Хто такі добры пастыр?

Чацвёртая Велікодная нядзеля, Год В (22.04.2018)

Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».

(Ян 10, 11–18)

Хто такі добры пастыр?

Ці шмат хто са святароў можа з чыстым сэрцам сказаць пра сябе: « Я — добры пастыр»? Безумоўна не параўноўваючы сябе з адзіным Добрым Пастырам, якім ёсць сам Бог у Асобе Езуса Хрыста, а разважаючы пра падабенства зямнога паклікання. Напрыклад, аддававць жыццё за давераных вернікаў — гэта азначае прысвячаць свой  час і сілы для таго, каб берагчы і памнажаць іх веру праз адданае ўдзяленне сакрамэнтаў і здаровае каталіцкае навучанне. Ведаць сваіх — азначае перш за ўсё ведаць, наколькі гэта магчыма, стан іх душаў і адпаведныя сродкі для яго паляпшэння, а ўжо потым — іншыя патрэбы і клопаты, якія, дарэчы, у многіх выпадках вырашаюцца толькі пасля вырашэння духоўных праблемаў. Прыводзіць іншых да адзінага статку і Адзінага Пастыра — азначае ўласным жыццём і прыкладам веры прыцягваць іх да пераканання, што толькі ў Каталіцкім Касцёле яны знойдуць поўню сродкаў збаўлення…

Аднак часта на практыцы назіраецца адваротная карціна. Нядбалае, знеахвочанае, павярхоўнае служэнне літургіі, як абавязку, які хутчэй трэба «спіхнуць», каб мець больш часу для сябе, непадрыхтаванасць да казанняў ці катэхезаў; падмена сапраўднага клопату аб несмяротнай душы дабрачыннай дзейнасцю з пераконваннем свецкіх, што добры святар — той, хто арганізуе шмат акцый дзеля задавальнення зямных патрэбаў. Але для гэтага існуюць адпаведныя арганізацыі, а святарскія паслугі ніхто апроч святара не выканае. Ці шмат каго хопіць на аднолькава добрае выкананне і сваёй непасрэднай працы, і той, якую больш прафесійна зробяць іншыя? Таму для святара нашмат важней, скажам, намашчэнне паміраючага, а не размеркаванне «гуманітаркі» ці  нават арганізацыя пілігрымкі (шмат іх, дарэчы, ператвараецца ў турыстычныя вандроўкі ці экскурсіі, а духоўны бок занепадае). Лепшым святаром будзе не той, хто «спаборнічае» з Хрыстом у наталенні фізічнага голаду: Хрыстус, дарэчы, асноўную частку гэтай дзейнасці ўсклаў на вучняў, сказаўшы: «Вы дайце ім есці» (Лк 9, 13), а той, хто ў большай колькасці людзей абудзіць неабыякавасць да патрэбаў іншых і шчодрасць, якая вынікае з Божай любові, а не з іншых прычынаў.
Што ж датычыць задачы прывесці іншых да Божай аўчарні, то ў гэтым, на жаль, многія, прасякнутыя фальшывым экуменізмам, увогуле не бачаць сэнсу. Калі ж усё адно, у што верыць, абы толькі «быў добры чалавек», то навошта выконваць запаведзі, прыступаць да святых сакрамэнтаў, навошта станавіцца святаром? І каму ўвогуле ў такім выпадку патрэбны Касцёл, багатая Традыцыя якога адкідаецца як несучасная і састарэлая? Наўрад ці ўсё гэта патрэбна толькі для таго, каб добра бавіць час у так званай супольнасці, забыўшыся, што яна — толькі сродак, каб дайсці да Божага Валадарства, ідучы за пастырам у адным кірунку, а не спачываючы адзін перад адным ці ўзіраючыся адзін у аднаго… Зямны святар, хоць і дзейнічае сакрамэнтальна ў Асобе Хрыста, вядзе не да сябе, а праз Хрыста ў Духу Святым — да Нябеснага Айца.

«На жаль, я не з’яўляюся добрым пастырам» — хіба толькі такі добрасумленны адказ кожнага святара будзе правільным пры ўмове, што гэта не проста сцвярджэнне факту, а стымул, каб стаць лепшым. Аб’ектыўная ацэнка належыць, аднак, тым, хто, скарыстаўшыся нашаю паслугаю, пераступіць парог вечнасці, і Адзінаму Добраму Пастыру.  


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Чацвёртую Велікодную нядзелю, Год В:
айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Сапраўдны пастыр» і «Я жыццё сваё аддаю за авечак»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней