«Для большай хвалы Пана…»
29.03.2016|№ 3 (252) 2016

Калі вясна ўсё больш убіраецца ў сілу і цешыць першым цяплом, 30 сакавіка святкуе свой юбілейны дзень нараджэння чалавек, дзякуючы якому мы ўжо амаль 22 гады штомесяц атрымліваем свежы нумар часопіса «Ave Maria», — пісьменніца і паэтка, рэдактар нашага выдання Крыстына Аляксееўна Лялько. 

Гэты светлы юбілей, які сімвалічна супаў з Надзвычайным Юбілейным Годам Божай Міласэрнасці, пані Крыстына сустракае з вялікім набыткам на літаратурна-мастацкай і духоўна-рэлігійнай ніве. Заснаваўшы разам з калегамі ў 1994 годзе часопіс «Ave Maria» па благаслаўленні Святога Айца Яна Паўла ІІ, праз год Крыстына Лялько стала таксама галоўным рэдактарам квартальніка «Наша вера» — часопіса, на старонках якога асвятляецца рэлігійна-культурнае жыццё нашай краіны. За гэтыя два дзесяцігоддзі пані Крыстына сабрала вакол абодвух выданняў калектыў таленавітых аўтараў, вядомых пісьменнікаў, журналістаў, перакладчыкаў, літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў… 

Рэдактарскую працу пані Крыстына ўдала спалучае з перакладчыцкай творчасцю. Менавіта ёй належаць пераклады многіх кніг, энцыклік і апостальскіх лістоў святога Яна Паўла ІІ на беларускую мову («Пераступіць парог надзеі», «Дар і таямніца», «Fides et ratio», «Устаньце, хадзем», «Памяць і самасвядомасць» і інш.), вершаў кс. Яна Твардоўскага, кс. Вацлава Бурылы, кс. Яна Соханя і іншых хрысціянскіх паэтаў. Крыстына Лялько дала магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з бестселерам духоўнай містычнай літаратуры — «Дзённікам» св. Фаўстыны Кавальскай. З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хочацца паўтараць: «Сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000). Гэтыя словы святой Фаўстыны можна з упэўненасцю аднесці і да нашай працавітай юбіляркі. 

За служэнне Касцёлу папа Бэнэдыкт XVI узнагародзіў Кры­стыну Лялько медалём «Bene­merenti» — «Асабліва заслужаным».

Ва ўсёй сваёй літаратурнай і перакладчыцкай працы Крыстына Аляксееўна — шчырая руплівіца беларускага слова, яго праў­дзівасці, сакавітасці і простасці. У журналісцкай і рэдактарскай дзейнасці да гэтага клопату пра чысціню слова дадаецца імкненне дапамагчы чытачам запоўніць тую духоўную пустку, якая запанавала ў многіх душах пасля дзесяцігоддзяў бязвер’я, даць адказы на самыя балючыя і вострыя праблемы, якія непакояць беларускіх хрысціянаў.

З вялікаю ўдзячнасцю за гэтую працу і служэнне ўвесь рэдакцыйны калектыў шчыра віншуе Вас, шаноўная пані Крыстына, з юбілеем і жадае няспынна спазнаваць у сваім жыцці шчодрыя праявы Божай міласэрнасці і магутнае заступніцтва Маці Божай. Няхай Пан Бог надалей шчодра сілкуе Ваш талент сваёю бязмежнаю любоўю і дае фізічную і духоўную моц на няпростым шляху гэтага служэння. Мы ж, супрацоўнікі, абяцаем Вам сваю шчырую малітоўную падтрымку і адданую дапамогу ў справе, якая ўсіх нас яднае і змяняе да лепшага…

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера»
і выдавецтва «Pro Christo»

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней