Дарога святла. Набажэнства праслаўлення ўваскрослага Пана

«Кантэмпляцыя аблічча Хрыста не можа спыніцца на выяве Укрыжаванага.
Хрыстус уваскрос! І менавіта ў Хрыста ўваскрослага ўзіраецца сёння Касцёл».

Ян Павел ІІ, Novo Millennio Ineunte, 15

Сучасны Касцёл прапануе не спыняцца на Крыжовым шляху Езуса Хрыста (лац. Via Crucis) і правесці Велікодны перыяд у разважанні над падзеямі, што адбыліся пасля Яго ўваскрасення, — пайсці Дарогаю святла (лац. Via Lucis). І гэта не новая прапанова: набажэнства Дарогі святла можна знайсці ў малітоўніках яшчэ XVII ст., аднак шырока вядомым яно стала ў 2000 г., калі было надрукавана ў афіцыйным малітоўніку Юбілейнага года, і пілігрымы, якія прыбывалі ў Рым, пачалі праводзіць гэтае набажэнства.


На дадзены момант форма правядзення набажэнства Дарогі святла толькі акрэсліваецца, але яна падобная да Крыжовага шляху. На ёй вернікі таксама праходзяць 14 стацый (сустрэчаў), але іх змест грунтуецца на падзеях, што адбыліся пасля ўваскрасення Езуса. Калі набажэнства адбываецца ў касцёле, пажадана, каб быў запалены пасхал і быў крыж з чырвонаю велікоднаю стулаю. Дарогаю святла можна ісці па вуліцах горада, абвяшчаючы ўваскрослага Пана, ці разважаць над падзеямі Уваскрасення ў цішыні свайго пакоя.

На пачатку кожнай стацыі молімся:

Гэта вялікая таямніца веры.
Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу,
вызнаём Тваё Уваскрасенне
і чакаем Твайго прыйсця ў хвале.

Напрыканцы кожнай стацыі молімся:

Хрыстус уваскрос! Аллелюя!
Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Уступ

«Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная. Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 14. 20).

Уваскрасенне Езуса з’яўляецца першапрычынаю нашай веры Таму, Хто нас адкупіў. Мы прайшлі боль Крыжовага шляху і адкрылі, наколькі Бог палюбіў нас, і ўжо не можам не абвяшчаць і не жыць перамогаю, у якой сам Збаўца дазволіў нам удзельнічаць. Таму мы адпраўляемся ў дарогу з 14-ці сустрэчаў у Езусам уваскрослым. Святло кожнай з гэтых стацый асвячае і паглынае боль Крыжовага шляху і ўказвае на жывога Бога, які сам і ёсць святло, «а святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго» (Ян 1, 5).

Стацыя I. Езус уваскрос

«І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. <…> Прамаўляючы да жанчын, [ён] сказаў: „Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі“» (Мц 28, 2. 5–6).

Езу, ціхі і пакорны, без шуму, без крыку натоўпаў Ты дасягнуў найвялікшай перамогі. Езу магутны, Ты перамог смерць і шатана. Ты запрашаеш нас, сваіх вучняў, на сустрэчу з Табою. Кланяюся Табе, уваскрослы Езу.

Стацыя ІІ. Вучні Езуса прыходзяць да пустой магілы 

«Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. <…> Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. <…> І ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых. Так вучні зноў вярнуліся да сябе» (Ян 20, 3–4. 8b–10).

Уваскрос… Вучні пабеглі да магілы, каб праверыць, ці сапраўды яна пустая. Беглі паглядзець, бо недастаткова было толькі пачуць. Хрыстэ, я тут, таму што чуў пра Цябе, таму што шукаю Цябе. Намагаюся адчуць гэтую Тваю Божую рэчаіснасць. Што значыць, што Ты ўваскрос? Што значыць, што Ты жывеш? Не заўсёды дастаткова толькі пачуць, патрэбны асабісты досвед, каб зразумець, каб прыняць. Неабходна ўбачыць, каб паверыць.

Стацыя ІІІ. Езус аб’яўляецца Марыі Магдалене, апосталцы Апосталаў

«Марыя стаяла каля магілы і плакала. <…> Сказаў ёй Езус: „Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?“ Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: „Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго“. Езус сказаў ёй: „Марыя!“ А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: „Раббуні!“ (што азначае „Настаўнік!“)» (Ян 20, 11а. 13b–16).

Гэта — не садоўнік, гэта — не прывід. Гэта сапраўдны Езус стаіць перада мною. Толькі Ён можа з такою чуласцю і любоўю прамовіць маё імя. Спазнаўшы аднойчы Яго спагаду і прыняцце, немагчыма перастаць яе шукаць, гэтак, як Марыя Магдалена. О добры Пастыр, дапамажы нам ісці толькі за Тваім голасам і распазнаваць яго сярод мітусні гэтага свету.

Стацыя IV. Езус аб’яўляецца вучням па дарозе ў Эмаўс

«Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску <…> Эмаус. <…> А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. <…> Тады Ён сказаў ім: „О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?“ І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (Лк 24, 13. 15. 25–27).

Пане, я адкрываю, якое глыбокае кожнае слова, што кажа пра Цябе. Гэтае слова напаўняе мяне жыццём. Ніводзін малітоўнік, ніводная малітва нават найвялікшага святога не змогуць замяніць Твайго жывога слова, напісанага ў Бібліі. О Хрыстэ, дапамажы мне паглыбляцца ў Святое Пісанне, бо Ты сам кажаш, што ў ім напісана пра Цябе. Праслаўляю Цябе, Езус-Слова!

Стацыя V. Вучні пазналі Хрыста ў ламанні хлеба

«Але яны настойвалі, кажучы: „Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае“. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. <…> І яны сказалі адзін аднаму: „Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?“» (Лк 24, 29–32).

Слова Божае вядзе да сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі. Я не ведаю лепшага спосабу наталіцца Хрыстоваю прысутнасцю, як толькі прабываць з Ім падчас святой Імшы. Я ўласнымі вачыма бачу на алтары найвялікшы з цудаў і прымаю Цябе, Езу, жывы хлебе, і прашу Цябе: «Застанься са мною».

Стацыя VІ. Уваскрослы Пан аб’яўляецца вучням

«Сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: „Спакой вам!“ Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: „Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне“» (Лк 24, 36–39). 

Пане, я хачу аддаць Табе ўсе мае страхі і назваць іх у Тваёй прысутнасці. Ты ведаеш, наколькі моцна я маю патрэбу ў спакоі, але сваім прыкладам Ты паказваеш, што спакою, паўнаты жыцця можна дасягнуць, толькі агаліўшы свае раны, толькі стаўшы ў праўдзе. Тваё праслаўленае цела не пазбаўлена ранаў ад мукі, але менавіта ў іх — «нашае аздараўленне». Кланяюся Табе, Хрыстэ зранены і ўваскрослы!

Стацыя VII. Езус пакідае Касцёлу дар спакою і паяднання

«Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: „Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас“. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: „Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца“» (Ян 20, 20b–23).

У мяне шмат прычынаў ненавідзець сябе, асуджаць сябе, паддавацца роспачы. Але нават «калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё» (1 Ян 3, 20). Пане, хачу радавацца кожнай сустрэчы з Табою, не баяцца, не хавацца, але ў слове Тваім шукаць надзеі на прабачэнне, якое дае жыццё і свабоду.

Стацыя VIII. Уваскрослы Пан умацоўвае веру Тамаша

«Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: „Спакой вам!“ Потым сказаў Тамашу: „Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!“ У адказ Тамаш сказаў Яму: „Пан мой і Бог мой!“» (Ян 20, 26–28).

Разам з навіною аб сваім уваскрасенні Езус прыносіць вучням спакой. Усё ўжо адбылося. Хтосьці Яму здрадзіў, хтосьці ўцёк, хтосьці расчараваўся, але «даўняе мінула, вось сталася новае» (2 Кар 5, 17). Цяпер нам трэба прыняць спакой Хрыста і ўжо не проста ўглядацца ў Ягоныя раны, але дакранацца да іх — стаць сведкамі Уваскрослага, вызнаваць Яго сваім Панам. Дапамажы мне з вераю прыняць Твой спакой, Пане.

Стацыя IХ. Сустрэча з Панам каля Тыберыядскага мора

«Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: „Дзеці, ці маеце што з’есці?“ Яны адказалі Яму: „Не“. А Ён сказаў ім: „Закіньце сетку з правага боку чоўна, і знойдзеце“. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. <…> Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: „Хто Ты?“, бо ведалі, што гэта Пан» (Ян 21, 4–6. 12).

Нават калі здаецца, што я не варты рабіць штосьці для Валадарства Божага, што я не здольны рэалізаваць Божае пакліканне, Езус не адкідвае мяне. Ён падказвае мне, што мне трэба рабіць, і сам гатуе для мяне пасілак. У простых зямных справах, нават самых звычайных, Ён скіроўвае мяне і благаслаўляе. Мая маленькая згода, просты акт паслушэнства Богу прыносіць багаты плён. Хрыстэ, дзякую Табе за Тваё благаслаўленне.

Стацыя X. Пан размаўляе з Пятром і даручае яму свой статак

«„Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?“ Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: „Ці любіш ты Мяне?“, і сказаў: „Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе“. Езус сказаў яму: „Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш“. <…> І пасля гэтых слоў сказаў яму: „Ідзі за Мной“» (Ян 21, 17–19).

Пане, я неаднойчы падводзіў Цябе, але Ты нават такія сітуацыі напаўняеш дарам Твайго ўваскрасення. Ты дазваляеш усё пачаць нанова і адорваеш мяне сваім даверам. Хоць мая любоў усё яшчэ слабая і недасканалая, ты прымаеш маю веру і дазваляеш удзельнічаць у Тваім Боскім плане. Твае намеры часта пераўзыходзяць мае самыя смелыя ўяўленні, але Ты не баішся, бо «ў любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх» (1 Ян 4, 18).

Стацыя XІ. Езус пасылае сваіх вучняў абвяшчаць Евангелле

«Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: „Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. <…> І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку“» (Мц 28, 16–20).

Мы з задавальненнем дзелімся з іншымі тым, што для нас каштоўнае: думкамі, ідэямі, поглядамі. Калі мы сапраўды становімся сведкамі ўваскрасення Езуса, нашыя сэрцы перапаўняюцца радасцю гэтак, што мы не можам утрымаць яе ў сабе. Няхай ведаюць усе людзі на зямлі, які добры наш Пан: Ён выводзіць Адама і Еву з адхлані і адчыняе для іх брамы раю. Як жа цудоўна даць іншаму чалавеку магчымасць спазнаць любоў Бога Айца і атрымаць нябесную спадчыну!

Стацыя XІІ. Езус узыходзіць на неба

«Калі яны [вучні] пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: „Галілейцы, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе гэтак жа, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба“» (Дз 1, 10–11).

Маё жыццё мае цудоўную мэту. Ты, Езу, ужо падрыхтаваў для мяне месца ў доме Айца, і я цешуся прадчуваннем сустрэчы з Табою ў Эўхарыстыі. Нават у самых цяжкіх сітуацыях я намагаюся памятаць пра галоўную мэту, бо маё жыццё не скончыцца смерцю, і неабходна імкнуцца стаць годным Валадарства Нябеснага. Езу, чакаю Твайго прыйсця ў хвале!

Стацыя XІІІ. Вучні разам з Марыяй трываюць у малітве

«Тады вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, <…> а калі прыйшлі, падняліся ў святліцу, дзе былі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфееў, Сымон Зелот і Юда Якубаў. Усе яны аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 12–14).

Унебаўшэсце стала момантам развітання, але не роспачы — Хрыстус абяцаў спаслаць Суцяшыцеля. Хачу наследаваць Апосталаў і Марыю ў малітве, напоўненай чаканнем. Я жадаю, каб мяне абмылі струмені жывой вады, чакаю ажыўлення і аб’яўлення Божай хвалы ўва мне і ў маёй супольнасці. Божа, у імя Тваё мы разам збіраемся на малітву. Чакаем Цябе, Дух Святы!

Стацыя XIV. Езус спасылае Касцёлу Духа Святога

«Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны ся дзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агню, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць» (Дз 2, 1–4).

Дух Святы перамяняе сэрцы вучняў. Тое, што дагэтуль здавалася ім немагчымым, цяпер становіцца дзеяннем у іх Духа Святога. Дух Святы, Твая прысутнасць абуджае мяне. Хачу праслаўляць Цябе, калі малюся, калі раблю добры ўчынак, калі бачу, як узрастае мая вера, бо ўсё гэта, безумоўна, Твае дары. Дух Святы, затрымайся на кожным з нас, каб мы маглі несці Добрую Навіну кожнаму, каму Ты захочаш яе абвясціць. 

Заканчэнне

«Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: Перамога паглынула смерць. Богу падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста» (1 Кар 15, 54. 57).

Езу, я хачу жыць Пасхальнаю таямніцаю. Хачу сведчыць сваім жыццём, што Ты ўваскрос і жывеш. І як калісьці ўсе мы памерлі смерцю Адама, так цяпер жывём дзякуючы Твайму жыццю, о Езу, Жыццё! Аднойчы, калі я памру, то ўваскрэсну, каб жыць у вечным шчасці і адзінстве з Табою, Айцом і Духам Святым — з Богам, якому хвала на векі вечныя. Амэн.


Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак
Паводле: dobrypasterz-istebna.pl

Загалоўная ілюстрацыя: Іванка Дзямчук

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней