Таямніца Яна Хрысціцеля

Трэцяя нядзеля Адвэнту — 11 снежня 2011 г.
Чытанні: Іс 61, 1–2а. 10–11; Лк 1, 46b–48. 49–50. 53–54; 1 Тэс 5, 16–24
Евангелле паводле Яна 1, 6–8. 19–28

Прарокі Старога Запавету прадказвалі прыйсце Божага пасланца. Прадказвалi яны і тое, што павінен быў з’явiцца папярэднік Месіі, той, хто абвесцiць прыйсце пасланца. У народзе лiчылi, і гэта пацвярджалі Пісанні, (гл. Мал 4, 5), што такім папярэднікам можа быць прарок Iлля. Таму нездарма прысланыя юдэямi святары i левiты, задаючы пытаннi Яну Хрысцiцелю, імкнуцца высветлiць, кiм ён з’яўляецца. Ян у сваю чаргу не прызнае сябе нi Хрыстом, нi Iллёю, нi якiм-небудзь iншым прарокам, хоць сам Езус у iншых месцах Евангелля называе яго тым самым Iллёй, якога ўсе чакалi (гл. Мц 11, 14; Мк 9, 13). Чаму ж тады сам Ян не лічыць сябе ім?

Святары і левіты, якiя задавалі пытанні Яну Хрысцiцелю, на самай справе чакалi Месiю. Таму яны пыталіся «хто ты?» ва ўсіх людзей, пазначаных  прыкметамі прарока. Аднак яны чакалi такога Божага пасланца, якога самi сабе ўяўлялi. Стварыўшы зручны для сябе вобраз, яны адкінулі ўсё, што яму супярэчыла. Яскравым пацвярджэннем гэтых словаў з’яўляецца крыжовы шлях нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму няма чаго здзiўляцца, што Ян Хрысцiцель не раскрыў свайго паклікання.

Мы таксама вельмi часта малюем уласны вобраз Бога, а калi Пан Бог уносiць у яго свае карэктывы, мы не заўсёды з гэтым згаджаемся, а часам нават вельмi моцна бунтуемся. Таму, каб пазнаць сапраўднага Бога, нам патрэбныя пакора i велiзарнае жаданне пазнаваць Яго.


Айцец Віталь Сапега ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней