«Успомні тое, што зрабіў Пан…»

«Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі…» (Зых 20, 2). Гэтая фраза з’яўляецца своеасаблівым уступам да ўсяго Дэкалогу. У Старым Запавеце яна паўтараецца мноства разоў, і яе кантэкст не абмяжоўваецца толькі тым фрагментам, калі Пан Бог праз Майсея заключае на гары Сінай свой запавет з выбраным народам. Словы пра вывядзенне габрэяў з Егіпта ўспрымаюцца ўжо амаль як неад’емная характарыстыка Бога, які менавіта так пажадаў аб’яўляцца народу на ўсіх этапах яго блукання па пустыні.


У хрысціянскім разуменні выраз «з дому няволі» найчасцей успрымаецца па аналогіі з няволяю граху: Езус праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне ўзяў на сябе цяжар нашых грахоў і адкрыў для нас брамы вечнага жыцця ў свабодзе Божых дзяцей. Аднак у гэтым матэрыяле мне хацелася б паразважаць пра выхад з няволі, у якой чалавек апынаецца не ў выніку граху, а па прычыне пэўнай нястачы, няшчасця, цяжкіх перажыванняў або клопату, што скоўвае нас моцнымі «путамі ярма», — пра тую няволю, што згадвае таксама псальміст у кантэксце выхаду габрэяў з Егіпта: «Я вызваліў плечы яго ад цяжару, яго рукі кінулі кашы. У няшчасці ты Мяне паклікаў, — і Я ўратаваў цябе» (Пс 81, 7–8).

Пасля гэтага паратунку, на жаль, пачынаецца вялікая драма... Не толькі ў жыцці габрэйскага народа — яна паўтараецца ў жыцці многіх з нас. І яе галоўная прычына — няўменне памятаць пра Божыя цуды і Божую моц.

На шляху выбранага народа да зямлі абяцанай гэтае няўменне праявілася галоўным чынам у рэакцыі габрэяў на выпрабаванні, а дакладней, у двух тыпах рэакцыі, якія вельмі добра знаёмыя і нам у штодзённым жыцці:

1) у нараканнях на цяжкія абставіны пасля выхаду з Егіпта, калі ад народа патрабавалася цярплівасць, уменне чакаць або задавольвацца чымсьці малым; напрыклад, колькі ж скаргаў мусіў выслухаць ад людзей Майсей з-за адсутнасці вады, з-за таго, што ім надакучыла есці толькі манну, у той час як у Егіпце, служачы рабамі, яны мелі задарма рыбу, агуркі і гарбузы, цыбулю і часнок;

2) у страху габрэяў перад далейшым шляхам, перад праціўнікамі, якіх трэба было пераадолець і якія здаваліся ім нашмат мацнейшымі.

Гэтае страшнае забыццё пра справы Божыя вылілася ў татальнае бязвер’е.

У першым выпадку габрэі маладушна выпрабоўвалі Бога і ўсклікалі: «Ці ёсць Пан сярод нас, ці няма?» (Зых 17, 7). У другім жа наўпрост абвінавачвалі Бога ў нянавісці да іх, бачылі ў Ім таго, хто нібыта хоча знішчыць іх: «І наракалі ў шатрах сваіх і казалі: Пан з-за нянавісці да нас вывеў нас з зямлі егіпецкай, каб аддаць нас у рукі амарэяў і пагубіць нас. Куды мы пойдзем?» (пар. Дрг 1, 27–28). Даходзіла нават да таго, што яны жадалі лепш памерці, чым мець такую свабоду: «Людзі сварыліся з Майсеем, кажучы: Няхай бы мы таксама памерлі, калі паміралі браты нашы перад абліччам Пана» (Ліч 20, 3).

Якім чынам гэтая драма паўтараецца ў нашым жыцці?
«Вірус» нараканняў на выпрабаванні,
нястачу і клопаты, здаецца, «пераследуе» чалавека на кожным кроку.

«Як пагляджу на гэтыя голыя сцены, разбітую плітку і дзіркі ў падлозе нашай новай, хоць і прасторнай кватэры, то з любасцю ўспамінаю нашу былую абжытую „аднушку“», — скардзіцца жанчына, якая даўно марыла пераехаць у больш прасторнае жыллё. «Вось раней, у Савецкім Саюзе, было не тое што цяпер…» — нярэдка гэтым сказам пачынаюцца сапраўды настальгічныя аповеды. «А пры былым начальніку… А пры былой жонцы (былым мужы)…» — пералік тыповых сітуацый можна доўжыць бясконца.

Атрымліваецца, што свабода ці якісьці іншы Божы дар, патрабуючы вялікіх намаганняў і адказнасці, становіцца цяжарам? Як натуральныя рэчы мы ўспрымаем тое, што маем ад Бога, і, як выбраны народ, у «пустыні» атрыманай свабоды хацелі б мець усё і адразу, і часам нават з настальгіяй успамінаем пра «путы», з якіх вызваліліся… Несумненна, кагосьці могуць напаткаць сапраўды невыносныя цяжкасці і выпрабаванні на шляху вызвалення з духоўнай няволі або ў працэсе рэалізацыі пэўнага паклікання. Але Святое Пісанне падказвае, што нават тады, калі наша жыццё выглядае як «нягоднае месца, дзе нельга сеяць, дзе не растуць ні смоквы, ні вінаград, ні яблыкі гранату» (Ліч 20, 5), Бог усё роўна вядзе нас у абяцаную зямлю… А можа, менавіта «багатая на ўраджай зямля» ў пэўным сэнсе калісьці стала нашаю няволяю?..

Другі «вірус» — «вірус» страху перад далейшым шляхам — закрадваецца ў нашае жыццё тады, калі мы бачым перад сваімі вачыма цяжкую, жудасную перспектыву. Нягледзячы на тое, што Бог сам паабяцаў даць Ізраэлю зямлю Ханаан, габрэі спалохаліся велічы і моцы яе насельнікаў, не паверылі ў заступніцтва Бога і таму пабаяліся распачаць з імі барацьбу.

У жыцці кожнага з нас здараюцца сітуацыі, якія нібы паралізуюць, і тады здаецца, што Бог забыў пра нас або наўмысна давёў да гэтага, каб пакараць нас або ўвогуле загубіць. Не хацела б зменшваць значэнне падобных выпрабаванняў, бо не дай Божа нікому перажыць такія змрочныя моманты, як страх смерці ў цяжкай хваробе, страх правесці жыццё ў адзіноце, страх застацца без грошай і без даху над галавою…

Аднак нярэдка мы схільныя крыху драматызаваць будучыню. Згадаем: у вачах габрэяў усё, што знахо­дзілася ў зямлі Ханаан, набывала ненатуральна вялікія маштабы: «зямля <…> паглынае жыхароў сваіх, а ўсе людзі, якіх мы бачылі, высокія ростам. Мы бачылі там веліканаў… У параўнанні з імі мы былі як саранча…» (Ліч 13, 32–33); а вінаградная галіна з адною гронкаю ягадаў была такою, што на шасце яе неслі ажно два чалавекі. «Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца», і мы гэтак жа, як Ізраэль, ад роспачы спрабуем учапіцца за саломінку, знайсці тое, што замяніла б нам Божую апеку, якой у дадзены момант не бачым: цяжкахворы згаджаецца на лячэнне замовамі, адзінокая жанчына ўступае ў адносіны з жанатым мужчынам… Гэтыя «замяняльнікі» праўдзівых Божых шляхоў вельмі моцна абража­юць Пана і вядуць да парушэння ўсіх іншых Яго запаведзяў.

Бог вельмі эмацыйна і гнеўна рэагуе на «вірусы» наракання і страху ў чалавечых сэрцах. У першым выпадку — пасля скаргаў габрэяў на тое, што ім надакучыла есці адну манну, — Бог «ударыў народ вельмі вялікаю плягаю. І тое месца названа Кіброт-Гатава [магілы прыхамаці]; бо там пахавалі прагавіты народ» (пар. Ліч 11, 34).

У другім выпадку Пан таксама моцна разгневаўся на Ізраэль і ў час першага паходу ў зямлю Ханаан не быў з ім у змаганні, не пачуў яго плачу.

У мностве падобных выпадкаў Бог праз вусны Майсея
дакарае выбраны народ за бяспамяцтва,
забыццё пра той дзень, калі Пан усёмагутнаю рукою
вывеў яго з дому няволі,
учыніў перад яго вачыма мноства цудаў
і сам змагаўся за яго, насіў яго на сваіх руках.

Ці не таму заклікам памятаць пра ноч вызвалення суправаджаюцца шматлікія іншыя Божыя наказы: «Не бойся іх, успомні тое, што зрабіў Пан, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам» (пар. Дрг 7, 18); «Калі будзеш збіраць вінаград, не збірай гронак, якія засталіся, але хай будуць яны на спажытак для чужынца, сіраты і ўдавы. Памятай, што і ты быў нявольнікам у Егіпце…» (Дрг 24, 21)? І ці не таму Пан Бог, цудоўна ведаючы ўласцівасць чалавечага сэрца хутка забываць пра Божую апеку, устанавіў для выбранага народа свята Пасхі: «Гэтая ноч павінна быць чуваннем на хвалу Пана ва ўсіх сыноў Ізраэля ў іх пакаленнях» (пар. Дрг 12, 42).

Напоўніць сэрца такім чуваннем і памяццю пра Божыя цуды ў нашым жыцці (калі добра прыгледзецца, то мы ўбачым іх вельмі шмат) — вось лек ад нараканняў і страху, паратунак ад сумненняў, крыніца звышнатуральнай, нават ірацыянальнай надзеі, калі з рацыянальнага пункту гледжання шлях нашага блукання выглядае пустым і бясплённым, а праціўнік нашай душы — мацнейшым за нас… «Успомні тое, што зрабіў Пан…» (пар. Дрг 7, 18).


Ганна Шаўчэнка

Цэтлікі: Разважанні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней