Першую сустрэчу з кардыналам Казімірам Свёнткам я памятаю вельмі добра — гэта было вясной 1999 года ў Фрайзінгу. Напэўна, яму было цікава, хто прыйдзе ў «Renovabis» на пасаду, якая і цяпер мае вялікае значэнне для Касцёла на Беларусі, а ў той час адыгрывала асаблівую ролю для перспектываў яго развіцця. <...>
Магу сказаць, што з кардыналам Свёнткам мы мелі вялікую ўзаемную сімпатыю. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца для мяне непараўнальным аўтарытэтам, калі гаварыць пра яго асобу і сведчанне яго жыцця. Але былі таксама канкрэтныя прафесійныя справы, канкрэтныя рашэнні, у адносінах да якіх мы мелі розныя погляды. Супрацоўнікі «Renovabis» мелі сваё бачанне справы і праводзілі сваю палітыку. Зразумела, што мы ніколі не збіраліся ані павучаць біскупаў, ані ставіць ім ніякіх умоваў. Але калі падчас супрацоўніцтва з кардыналам Свёнткам нашыя з ім погляды разыходзіліся, мы заўсёды адкрыта пра гэта гаварылі. Нават у нейкіх негатыўных рашэннях ён заўсёды меў копіі дакументаў, і я заўсёды быў гатовы дадаткова штосьці патлумачыць.
Калі гаварыць пра асобу кардынала, то ў першую чаргу звяртае на сябе ўвагу яго прастата. Ён нічога не хацеў і не ўзяў для сябе. Розныя цырымоніі, знешнія адзнакі, арнаты, нават кардынальскі персцень яму самому не былі патрэбныя — яны павінны былі служыць толькі на хвалу Божую. Ён хацеў жыць у простым памяшканні і нават рэзідэнцыю біскупаў у Пінску будаваў для свайго наступніка, а не для сябе і сваіх выгодаў. Выгоды не рабілі на яго ніякага ўражання. Ён не быў чалавекам з амбіцыямі, ён сапраўды хацеў служыць толькі Богу — ад пачатку і да канца.
Марцін Бюшэрмёле, тэолаг,«Renovabis».