21 ліпеня 2011 года а 9-й гадзіне раніцы, у пінскім шпіталі па вул. Першамайскай, 191, у дом Нябеснага Айца адышоў з гэтага свету кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі.
Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Валзе (Эстонія), у сям’і Яна і Веранікі з Крамплеўскіх.
У 1919–1922 гг. разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры.
Вярнуўшыся з дэпартацыі, хадзіў у пачатковую і сярэднюю школу ў Баранавічах (1922–1933).
У 1933 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску і пасля заканчэння вучобы, 8 красавіка 1939 г., прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы. Душпастырскую паслугу распачаў як вікарый парафіі ў Пружанах (1939–1944).
Яго пераследавала савецкая ўлада: арышты, праслухоўванне, следствы, вязніцы, камера смяротнікаў, пазбаўленне свабоды і ссылка на дзесяць гадоў у савецкія лагеры ў Марыінску, Варкуце, Інце.
16 чэрвеня 1954 г., пасля вызвалення з ссылкі, ён становіцца пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску і выконвае гэты абавязак да 1991 года. 11 лютага 1988 г. становіцца капеланам Яго Святасці; 11 красавіка 1989 г. — генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі; 13 красавіка 1991 г. — арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
21 мая 1991 г. прыняў біскупскае пасвячэнне ў пінскай катэдры.
26 лістапада 1994 г. атрымаў годнасць кардынала і тытулярны касцёл (св. Джэрарда Маелла ў Рыме). Уваходзіў у склад кардыналаў-прэзбітэраў.
Быў першым кардыналам у гісторыі Касцёла на Беларусі і першым старшынёю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў лацінскага абраду ў Беларусі (12.02.1999 г.).
4.07.1995 г. прэзідэнт Рэспублікі Польшча ўзнагародзіў кардынала Казіміра Камандорскім крыжам з зоркаю і ордэнам адраджэння Польшчы.
У 1996–2000 гг. правёў Сінод Мінска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.
Укаранаваў цудадзейныя абразы Маці Божай: у Брэсце (30.06.1996), Лагішыне (10.05.1997) і Будславе (2.07.1998).
У 2000 г. садзейнічаў заснаванню каталіцкага выдавецтва «Pro Christo» ў Мінску.
12 студзеня 2000 г. Экуменічнай капітулай ордэну ў Тамашове Мазавецкім (Польшча) быў адзначаны ордэнам Ecce Homo «за чалавечнасць перад абліччам смерці, за любоў і прабачэнне, за нястомнае служэнне на карысць бліжніх». У тым жа годзе атрымаў дазвол на трансляцыю св. Імшы ў кожную нядзелю і ўрачыстасці Каталіцкага Касцёла на першым радыёканале Рэспублікі Беларусь.
12 чэрвеня 2001 г. пасля капітальнага рамонту будынка былой Пінскай духоўнай семінарыі адкрыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага для падрыхтоўкі ў святарства кандыдатаў, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Быў яе першым рэктарам.
27 верасня 2004 г. папа Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку ўзнагароду «Fidei testis» («Сведка веры»), прызначаную яму Інстытутам імя Паўла VI у італьянскім горадзе Брэшы.
23.11.2006 г. быў узнагароджаны прэзідэнтам Рэспублікі Францыя найвышэйшаю адзнакаю Камандора ордэна Ганаровага легіёну.
14 чэрвеня 2006 папа Бэнэдыкт XVI адклікаў кардынала з пасады арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з захаваннем абавязкаў Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі.
3 кастрычніка 2009 г. правёў урачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа Пінскай дыяцэзіі ў Баранавічах, зарэгістраванага ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь, і аддаў яго ў апеку Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму.
30.06.2011 г. кардынал быў звольнены з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.
Усім сэрцам ён падтрымліваў будаўніцтва Дома міласэрнасці ў Лагішыне і радаваўся, калі ён атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (7.10.2010) і калі адзначалася ўрачыстасць яго аддання ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Божага Провіду.
З 19.05.2010 г. кардынал быў пацыентам шпіталяў Пінска, Мінска, Любліна і скончыў зямное жыццё ў Пінску, жыхаром якога быў на працягу 57 гадоў.
Адышоў да Пана: «Ахвярны святар, чалавек глыбокай, непахіснай веры і незвычайнага лёсу. Аптыміст з душою рамантыка, улюбёны ў хараство свету, створанага Богам. Вялікі працаўнік і жыццялюб, надзелены рэдкім дарам тонкай іроніі, што дапамагае яму заўсёды заставацца самім сабою. Перакананы абаронца Традыцыі і шчыры паклоннік Марыйнай пабожнасці. Мужны апостал Хрыстовае праўды. У яго лёсе яскрава адлюстроўваўся драматычны лёс усяго Касцёла на Беларусі за апошняга больш як паўвеку...» («Fidei testis» — «Сведка веры», Мінск, Pro Christo, 2004,
с. 16).
Служыў Касцёлу радасна. Клапаціўся пра братэрства мясцовых і замежных духоўных асобаў, пра душпастырства пакліканняў, рэлігійную фармацыю дзяцей і моладзі, сакральнае і касцёльнае будаўніцтва, пра самасвядомасць Касцёла ў Беларусі.
Вернікі чувалі каля памерлага і маліліся за яго ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пахаванне адбылося ў Пінску пад кіраўніцтвам Яго Эксцэленцыі кардынала Станіслава Дзівіша, арцыбіскупа Мітрапаліта Кракаўскага з Польшчы са шматлікім удзелам каталіцкага духавенства і духоўных асобаў іншых веравызнанняў, а таксама мясцовых і замежных вернікаў.
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Тадэвуш Кандрусевіч
Канцлер, пробашч пінскай катэдральнай парафіі
кс. Станіслаў Паўліна fDP
* Rogito (ад лац. rogito — распытаць, даведацца) — дакумент, у якім падаюцца асноўныя факты з жыцця памерлага іерарха. Паводле касцёльнай традыцыі, ён падпісваецца распарадчыкамі пахавання, пасля чаго кладзецца ў труну.