Кардыналу Казіміру Свёнтку
Туды, дзе вытокі ракі Мухавец,
дзе б’е з-пад зямлі крыніца,
прыйдзе аднойчы стамлёны жнец
гаючай вады напіцца.
І дакрануцца да гэтай зямлі,
на якой усё пачалося...
Тут ворагі скончыць сяўбы не далі,
ды Бог узрасціў калоссе.
Семдзесят год той руплівы жнец
на Божай ніве шчыруе
і працу сваю, як прыгожы вянец,
штодня ён Хрысту ахвяруе.
А сёння шпаркай, рухавай хадою
спяшыць да свае маладосці,
што схавалася тут, за ракою,
на хвілінку адну, у госці.
Там, дзе вытокі ракі Мухавец,
дзе б’е з-пад зямлі крыніца,
на пагорак узыдзе стамлёны жнец,
каб Небу за ўсё пакланіцца.
Крыстына Лялько, 15.08.2009 г.
![]() |
Кардынал Казімір Свёнтэк са сваімі былымі парафіянамі. Урачыстасць 70-годдзя святарства кардынала. Пружаны, 15.08.2009 г. |