Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святы Себасцьян

Імя Себасцьян азначае «ўзвялічаны». Святы Себасцьян —раннехрысціянскі мучанік, выявы якога мы сустракаем найчасцей. Ужо з VII стагоддзя гэтага святога ўшаноўвалі як заступніка ад чумы. Стрэлы, што яго зранілі, лічыліся ў народзе вобразам тых стрэлаў, якія анёл чумы пускае ў людзей. Толькі ў ХIV стагоддзі святога Себасцьяна замяніў Рох, які з таго часу лічыцца заступнікам ад чумы. На выявах святога Себасцьяна мы бачым маладога, часам толькі ў салдацкіх ботах, прывязанага да дрэва мужчыну, цела якога пранізана стрэламі. Яго ўспамін адзначаецца 20 студзеня.

Паводле легенды, святы нарадзіўся на поўдні сучаснай Францыі, у горадзе Нарбона, а выхоўваўся ў Мілане. Там ён рана пазнаёміўся з хрысціянствам. Себасцьян быў салдатам і апынуўся ў Рыме, дзе праз нейкі час узначаліў прэтарыянскую гвардыю, якая адказвала за асабістую бяспеку імператара. Себасцьян вызначаўся непадкупнасцю і надзейнасцю і карыстаўся сваім становішчам для таго, каб наведваць схопленых і пасаджаных у цямніцу хрысціянаў і дапамагаць ім. Пры імператару Дыяклетыяну Себасцьян быў абвінавачаны як хрысціянін і — паколькі з’яўляўся салдатам — прыгавораны да смерці праз расстрэл. Нумідзійскія лучнікі пускалі ў Себасцьяна стрэлы да таго моманту, пакуль ён, сцёкшы крывёю, не асеў на зямлю. Усе думалі, што ён мёртвы, але святая ўдава Ірына, якая хацела пахаваць цела, заўважыла, што ён яшчэ жывы, і выхадзіла яго. Ачуняўшы, Себасцьян адважна пайшоў у палац і з’явіўся перад імператарам, папракаючы яго ў жорсткасці да хрысціянаў. Імператар спалохаўся, убачыўшы перад сабою таго, каго лічыў памерлым. Ён аддаў загад збіць Себасцьяна дубінкамі, а яго мёртвае цела кінуць у сцёк для нечыстотаў. Адна пабожная хрысціянка, Люцыя, вылавіла яго і пахавала на Via Appia (Апіевай дарозе). На гэтым месцы ў 367 годзе была пабудаваная адна з сямі галоўных базылікаў Рыма, сённяшні касцёл св. Себасцьяна.

Себасцьян — гэта чалавек, пранізаны стрэламі. У гэтым можна ўбачыць глыбокі псіхалагічны сэнс — стрэлы азначаюць людскую агрэсію і праекцыю*. Калі нехта скіроўвае на мяне сваю нянавісць, я адчуваю, нібы мяне пранізваюць стрэлы. Або калі нехта праецыруе на мяне ўсе свае заглушаныя патрэбы, сваю выцесненую злосць, сваю прыдушаную сексуальнасць. Тады такая праекцыя дзейнічае як стрэлы, выпушчаныя ў мяне. Себасцьян быў пранізаны стрэламі, але не памёр ад гэтага. Ён перажыў стрэлы. Ён паўстаў нават больш адважным, чым быў дагэтуль, і паставіў імператара ў такую сітуацыю, што той сам убачыў сваю жорсткасць. Гэта сімвал для нас, якія часта адчуваюць сябе пад стрэламі, выпушчанымі іншымі людзьмі. Многія амаль не могуць жыць у такім агрэсіўным атачэнні. Себасцьян хоча ўсяліць у нас мужнасць, каб гэтыя стрэлы не маглі нам зашкодзіць. Яны прыносяць боль, але не могуць зраніць тое, што ўнутры нас. Унутры нас ёсць прастора, якая недатыкальная. Людзі могуць нас зганьбіць, яны могуць нас абгаварыць, могуць нас зраніць. Але нашага ўнутранага стрыжня яны не дасягнуць. Ён у Божых руках.

У традыцыйных народных вераваннях стрэлы доўгі час тлумачыліся як стрэлы чумы. Часам мы адчуваем удары лёсу. Нейкая хвароба можа зваліцца на нас, як з яснага неба, і збіць з ног. І тады Себасцьян з’яўляецца знакам надзеі на тое, што хоць хвароба і забівае нашае цела, нашу асобу яна знішчыць не можа. Калі стрэлы чумы трапляюць у чалавека, яны робяць яго непрывабным. Мы можам асыпаць чалавека зняважлівымі словамі і тым самым яго спаскудзіць. Або, нібыта стрэлы, трапляюць у нас папрокі. Няхай ва ўсіх такіх сітуацыях позірк на Сабасцьяна пераменіць бяду, напоўніць нас верай у тое, што мы маем нашу апору ў Богу, а не ў меркаваннях людзей.

Нянавісць і рэўнасць, агрэсія і злосць могуць быць як стрэлы, якія ў цябе пускаюць. Перад абліччам такіх перажыванняў даверся Богу як апоры свайго жыцця. У табе ёсць прастора, дзе жыве Бог. Там цябе ніхто не можа зраніць. Там цябе не могуць дасягнуць стрэлы. Там ты недатыкальны. Нават тады, калі ты не адчуваеш у сабе гэтай недатыкальнай апоры, вер у гэта. Ужо адно разуменне, што гэтая прастора ў табе ёсць, вызваліць цябе ад смяротнай моцы стрэлаў. У цябе будзе нібы нейкае адчуванне таго, што гэтыя стрэлы трапяць толькі ў тваё цела і твае эмоцыі, але не ў тое, што знаходзіцца ў глыбіні твайго сэрца. Бог атуляе сваімі рукамі твой унутраны стрыжань, аберагаючы яго так, каб ніхто не мог яго зраніць або знішчыць.

 

Падрыхтавала Ірына Бурак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.


* Праекцыя — механізм псіхалагічнай абароны, у выніку якога ўнутранае памылкова ўспрымаецца як нешта, што прыходзіць звонку. Тады чалавек прыпісвае нечаму свае ўласныя думкі, пачуцці, матывы, рысы характару і інш., лічачы пры гэтым, нібыта ён успрыняў нешта, што прыйшло звонку, а не знутры яго самога. — Заўв. перакл.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней