Разважанні ўзятыя з дзіцячага малітоўніка «Мы — дзеці Божыя».
Першая частка. Радасныя таямніцы
Гэтыя таямніцы нагадваюць нам пра радасць Марыі падчас звеставання Анёла, пра радасць Альжбеты, старога Сімяона і ўсіх тых, хто ўзрадаваўся нараджэнню Месіі. Мы радуемся разам з імі, бо ведаем, што Бог заўсёды нас любіць.
Молімся гэтыя таямніцы ў панядзелак і суботу, успамінаючы нараджэнне Езуса і першыя гады Яго жыцця.
Першая таямніца. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28).
Калі анёл абвясціў, што Марыя народзіць Божага Сына, Яна дала сваю дабравольную згоду. У нас Ён таксама пытаецца аб згодзе на супрацоўніцтва, бо хоча, каб усе людзі пазналі Месію і прынялі Яго заклік да збаўлення.
Другая таямніца. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
...Напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго» (Лк 1, 41–42).
Пасля цудоўнага звеставання Марыя адразу ж рушыла ў дарогу, каб дапамагчы Альжбеце. Любоў да бліжняга з’яўляецца доказам любові да Пана Бога. Найбольшая любоў тая, якая дае братам веру і ласку. Сведчанне веры, дар любові — гэта першы крок у евангелізацыі свету.
Трэцяя таямніца. Нараджэнне Езуса Хрыста
І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе (Лк 2, 7).
Езус прыходзіць да нас, каб расказаць пра бясконцую Божую любоў, а таксама каб вызваліць нас ад усялякага зняволення і дапамагчы жыць у свабодзе дзяцей Божых. Езус на радзіўся для ўсіх, але многія людзі жывуць так, быццам Ён ніколі не нараджаўся. Молімся, каб кожны чалавек пазнаў Езуса Хрыста.
Чацвёртая таямніца. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
...Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану... (Лк 2, 22)
Езус аб’яўляецца як чаканы Месія, гэта значыць, як Той, хто споўніць справу збаўлення. Мы павінны быць святлом свету і адважнымі сведкамі Евангелля. Кожны наш учынак можа стаць абвяшчэннем Езуса Хрыста, калі мы будзем жыць згодна з запаведдзю, якой навучыў нас Езус, — запаведдзю любові да Бога і да кожнага чалавека.
Другая таямніца. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
І пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх (Лк 2, 46).
Езус хоча толькі аднаго: падабацца Айцу і выканаць згодна з Яго воляй план збаўлення. Нашае «так», сказанае Богу ў хвіліны смутку і радасці, можа прынесці збаўленне многім людзям.
Другая частка. Таямніцы святла
У гэтых таямніцах мы разважаем пра зямное служэнне Езуса, што распачалося з Яго хросту ў Ярдане і працягвалася тры гады. Узгадваем пра цуды Езуса, пра Яго вучэнне, пра Яго вялікі дар, які Ён пакінуў нам на Апошняй Вячэры — Найсвяцейшую Эўхарыстыю.
Молімся гэтыя таямніцы ў чацвер, бо менавіта ў гэты дзень Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.
Першая таямніца. Хрост Езуса ў Ярдане
Калі Езус ахрысціўся... голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 3, 16–17).
Усе мы калісьці былі ахрышчаныя і такім чынам сталі падобнымі да Езуса. Будзем старацца, каб нашае жыццё таксама было падобным да Яго жыцця, і каб мы маглі падабацца нашаму Нябеснаму Айцу.
Другая таямніца. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
...Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна» (Ян 2, 3).
Езус па просьбе сваёй Маці перамяніў ваду ў віно і такім чынам дапамог людзям выйсці з няёмкага становішча. Гэта быў першы цуд, які ўчыніў Езус. Калі мы трапім у нейкую складаную сітуацыю, таксама папросім заступніцтва Марыі. Яна несумненна перадасць нашую просьбу свайму Сыну, і Езус не пакіне нас у няшчасці.
Трэцяя таямніца. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле (Мк 1, 15).
Гэтыя словы Езус звяртае да ўсіх людзей, гэта значыць, і да нас. Мы павінны заўсёды добра сябе паводзіць і не забывацца маліцца, каб быць гатовымі да сустрэчы з Езусам. Мы таксама павінны даваць добры прыклад нашым сябрам, якія яшчэ не ведаюць Бога, каб Ён і іх адарыў ласкаю веры.
Чацвёртая таямніца. Перамяненне Езуса на гары Табор
І калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым (Лк 9, 29).
Дзякуючы перамяненню Езуса вучні да канца зразумелі, што іх Настаўнік — сапраўдны Збаўца свету. Будзем памятаць пра гэта і мы ды пастараемся знайсці час на малітву і на святую Імшу.
Пятая таямніца. Устанаўленне Эўхарыстыі
Бярыце і ешце, гэта Цела Маё. ...Гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў (Мц 26, 26–28).
Езус так моцна палюбіў усіх людзей, што, ідучы за нас на смерць, пакінуў нам сябе самога ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Калі мы прымаем святую Камунію, Ён прыходзіць да нас у выглядзе маленькай белай Гостыі, бо хоча жыць у нашым сэрцы. Будзем жа ўдзячныя Езусу за гэты вялікі дар і падрыхтуем для Яго годнае месца ў нашай душы.
Трэцяя частка. Балесныя таямніцы
Узгадваем боль Езуса падчас Яго най мукі, якую Ён цярпеў з любові данас. Ён памёр, каб даць нам жыццё. Гэ тыя таямніцы молімся ў аўторак і пятніцу, разважаючы над пакутамі Езуса і над Ягонай смерцю на крыжы.
Першая таямніца. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю (Лк 22, 44).
Падчас малітвы ў садзе Аліўным Езус перажываў хвіліны смутку і ўнутранай барацьбы. Злучым нашыя цярпенні з Яго цярпеннем, каб усе людзі прынялі падараванае Езусам збаўленне.
Другая таямніца. Бічаванне Езуса
Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне (Ян 19, 1).
Ён зранены быў за беззаконні нашыя, ...за нашыя правіны (Іс 53, 5).
Нягледзячы на жахлівыя пакуты, Езус не адмаўляецца ад сваёй місіі. Ён цярпліва зносіць знявагі і ідзе на бічаванне. Нашыя цярпенні, злучаныя з цярпеннем Езуса, могуць стаць крыніцаю шчодрых ласкаў для многіх людзей.
Трэцяя таямніца. Укаранаванне Езуса цернем
І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль Юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве ( Мц 27, 28–30).
Сярод зняваг і кпінаў жаўнеры несвядома абвяшчаюць Хрыста каралём. А Ён, Валадар сусвету, становіцца слугою і падпарадкоўваецца бяздумнасці людзей з бескарыслівай любоўю. Пастараемся таксама прысвяціць сябе служэнню нашым братам, каб любоў магла аднавіць свет.
Чацвёртая таямніца. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота (Ян 19, 17).
Жаўнеры падрыхтавалі крыж. Езус пакорна бярэ яго на свае плечы. Гэты крыж цяжкі, бо ў ім — усе грахі людзей. Але Езус нясе крыж без нараканняў, і такім чынам становіцца надзеяй для кожнага з нас у цяжкія хвіліны.
Пятая таямніца. Укрыжаванне і смерць Езуса
І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў (Лк 23, 46).
Езус памірае дзеля збаўлення ўсіх людзей. Сваімі распасцёртымі на крыжы рукамі Ён быццам хоча абняць увесь свет. Крыж прымушае нас задумацца. Недастаткова толькі называць сябе хрысціянамі. Мы павінны жыць таямніцаю крыжа.
Чацвёртая частка. Хвалебныя таямніцы
Праз уваскрасенне і ўнеба ўшэсце Езуса, а таксама Спасланне Духа Святога на Апосталаў Бог Айцец адкрывае нам брамы неба. Ён заклікае кожнага з нас да ўдзелу ў хвале разам з Марыяй, якая была ўзятая на неба. Гэтыя таямніцы молімся ў сераду і нядзелю, успамінаючы перамогу Езуса Хрыста над смерцю — Яго ўваскрасенне.
Першая таямніца. Уваскрасенне Хрыста
Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў» (Мц 28, 5–6).
Кожны чалавек праз хрост па кліканы да ўдзелу ва ўваскрасенні і хвале Езуса. Але многія яшчэ не прынялі гэтага вялікага дару. Не можам мы з поўнай радасцю святкаваць Вялікдзень, пакуль нашыя родныя, блізкія, знаёмыя, сябры далёка ад Езуса Хрыста. Таму будзем са шчырым сэрцам маліцца за іх.
Другая таямніца. Унебаўшэсце Езуса
І пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога (Мк 16, 19).
Езус падрыхтаваў месца для кожнага чалавека ў доме Айца, але не ўсе ведаюць пра гэта. Таму перад унебаўшэсцем Ён сказаў: «Ідзіце, навучайце ўсе народы і абвяшчайце Евангелле». Гэты наказ адносіцца да кожнага чалавека.
Трэцяя таямніца. Спасланне Духа Святога
І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць (Дз 2, 2–4).
Дух Святы — гэта найбольшы дар Бога для Касцёла, гэта самы галоўны Выканаўца справы абвяшчэння Евангелля. Ён робіць нас здольнымі сведчыць пра Езуса Хрыста і абвяшчаць Божае Валадарства ва ўсіх кутках зямлі.
Чацвёртая таямніца. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі Яе, а над Яе галавою вянок з дванаццаці зорак (Ап 12 ,1).
З’яднаная з Хрыстом у Яго зямным жыцці, Марыя прабывае з Ім у небе. Усведамленне таго, што побач з Езусам мы маем сваю Маці ў небе, такую добрую і магутную, з’яўляецца падставай надзеі для кожнага хрысціяніна. Гэта Яна заахвочвае нас, пабуджае да навяртання і вядзе да Хрыста.
Пятая таямніца. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Ты — веліч Ерузалема, <...> Ты — вялікі гонар народа нашага. Няхай Пан Бог усемагутны благаславіць цябе на векі вечныя (пар. Юдт 15, 9–10).
Езус абвяшчае Марыю Каралеваю, жадаючы, каб разам з Ім Яна клапацілася пра лёс Касцёла. Святая Марыя мае толькі адно жаданне: спрыяць распаўсюджванню Валадарства свайго Сына Езуса. Молімся да Марыі, каб Яна ўчыніла ахвярнымі нашыя сэрцы, каб мы таксама прысвяцілі сваё жыццё распаўсюджванню Божага Валадарства ў свеце.