Навэнна да Маці Божай Будслаўскай

 Уступная малітва

Маці Божая Будслаўская, з пакораю і даверам стаім мы сёння перад Тваім цудатворным абразом, прагнучы скласці да падножжа Твайго алтара нашы радасці і клопаты, нашы перамогі і слабасці. Мы верым, што Бог чытае ў чалавечых душах, як у разгорнутай кнізе. Кнігу нашых душаў адкрываем цяпер перад Табою, о Маці і Пані наша. Прачытай у ёй, просім, пра ўсе нашыя надзеі і сумненні, пра ўсе просьбы і падзякі. На ўсё, чым мы з’яўляемся і што маем, узглянь моцаю свайго мацярынскага Сэрца і пажадай зразумець і выслухаць нас.

Наш давер умацоўвае вопыт усіх тых, хто да нас кленчыў перад Тваім абразом і быў выслуханы, а таксама духоўна ўзмоцнены. Калі яны вярталіся адсюль дамоў, то адчувалі палёгку, бо знайшлі тут апеку і разуменне сваёй найлепшай Маці.

Ты — Маці Касцёла і збіраеш вернікаў вакол сябе. Сёння мы знаходзімся з Табою ў нашым санктуарыі. Тое, што мы належым да Касцёла, Маці якога Ты з’яўляешся, — наша радасць і наш гонар. Наша воля няўстойлівая, думкі часам бессэнсоўныя, а сэрцы не заўсёды цалкам адкрытыя, аднак мы прагнем ажыўляльнай ласкі Твайго пасрэдніцтва перад Богам, каб тое, што ў нас недасканалае і слабое, было асвечана і ўмацавана.


Асноўная малітва

Маці і Каралева наша, за тое, што Ты ёсць з намі,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што на працягу пяці стагоддзяў Ты валадарыш у будслаўскім санктуарыі,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што Ты суцяшаеш нас,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што Ты аздараўляеш нас,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што Ты з’яўляешся Пасрэдніцаю перад Богам,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што Ты — наша найлепшая Маці,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая;

за тое, што Ты — Дарыцелька Божай ласкі,
— праслаўляем Цябе, Маці Божая.

Не стамляючыся праслаўляць Цябе,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за ўсе атрыманыя ласкі,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за ўсе выслуханыя просьбы,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за суцешаных у смутку,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за выратаваных ад роспачы,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за вызваленых з няволі граху,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за аздароўленых ад боязі,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

за ўмацаваных у веры,
— дзякуем Табе, Маці Будслаўская;

Дзякуючы за Тваю мацярынскую апеку над намі, аб далейшым клопаце за нас
— просім Цябе, наша Маці,

каб Евангелле пастаянна набывала новых і шчырых вызнаўцаў,
— просім Цябе, наша Маці;

каб Святы Айцец і ўсе душпастыры вучэннем і прыкладам творча ўмацоўвалі Касцёл Хрыстовы,
— просім Цябе, наша Маці;

каб наша Айчына цешылася багаццем хрысціянскіх звычаяў,    справядлівасцю і павагаю,
— просім Цябе, наша Маці;

каб нашы сем’і былі прыкладам любові і ахвярнасці,
— просім Цябе, наша Маці;

каб наша моладзь верна і нястомна захоўвала веру бацькоў,
— просім Цябе, наша Маці;

каб нашы дзеці непахісна ўзрасталі ў Хрыстовых прынцыпах жыцця,
— просім Цябе, наша Маці.

Просім Цябе, Маці Будслаўская, ату­лі шчыраю апекаю ўсіх, хто сумняваецца; а ўсіх, хто заблукаў, і ўсіх грэшнікаў давядзі да Хрыста. Дай радасць усім незадаволеным і самотным. Як адна сям’я, Маці якой Ты з’яўляешся, мы хочам у радасці ісці да Хрыста.


МАЛІТВА ПАДЗЯКІ

Божа, Ойча Спрадвечны! Калі я разважаю над Тваёй веліччу і ўсемагутнасцю, заўсёды спазнаю Тваю дабрыню.

Ты стварыў сусвет, бо Ты — вялікі, і спаслаў на свет свайго Сына, бо Ты — добры. Ты заключыў вялікую сілу ў мікраскапічным атаме, бо Ты — вялікі, а Езус Хрыстус уцелавіўся і прыйшоў на зямлю, бо Ты — добры.

Сваім Провідам Ты кіруеш усімі шляхамі зорак і ўсімі шляхамі чалавечага жыцця, бо Ты — вялікі, але дазволіў нам спажываць Цела Твайго Сына, бо Ты — добры.

Ты стварыў чалавека, бо Ты — вялікі, і адарыў яго абяцаннем вечнага жыцця, удзяліўшы яму патрэбныя ласкі, бо Ты — добры.

Гэтую Тваю дабрыню, асвячэнне маёй душы, Тваё прабыванне са мною і ўва мне я з вялікаю пакораю і ўдзячнасцю ўшаноўваю, узгадваю і дзякую за ўсё шчырым сэрцам.

Паводле:
Навэнна да Маці Божай Будслаўскай. — Мінск: Про Хрысто, 2013.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней