Радасць творчых сустрэчаў

«Калі гэтулькі кніг выдаецца, значыць іх хтосьці набывае і чытае», — думала я, захоплена азіраючы высокія стэлажы, знізу да верху застаўленыя навюткімі тамамі і томікамі, якія ляжалі таксама на сталах перад стэндамі, змяшчаліся ў спецыяльных стойках-паліцах побач з каляровымі часопісамі, саліднымі тыднёвікамі і самымі рознымі брашурамі…

Сёлетняя ХХІІ выстава-кірмаш каталіцкіх выдаўцоў, якая праходзіла ў Варшаве з 7 па 10 красавіка, сабрала прадстаўнікоў больш за 140 выдавецтваў і сапраўды ўражвала колькасцю літаратуры на духоўную, рэлігійную, тэалагічную і філасофскую тэматыку. Ад такога кніжнага багацця разбягаліся вочы і з’яўлялася пачуццё разгубленасці ад усведамлення фізічнай немагчымасці не толькі ўсё агледзець, а нават проста падысці да стэндаў усіх выдаўцоў і выдавецтваў. Але разам з тым зноў і зноў абуджалася ў душы радасць і ўпэўненасць, што ў друкаванай кнігі ёсць будучыня, што яна неабходная і важная і ніякая электроніка яе ніколі паўнавартасна не заменіць.

Гэтае свята каталіцкіх выдаўцоў у Варшаве праходзіла ў самым цэнтры польскай сталіцы, у Каралеўскім замку, пад гэтак званымі Аркамі Кубіцкага. Ужо з першага кірмашовага дня стала зразумела, што памяшканне былых каралеўскіх стайняў, прыстасаванае пад выставачны павільён, для такой колькасці ўдзельнікаў і наведвальнікаў завузкае і зацеснае. Штодня, зранку да вечара, варшавяне ішлі на выставу шматлюдным і, здавалася, бясконцым патокам. Многія прыходзілі на кніжны кірмаш гэтак, як у нас ідуць на прадуктовы, — з сумкамі на колках, з вялізнымі гаспадарчымі торбамі і з не меншымі заплечнікамі. Такая зацікаўле­насць палякаў каталіцкаю кнігаю па-добраму здзіўляла і нават выклікала белую зайздрасць у нас, беларусаў, прадстаўнікоў выдавецтва «Pro Christo», якое таксама мела на гэтым кірмашы свой сціплы стэнд, да якога падыходзіла таксама шмат наведвальнікаў, каб пацікавіцца нашымі выданнямі або проста распытаць пра жыццё Беларусі…

Для таго, каб адчуць атмасферу не толькі кніжнага кірмашу, але й самога Каралеўскага замка, трэба было падняцца на эскалатары з партэра на вышэйшыя паверхі і апынуцца ў прасторных холах з вялізнымі старажытнымі габеленамі на сценах, увайсці ва ўтульную кіназалу і паглядзець дакументальнае хрысціянскае кіно (цікавыя фільмы падчас выставы дэманстраваліся штодня, і мы трапілі на фільм добра знаёмага па фестывалю «Magnificat» вядомага польскага дакументаліста Кшыштафа Журоўскага); варта было спецыяльна прыйсці ў канцэртную залу, дзе адбываліся многія прэзентацыі, у тым ліку і прэзентацыя новай кнігі былога Дзяржсакратара Ватыкана кардынала Тарчызіо Бэртонэ «Вера і супольнае дабро. Хрысціян­ская прапанова сучаснаму грамадству», якую Яго Эмінэнцыя падпісаў нашаму выдавецтву «Pro Christo», прыгадаўшы свой візіт у Беларусь у 2008 годзе; варта было абавязкова хоць аднойчы наведаць па-каралеўску шыкоўную Вялікую залу, у якой 7 красавіка і адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХІІ кніжнага кірмашу…

Сёлетні варшаўскі кірмаш праходзіў пад знакам 1050-годдзя Хросту Польшчы, Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці і Году Генрыка Сянкевіча: 160-годдзе з дня нараджэння і 100-годдзе з дня смерці пісьменніка прыпадае на 2016 год…

{gallery}254-05{/gallery}

На гэтым кніжным кірмашы ў наведвальнікаў было шмат магчымасцяў трапіць і на прэзентацыі кніг, і паглядзець новыя дакументальныя фільмы, і паўдзельнічаць у творчых дыскусіях, і сустрэцца з любімымі і вядомымі аўтарамі — святарамі, тэолагамі, бібліістамі — ды атрымаць аўтограф…

Асабіста мне цікава было паразмаўляць з вядомаю польскаю пісьменніцаю, біёграфам св. сястры Фаўстыны Кавальскай Эваю Чачкоўскаю, аўтаркаю кніг, якія ўжо сталі бестселерамі: «Цуды святой Фаўстыны» і грунтоўнай «Біяграфіі святой», тым больш што ўрыўкі з гэтых кніг у перакладзе на беларускую мову друкаваліся ў мінулым годзе ў квартальніку «Наша вера». На кірмашы пані Эва прэзентавала сваю новую кнігу пад назваю, якая гаворыць сама за сябе: «Папа, які паверыў. Як Караль Вайтыла схіліў Касцёл да культу Божай Міласэрнасці». Радасць прачытання гэтай кнігі яшчэ наперадзе, а вось цёплы аўтограф шаноўнай аўтаркі ўжо цяпер грэе душу. Гэтаксама, зрэшты, як і аўтографы вядомых польскіх тэолагаў, паэтаў і святароў а. Вацлава Ашайцы (ягонае выдатнае эсэ «У нашым доме холадна» было змешчана ў 3-м нумары «Нашай веры» за 2015 г., што вельмі ўзрадавала аўтара); ксяндза прафесара Ежы Шыміка (аўтара трохтомнага даследавання тэалогіі Бэнэдыкта XVI, за якое на гэтай выставе прафесар атрымаў галоўную ўзнагароду — «Фенікс-2016»); а. Паўла Казацкага, правінцыяла Польскай правінцыі дамініканаў, былога рэдактара папулярнага часопіса «W drodze», які ўжо шмат гадоў атрымлівае наша рэдакцыя і тэксты з якога, дзякуючы ласкаваму дазволу найперш айца Паўла, з’яўляюцца на старонках «Нашай веры»…

Было яшчэ шмат цікавых сустрэчаў, ад якіх у кожнага з нас засталіся ў душы праменьчыкі радасці і надзеі на дзейсны працяг нашых творчых кантактаў дзеля карысці агульнай справы — прапаведавання Божага слова на старонках новых кніг і новых нумароў каталіцкай перыёдыкі.

Крыстына Лялько, Варшава–Мінск.

Фота Алега Глекава.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней