Пяць этапаў ацалення пачуццяў. Этап 3: «Гандаль»

Мы працягваем размаўляць аб працэсе ацалення пачуццяў, і сёння нашая размова прысвечаная трэцяму яго этапу: перыяду «гандлю», які можна яшчэ назваць перыядам умоваў.


Гэта пераходны перыяд паміж этапам гневу і этапам дэпрэсіі. Дарэчы, усе этапы, якія мы пералічваем, чалавек пражывае не толькі тады, калі працуе над ацаленнем пачуццяў. Працуючы над праблемаю прабачэння, пачуцця віны, крыўды, розных комплексаў, сур’ёзных або нават смяротных хваробаў, чалавек праходзіць праз усе гэтыя этапы. Яны не заўсёды ідуць па парадку, часам ад «гандлю» ізноў неабходна вярнуцца да выцяснення, а пасля перайсці да дэпрэсіі. Здараецца, што чалавек мусіць некалькі разоў прайсці праз усе гэтыя пяць этапаў, пакуль яго рана не загоіцца.

Перажываючы перыяд гневу, чалавек гаворыць: «Яны мяне пакрыўдзілі, яны павінны змяніцца, папрасіць прабачэння, выправіцца». Падчас дэпрэ­сіі чалавек пачынае абвінавачваць сябе: «Ва ўсім мая віна, у мяне нічога не атрымліваецца, жыццё скончанае». Паміж гневам і дэпрэсіяй чалавек праходзіць праз складаны перыяд «гандлю».

Гэты этап выклікае ў душы больш за ўсё раздражнення,
бо мы няздольныя ба­чыць сітуацыю аб’ектыўна.
Нам усё бачыцца вельмі кантрасна,
толькі чорна-белым, без аніякіх адценняў:
«Я маю рацыю, а ён (або яна) не мае рацыі;
я ахвяра, а яны з мяне здзекуюцца».

Мы не бачым свайго апанента ў кантэксце сітуацыі. Можна сказаць, што мы наогул не бачым у ім чалавека, а толькі зброю, якая нас раніць. Гэта можна лёгка праверыць. Калі пра нашага ворага нехта скажа нам нешта добрае, напрыклад: «Гэта такі цудоўны мастак! Ён мусіць быць сапраўды вельмі духоўным, добрым чалавекам, каб ствараць такія карціны», усё ўнутры нас проста пераварочваецца ад гневу і непрымання, бо на этапе «гандлю» мы здольныя ўбачыць у сваім ворагу і крыўдзіцелю толькі адну рысу або комплекс рысаў, якія нас раняць, і не бачым нічога іншага. Мы становімся „арбітрамі справядлівасці“: ён цалкам вінаваты, а я цалкам нявінны і не нясу ніякай адказнасці за сітуацыю, якая здарылася. У гэтай сваёй «справядлівасці» мы становімся фанатычнымі абаронцамі маралі і духоўнасці і пачынаем свой «гандаль» з навакольнымі: «Я прабачу табе, калі ты цалкам зменішся… калі ты цалкам зразумееш, што ты зрабіў… калі ты перастанеш кантактаваць з маімі непрыяцелямі, з тымі, хто зрабіў мне балюча».

Мы пачынаем «гандаль» нават з Богам: «Я буду маліцца Табе, Божа, калі ты пакараеш маіх ворагаў так, як я гэтага жадаю». З Богам у нас няма шанцаў гандлявацца, бо Ён (на наш жаль) любіць усіх. Гэта цяжка прыняць, калі нас пакрыўдзілі: як так, я такі бедны і няшчасны, несправядліва паранены, а Бог любіць і таго, хто мяне крыў­дзіць?! Аднойчы я пазнаёмілася з мужчынам, які ў часы вайны перажыў канцлагер. Ён распавядаў, што першыя некалькі месяцаў там былі суцэльным жахам: яго білі, здзекаваліся з яго, не давалі есці. Аднойчы ён падумаў, што Бог любіць не толькі яго, але і гэтых катаў таксама, і тады, калі яго пачыналі біць або адбіралі міску з супам, ён глядзеў у вочы крыўдзіцелям і думаў: «Езу, Ты ж любіш і іх»… Ён лічыў, што толькі дзякуючы гэтаму здолеў перажыць той страшны час і застацца чалавекам.

У сітуацыі «гандлю» — «ты — мне, а я — табе» — ёсць такая пастка: колькасць таго, што я даю і што забіраю ўзамен, вызначаю я сам, як ахвяра, і тут справядлівай ацэнкі быць не можа, бо пакрыўджаны не можа прыйсці да балансу і су­пакоіцца. Па-другое, займаючыся «бухгалтэрыяй», вылічваючы да дробязяў, колькі разоў мяне пакрыўдзілі і колькі разоў папрасілі прабачэння, колькі словаў мне сказалі і колькі я сказаў у адказ, пражываючы ізноў усе балючыя сітуацыі, я знявольваю сябе. Я пачынаю за ўсім сачыць, усё кантраляваць, мае межы становяцца сапраўднай жалезнай заслонай, каменнай сцяной: «Не пайду на гэты канцэрт, бо там будзе “яна”, не сяду за стол побач з “ім”, ні з кім не падзялюся тым, што ўмею і ведаю, бо “яны” гэтага не заслугоўваюць, не здолеюць мне аддзячыць». Мы закрываем сябе ад навакольнага свету і такім чынам даходзім да дэпрэсіі.

Можа, вы падумаеце, што гэтак я апраўдваю нахабныя або эгаістычныя паводзіны, маўляў, нас тут памыямі абліваюць, а нам трэба лічыць, што грыбны дожджык пайшоў? Гэта зусім не так. Адна і тая ж знешняя пазіцыя можа дыктавацца зусім рознымі прычынамі: або неразумнасцю і выцясненнем, або глыбокай любоўю і мудрасцю. Калі гэта выцясненне, я жыву ў напружанні, крытыкую, вінавачу, збягаю, трывожуся. Калі гэта любоў, то ў кожнай сітуацыі, нават у самай жудаснай, я магу знайсці нешта станоўчае, расквітнець і і прынесці плён. І такім чынам я спакваля падыходжу да прабачэння і вызвалення, калі можна стаць побач са сваім крыўдзіцелем і не трэсціся ад злосці, не думаць, як ён мяне ацэніць, што падумае. У момант прабачэння я пачынаю бачыць іншага чалавека настолькі аб’ектыўна, наколькі гэта магчыма, у шырокім кантэксце, а не толькі тую яго частку, якая мяне параніла, і паціху супакойваюся.

Нават калі чалавек не змяніўся, не папрасіў прабачэння, я магу прыняць яго з такой пазіцыі любові, і гэта не будзе ўхваленнем зла. У сітуацыі выцяснення я кажу «нічога страшнага, гэта нармальна, я пацярплю», а тут — зусім не. Езус ніколі не чытаў маралі мытарам і прастытуткам, не гаварыў ім, якія яны дрэнныя, хоць і не апраўдваў зло, якое яны чынілі. Напрыклад, «калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: “Ідзі за Мною”. Той устаў і пайшоў за Ім» (Мц 9, 9).

Менавіта этап «гандлю» можа дапамагчы нам прыйсці да такой жа пазіцыі, як у Хрыста, таму што «гандаль» паказвае нашы самыя слабыя месцы. Калі мы кажам: «Я прабачу яму пры ўмове …», тое, што ідзе ўслед за гэтымі словамі, тое, што мы жадаем для сябе выгандляваць, і ёсць наша слабое месца, самая вялікая патрэба. Напрыклад, сказаўшы «я прабачу яму, калі ён стане мяне паважаць», я сведчу, што мне не хапае павагі. Калі ж крыўдзіцель не змяняе сваёй пазіцыі, не пачынае выказваць мне павагу, я заганяю сябе ў турму «павага ад гэтага чалавека», надакучаю яму, мучаю, абцугамі выцягваю з яго гэтую павагу і г.д.

Што трэба рабіць? Перш за ўсё, запытацца ў сябе: «Можа быць, я ўсё ж магу пражыць без павагі менавіта гэтага чалавека?» (замест слова «павага» можна падставіць любое іншае). Зразумела, што і павага, і любоў, і суцяшэнне патрэбныя кожнаму, але нішто з гэтага не можа пазбавіць нас годнасці або дадаць нам годнасці.

Заўсёды будзе нехта, каму мы не спадабаемся,
хто будзе пра нас пляткарыць, хто стане з намі змагацца,
і заўсёды будуць тыя, хто захоча з намі сябраваць,
будуць нас паважаць і любіць. Гэта нармальная з’ява.

Зразумеўшы, што ў нас найбольш слабое, што ідзе пасля словаў «пры ўмове…», мы маем шанец зразумець, чаму Бог хоча навучыць нас праз гэтую рану. Трэба спытаць у сябе: «У чым я знайду свабоду?» і рухацца ў гэтым кірунку, у кірунку прабачэння. Гэта яшчэ не завяршэнне шляху, перад намі яшчэ этап дэпрэсіі, і працэс ацалення пачуццяў працягваецца.

Каб перастаць гандлявацца, трэба перастаць бачыць усё чорна-белым. Гэта доўга. І калі, спытаўшы сябе: «Ці хачу я сёння прабачыць, як Езус?», мы адкажам: «Можа быць, калі-небудзь і захачу, але сёння я хачу свайго крыўдзіцеля прыбіць, а не прабачыць», дык нічога страшнага не адбудзецца. Ніхто не можа прабачаць так, як Езус, але можна гэтага захацець і папрасіць у Хрыста: «Навучы мяне бачыць гэтага чалавека так, як бачыш яго Ты, цалкам». Магчыма, не адзін дзень і нават не адзін месяц трэба будзе маліцца, каб у нас узнікла хаця б жаданне прабачыць або нават жаданне пажадаць прабачыць.

Але, просячы, каб Езус напаўняў нас сваімі пачуццямі, навучыў бачыць іншага чалавека так, як бачыць Ён, мы з часам сапраўды адчуем большую ўнутраную свабоду і спакой.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Сястра Паўла Бобер MSF -
тэолаг, выкладчык, псіхолаг,
псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай

Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы:

 

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней