэчаць дадзенай Богам чалавечай прыродзе. Дапамажы ім нанова адкрываць прыгажосць мужнасці і бачыць, як гарманічна спалучаюцца мужчынскі і жаночы пачаткі, дапаўняючы адно аднаго ў сваёй разнастайнасці.

Апякуне Сына Божага, выпрошвай для ўсіх мужчынаў ласку ўзрастання ў пакліканні да айцоўства: фізічнага ці духоўнага. Будзь для нас прыкладам і памочнікам у пошуках нашага жыццёвага шляху, а для тых, хто ўжо знайшоў свой шлях, выпрасі ў Бога ласку вытрываць у сваім пакліканні.

Апякуйся сем’ямі ва ўсім свеце, каб яны, атуленыя тваім айцоўскім клопатам, як Святая Сям’я з Назарэта, не паддаваліся сілам зла, якія спрабуюць іх знішчыць. Заступайся за ўсіх мужчынаў і жанчынаў, каб кожны чалавек мог жыць у радасці адкрытых у сабе дароў, атрыманых ад Стварыцеля. Амэн.

Малітва да святога Юзафа за мужчынаў

Святы Юзэфе, галава Найсвяцейшай Сям’і, давяраем тваёй апецы нашыя сем’і, асабліва нашых мужчын: бацькоў, мужоў, сыноў і братоў; усіх мужчын, якіх мы ведаем.

Выпрасі для іх у Бога адвагу абараняць сваіх маці, жонак, дачок і сясцёр. Няхай іх сэрцы будуць уражлівымі і чыстымі, каб яны любілі ўсіх жанчын, якія ім даверыліся, бескарыснаю, спачувальнаю і чулаю любоўю. Такая любоў не шукае ўласнай карысці, але жадае толькі ахвяраваць сябе. Атулі сваёй асабліваю апекаю мужоў і бацькаў, каб яны былі клапатлівымі і ўважлівымі да сваіх жонак і дзяцей, стаючы для іх апораю і даючы пачуццё бяспекі.

Святы Юзэфе, паглядзі на бацькаў, мужоў, сыноў і братоў, якія з-за ўласнай слабасці не здольныя несці адказнасць за сябе і давераных ім блізкіх. Маліся за іх, каб яны маглі пераадольваць спакусы замкнёнасці і гвалту і намагаліся выпраўляць нанесеныя крыўды.

Маліся, о верны Галава Найсвяцейшай Сям’і, за тых мужоў і айцоў, любоў якіх да ўласнай жонкі і дзяцей згасла.

Надзея хворых, асаблівым чынам давяраем Тваёй апецы сем’і, у якіх бацькі, мужы і сыны злоўжываюць алкаголем, наносячы гэтым шкоду сабе і бліжнім. Няхай яны са скрухаю прызнаюць сваю хваробу і шука юць дапамогі ў людзей і ў Бога. Выпрасі для іх ласку пакорнай малітвы, каб у гэтай цяжкай сітуацыі яны ўсім сэрцам звярнуліся да Бога з просьбаю аб міласэрнасці і дапамозе. 

Суцяшальнік засмучаных, давяраем тваёй апецы мужчынаў адзінокіх, разведзеных і тых, ад якіх адвярнуліся жонкі, дзеці і сябры; тых, якія адчуваюць сябе адкінутымі і пакрыўджанымі. Няхай яны не паддаюцца спакусам абыякавасці і роспачы і спрабуюць аднаўляць сваё жыццё, каб нанова будаваць сужэнскія адносіны.

Клапатлівы абаронца Езуса і апякуне Сына Божага, давярай твайму прыёмнаму Сыну маладых мужчынаў, выпрошваючы для іх жаданне пазнаваць, любіць і наследаваць цябе. Няхай яны становяцца смялейшымі і мацнейшымі духам, бескарыслівымі і чулымі да ўсіх людзей, што маюць патрэбу ў дапамозе.

Люстра справядлівасці, узор працуючых, маліся за ўсіх, хто знаходзіцца пры ўладзе. Выпрошвай для іх ласку мець сэрцы, чулыя да ўбогіх і адданыя служэнню грамадству, каб яны супрацьстаялі эгаізму і прагнасці. Няхай яны служаць усім грамадзянам і апраўдаюць ускладзеныя на іх надзеі.

Святы Юзэфе, апякуне паміраючых, давяраем тваёй чуйнай апецы цяжкахворых і канаючых. Давяраем табе таксама гадзіну нашай смерці. Учыні, каб мы гэтак, як ты, сваёй смерцю праславілі Бога. Няхай Пан адорыць нас ласкаю сыходзіць з гэтага свету ў абдымках твайго прыёмнага Сына і ў прысутнасці тваёй Абранніцы Марыі.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней