Гэты нумар часопіса «Ave Maria» выходзіць у час, калі мы асабліва ўзгадваем і атуляем пашанаю Марыю, нашу Нябесную Маці, таму тэму нумара можна акрэсліць словамі з верша кс. Яна Твардоўскага, як прапанавала ў сваім слове рэдактара Крыстына Лялько:
Маці Божая амаль ад калыскі
здаецца нам самаю блізкаю
як ялінка зорка аплатка
мама матуля матка
пасля тэалогія тлумачыць сэрцу
што Пан Езус на першым месцы
гады бягуць адзінота вечнасць
вяртаемся да Яе як дзеці.
Для нашага часопіса гэта асабліва важна, бо ў самой назве «Ave Maria» гучыць зварот да Найсвяцейшай Маці. Гэтая тэма лейтматывам гучыць у майскім нумары. Мы падрыхтавалі для вас, паважаныя чытачы, падборку роздумаў святых усіх часоў аб Маці Божай. Разважанням аб тым, кім ёсць Марыя, прысвечана традыцыйная рубрыка «Школа малітвы», якую вядзе а. Юрый Кулай OCD, а ў рубрыцы «Старонка псіхолага» прапануем вам матэрыял на аснове лекцый с. Паўлы Бобер MSF на тэму жаноцкасці.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка разважае пра месца аб’яўленняў у фармаванні веры хрысціяніна, а мы ведаем, што найчасцей у гісторыі Касцёла візіянерам аб’яўлялася менавіта Маці Божая, вястунка волі свайго Сына. Пра адно з такіх аб’яўленняў, не вельмі шырока вядомае ў свеце, распавядае Тэрэса Клімовіч у артыкуле «Усмешка Марыі».
Дар’я Ахламёнак у сваіх матэрыялах апавядае пра слыннае аб’яўленне Марыі ў французскім Ля-Салет ў сярэдзіне ХІХ ст. і пра цуд Маці Божай, што здарыўся на сто гадоў пазней і на тысячы кіламетраў далей ад Францыі, у пасёлку высланых у Паўночным Казахстане.
Сведчаннем аб цудоўным заступніцтве Божай Маці ва Уселюбскай парафіі дзеліцца пробашч кс. Віталій Цыбульскі.
У Беларусі некалькі марыйных санктуарыяў, некалькі праслаўленых цудамі абразоў Божай Маці. Адзін з іх знаходзіцца ў санктуарыі Марыі, Каралевы сем’яў у Тракелях. У гэтым нумары мы публікуем артыкул кусташа санктуарыя кс. Юрыя Бяганскага, які заклікае нас нанова асэнсаваць ролю Марыі ў нашым жыцці і не забываць, што ў Ёй — наша надзея. А ксёндз Раман Суша разважае над сэнсам новага закліку, дададзенага нядаўна ў Ларэтанскую літанію — «Маці надзеі».
Прапануем чытачам тэалагічныя роздумы над некаторымі заклікамі Ларэтанскай літаніі да Божай Маці ад айца дамініканіна Адама Шустака ОР, ён разважае, што значаць гэтыя таямнічыя і прыгожыя словы: Маці найцудоўнейшая, Брама нябесная, Аздараўленне хворых, Каралева супакою…
Пра чуласць і ласкавасць Марыі — такія характэрныя Яе рысы — разважае а. Яўген Голуб OFMConv.
Маці Божай прысвечаны кранальны верш паэткі Ірыны Багдановіч з цыклу «Следам Святога Айца Яна Паўла ІІ». Рэдакцыя часопіса сардэчна віншуе спадарыню Ірыну, нашу сталую аўтарку, выдатную паэтку, перакладчыцу і даследчыцу, з юбілеем!
З 90-гадовым юбілеем віншуюць кс. Юзафа Пятушку ўдзячныя вернікі парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. З дваццацігоддзем святарскага пасвячэння віншуюць удзельніцы апостальскага руху «Маргарытка» кс. Віктара Шчучко, пробашча парафіі ў Крывічах,. Шчыра далучаемся да ўсіх віншаванняў!
Сёлета адзначаецца 30-гадовы юбілей адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, і з гэтай нагоды 18 красавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску цэлебравалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Чытайце ў нумары матэрыял, прысвечаны гэтай важнай падзеі.
Завяршае нумар ружанец і літанія да сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі. Памятайма, як Марыя нястомна заклікае нас да навяртання, як Яе Мацярынскае Сэрца поўніцца жалем і болем за ўсіх грэшнікаў.
Паважаныя чытачы, запрашаем вас часцей наведваць сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.
Нашыя сацсеткі:
Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.