Райскі куток для самотных

19 лістапада ў Лагішыне Пінскай дыяцэзіі, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся, адбылася вялікая ўрачыстасць — асвячэнне першага ў рэспубліцы Дома міласэрнасці, які адкрыўся дзякуючы менавіта каталіцкай супольнасці, а дакладней — Кангрэгацыі Божага Провіду (ксяндзоў арыяністаў). Аб значнасці падзеі сведчыла прысутнасць на ўрачыстасці галоўных іерархаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі — нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупаў Антонія Дзям’янкі і Казіміра Велікасельца. Прыбылі на свята таксама правінцыял ордэну арыяністаў, каля 20-ці святароў і законных сясцёр, амаль столькі ж клерыкаў Пінскай семінарыі, свецкія ўлады і шматлікія вернікі.

... «Благаслаўлёная Маці Тэрэза аднойчы на вуліцы Лондана ўзяла за руку жабрака і запытала: як жывеш, чалавек? Ён заплакаў і адказаў: мяне ніхто не называе чалавекам, толькі бамжом». Гэтыя словы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на пачатку святой Імшы, якую ён цэлебраваў, кранулі да слёз  многіх сабраных у касцёле. І гэта было вельмі дарэчы, бо справа, якая распачынаецца ў лагішынскім Доме міласэрнасці, патрабуе шчырых, ахвярных, любячых сэрцаў. Дзякуй Богу, яны тут ёсць!

Дом міласэрнасці мае тытул Маці Божага Провіду. Падчас урачыстасцяў не раз гучала з вуснаў іерархаў, што Марыя таксама была самотнай, і Езус даручыў сваю Маці святому Яну. Арцыбіскуп Тадэвуш у сваёй гаміліі, у прыватнасці, сказаў: «Марыю выбраў Божы Провід. Езус робіць цуды праз пасрэдніцтва Маці Божай, гэта Ён паказаў нам у Кане Галілейскай... Дом міласэрнасці ў Лагішыне — знак часу. Езус гаварыў, што бедных будзем мець заўсёды. І сапраўды, куды ні пойдзеш, усюды знойдуцца такія людзі. І як жа важна бачыць у іх чалавека, бачыць у іх Езуса Хрыста...».

Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці напрыканцы святой Імшы адзначыў, што ў Каталіцкім Касцёле больш за 100 тысяч вернікаў розных кангрэгацый працуюць дзеля развіцця справаў міласэрнасці. Касцёл з’яўляецца дасканалым, калі можа даваць любоў. Калі ж — не, ён будзе падобны да няплоднай маці. «Я шчаслівы, што магу расказаць Святому Айцу пра гэту цудоўную справу ў Лагішыне, — сказаў нунцый. — Дом міласэрнасці належыць  вам усім і будзе добра функцыянаваць, калі будзе ваша любоў, а не толькі клопат спецыялістаў. Я буду вымольваць патрэбныя ласкі для вас і для жыхароў гэтага дома». Потым, звярнуўшыся да дзяцей, папрасіў іх хадзіць у Дом міласэрнасці прынамсі раз на месяц, каб занесці ўсмешку гэтым хворым, самотным людзям. «Мая мама таксама знаходзіцца ў такім вось доме, — працягваў арцыбіскуп Клаўдыё, — я адзіны ў яе сын, і ва ўсім горадзе не знайшоў чалавека, якому б мог даручыць сваю маці...» Дзеці дружна паабяцалі высокаму госцю выканаць яго просьбу.

Дом міласэрнасці ўражвае хараством сучаснай архітэктуры, а таксама сваёй маштабнасцю. Ён займае больш за два гектары зямлі, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі (нават сонечныя батарэі ўстаноўлены на даху), разлічаны дом на 40 месцаў. Пакуль тут жыве 25 чалавек, у асноўным — інваліды і адзінокія пажылыя людзі, прычым розных веравызнанняў. Жывуць па два чалавекі ў пакоі і заўсёды маюць побач дапамогу. Акрамя штатных работнікаў, ёсць валанцёры — моладзь і школьнікі, а таксама вернікі з каталіцкіх супольнасцяў.

«Пры жыцці ў рай трапілі, — і жартам і ўсур’ёз гавораць васьмідзесяцігадовыя муж і жонка Іваноўскія — Адольф Ксавер’евіч і Казіміра Людвігаўна. Яны вельмі шчаслівыя і ад таго, што кожную суботу ксёндз цэлебруе тут святую Імшу. Капліца імя Езуса Збавіцеля знаходзіцца ў галоўным холе будынка. Менавіта тут устанавілі фігурку Маці Божага Провіду. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу, а потым і ўвесь дом, прысвяціўшы яго Езусу Збавіцелю і Маці Божага Провіду.
У гэты дзень шмат цёплых словаў гучала ў адрас айцоў арыяністаў, найперш у адрас ксяндза канцлера Станіслава Паўліны, пробашча санктуарыя Маці Божай Лагішынскай Тадэвуша Шэшко, біскупа Казіміра Велікасельца, супрацоўнікаў «Caritas», дзяржаўных уладаў і ўсіх дабрачынцаў. Адзначалася таксама вялікая роля ў будаўніцтве Дома міласэрнасці святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка.

Завяршаючы афіцыйную частку ўрачыстасцяў, Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці сказаў:
— Хрысціяне ўсіх канфесій не шукаюць прывілеяў і выгодаў для сябе, яны шукаюць магчымасці і свабоды ў служэнні бліжняму. Як прадстаўнік Святога Айца благаслаўляю гэтую справу і прашу: няхай Усемагутны Бог сцеражэ Беларусь!


Галіна Калевіч.
Фота Г. Калевіч, К. Консэка.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней