Слуга Божай Ахвяры

«Я ўжо стаю каля брамы Неба, — часта гаварыў Яго Эмінэнцыя, асабліва ў апошнія два гады, — таму мушу спяшацца, бо справаў яшчэ шмат...» І дадаваў: «Калі перажыву 21 дзень кожнага месяца, то ведаю напэўна, што Бог дасць мне яшчэ месяц быць на гэтай зямлі».

Дзіўна, але на працягу ягонага жыцця ў гэты дзень амаль заўсёды нешта здаралася — і добрае, і дрэннае: 21 кастрычніка 1914 г. будучы кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся, 21 мая 1991 г. атрымаў біскупскую сакру, 21 снежня 1995 г. абвясціў на сустрэчы святароў Пінскай дыяцэзіі аб скліканні Сіноду, 21 кастрычніка 1997 г. рэкансэкраваў мінскую архікатэдру... Гэта светлыя і радасныя факты. А колькі і чаго здаралася на працягу доўгіх гадоў змагання за веру і ўвогуле за жыццё, колькі прыніжэння і пакутаў, пра якія, магчыма, не ведалі нават самыя блізкія паплечнікі кардынала, а ведаў толькі Яго Эмінэнцыя? Мы ведаем толькі пра тое трагічнае, што зафіксавана дакументальна: 21 красавіка 1941 г. ён быў першы раз арыштаваны НКУС, 21 ліпеня 1944 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў… Яго Эмінэнцыя не раз гаварыў, што Бог уратаваў і захаваў яму жыццё, але выпрабаваннямі і цярпеннямі ўзнагародзіў шчодра. Многія, хто бачыў яго цярпенні ў апошні год жыцця, могуць дадаць: цярпенні і пакуты аж да апошняга ўздыху.

Сапраўды, пачынаючы ад першага арышту ў 1941 г., выпрабаваннямі пазначана было ўсё жыццё ксяндза кардынала. Нават тады, калі прэлат Казімір стаў арцыбіскупам і мітрапалітам. Іншы раз сведкамі гэтага былі і некаторыя з вернікаў, якія дапамагалі набіраць на машынцы ці перакладаць касцёльныя дакументы. Успамінаецца, як цярпліва і настойліва будучы кардынал абіваў парогі чыноўнікаў, каб зарэгістраваць статуты архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, — з 1991 г. аж да восені 1994 г. працягваліся гэтыя прыніжэнні, да таго часу, калі ўжо стала вядома, што былы вязень стане кардыналам. З ім тады ніхто не хацеў размаўляць, яго проста выстаўлялі за дзверы — і ў Мінску, і ў Брэсце. Колькі на яго твары было балючай горычы, калі ён у чарговы раз вяртаўся, зняважаны, ад чыноўнікаў! Але колькі было адвагі і непахіснай рашучасці, бо гэта датычыла самага важнага — веры ў Бога. «Што ж, — гаварыў тады іерарх, — усе дзеці Божыя, толькі некаторыя з іх яшчэ зусім сляпыя».

Радасць кардынала: Яго Эмінэнцыі
прынеслі першы экзэмпляр
«Рымскага Імшалу для дыяцэзій
на Беларусі».
Мінск, 21 жніўня 2004 г.

Але, як аднойчы сказаў кардынал Казімір, «надышлі дні, калі Бог з любові сваёй злітаваўся над тымі, каго пераследавалі за веру, за Бога», і пачалася актыўная праца па адраджэнні Касцёла — па ўсіх кірунках. Уражвала тое, што Яго Эмінэнцыя быў дасведчаны і зарыентаваны ва ўсім: у архітэктуры і рэстаўрацыі абразоў, у стварэнні рознай прававой і касцёльнай дакументацыі, у перакладах літургічных і іншых тэкстаў. Яго веданне лацінскай мовы ўражвала нават масцітых лаціністаў, выдатна ведаў ён яшчэ з семінарыйных гадоў французскую мову, нямецкую, размаўляў на англійскай, а ў 77 гадоў(!) пачаў вывучаць італьянскую. Вельмі нечакана было, калі аднойчы кардынал Свёнтэк сказаў, што кожны дзень чытае Святое Пісанне на італьянскай мове, бо «так хутчэй пазнаецца мова».

На нашых вачах ён змяняўся: здавалася, з кожным годам ён станавіўся яшчэ больш упэўнены, моцны, станавіўся пастырам-волатам, непахісным і нястомным. Яго называлі чалавекам-эпохай, чалавекам-сімвалам веры… «Ваш кардынал — гэта чалавек-легенда», — сказалі мне ў Аўстрыі, даведаўшыся, што я з Беларусі. Менавіта дзякуючы кардыналу Казіміру Свёнтку, яго шматлікім сустрэчам у розных краінах на розных узроўнях пра адраджэнне Касцёла ў Беларусі даведаліся і зацікавіліся нашай краінай многія. Нам жа Яго Эмінэнцыя наблізіў адчуванне паўсюднасці Касцёла. Пасля вяртання з Рыма апавядаў пра сустрэчы са Святым Айцом, дадаючы нам ахвоты яшчэ з большым энтузіязмам развіваць каталіцкі друк… А як свяцілася ягонае аблічча, калі ён расказваў пра наведванні Марыйных санктуарыяў — у Чэнстахове (калі Яго Эмінэнцыя пасля свайго казання ціхім голасам распачаў спеў «Сардэчная Маці, наша Апякунка…», і шматтысячны натоўп падхапіў яго так, што, здавалася, заспявала ўся зямля. «Вось бы ў нас так спявалі ўсе вернікі», — сказаў тады ён); у Люрдзе (калі ранкам адпраўляў святую Імшу, а салаўі «далучыліся» сваімі спевамі), у Фаціме, калі ў 1996 г. разам з іншымі біскупамі Яго Эмінэнцыя прысвяціў Беларусь Маці Божай; пра сваю сустрэчу з сястрой Люцыяй, пра ружанец, які яна сама зрабіла і падаравала кардыналу. Ён заўсёды маліўся на гэтым ружанцы і ніколі не расставаўся з ім…

Кардынал Свёнтэк настолькі цікава і вобразна апавядаў, што яго можна было слухаць бясконца, толькі хвіліны такія здараліся не часта. А вось на інтэрв’ю не вельмі ахвотна згаджаўся, як і на тое, каб яго фільмавалі, — лічыў гэта не такім патрэбным і важным. Эмінэнцыя валодаў незвычайнай асаблівасцю: праз некалькі хвілін размовы здавалася, што размаўляеш не з пажылым недаступным іерархам, а са сваім равеснікам, — настолькі простым, адкрытым, шчырым ён быў суразмоўцам. Не кажучы ўжо пра адметны гумар і іронію. Можа таму, што кожнага чалавека ён па-свойму бачыў, — аднойчы сказаў, што яму  дастаткова адной хвіліны: пакуль чалавек уваходзіць і набліжаецца да яго, кардынал Казімір ужо бачыў яго сутнасць.   

Нам часам здавалася, што з гадамі Яго Эмінэнцыя не старэе, а наадварот, маладзее, настолькі ён здзіўляў незвычайнай вітальнасцю, актыўнасцю, сілаю духу, цікавасцю да жыцця і людзей, гумарам і аптымізмам. А як ён умеў радавацца! І абурацца таксама! Калі выйшаў малітоўнік «Ойча наш», ён са слязьмі на вачах і з такою пашанаю ўзяў яго ў рукі і пацалаваў крыжык на вокладцы, кажучы: «Хвала Богу! Нарэшце ёсць малітоўнік!» Эмінэнцыя цікавіўся кожным выданнем, кожным новым нумарам каталіцкіх часопісаў. Здаралася, ушчуваў нас, калі штосьці было не так, але на гэта немагчыма было крыўдаваць — нам самім было непрыемна, што не змаглі апраўдаць давер такога чалавека, якому і так хапае цярпенняў. «Памятайце, — паўтараў ён нам, — вы “Pro Christo” (такую назву выдавецтву прапанаваў ксёндз кардынал), працуеце для Хрыста». І заўсёды падкрэсліваў, што толькі даверыўшыся Хрысту праз апеку Маці Божай, трэба жыць і працаваць, — тады ніколі не згубішся ў гэтым свеце.

Нягледзячы на ўзрост, кардынал Казімір Свёнтэк быў вельмі сучасны — быў заўсёды зарыентаваны не толькі ў новых дакументах Апостальскай Сталіцы, новых выданнях, у тым, што робіцца ў свеце, але цікавіўся музыкай (вельмі любіў класічную музыку, асабліва Шапэна) і спартыўнымі спаборніцтвамі — асабліва любіў глядзець міжнародныя футбольныя і хакейныя матчы. Але ніколі не хаваў і таго, што ў нечым ён не дасведчаны. Калі ўзнікла прапанова стварэння інтэрнэт-партала catholic.by, Яго Эмінэнцыя прыйшоў у выдавецтва і на працягу некалькі гадзін слухаў, глядзеў, задаваў пытанні. Потым сказаў: «Гэта добрая справа, рабіце. Няхай Бог благаславіць». І дадаў: «Я, хіба, павінен навучыцца працаваць на камп’ютары, можа, яшчэ не запозна?», потым усміхнуўся (так, як мог усміхацца толькі ён) і пажартаваў: «Але мая пасляваенная друкарская машынка хіба надзейней, бо што вы будзеце рабіць, як электрычнасць падвядзе? А я і пры свечцы надрукую свае казанні…»

У Эмінэнцыі было вельмі шмат задумаў і планаў… Але Божы Провід, якому так бязмежна давяраўся кардынал, па-свойму спланаваў ягоны адыход — здаецца, найшчадрэйшы на цярпенні і пакуты перыяд ягонай зямной вандроўкі. Мы нават не можам уявіць, наколькі моцна пакутаваў апошні гэты год кардынал Казімір. Але трэба было бачыць, як ён узрадаваўся, калі мінскія ўрачы дазволілі клерыкам дзяжурыць каля яго ў шпіталі: адразу змяніўся настрой, адразу, здавалася, аж памаладзеў, больш прыбавілася сілы. Яго Эмінэнцыя змог тады цэлебраваць святую Імшу, — праўда, седзячы ў ложку, але семінарысты дапамагалі яму наладзіць алтарык, трымалі Імшал, прыслугоўвалі, каб верны слуга Божай Ахвяры, якім быў кардынал Свёнтэк, здзейсніў Эўхарыстыю. Будучыя святары гаварылі, што той час, праведзены з кардыналам Свёнткам у шпіталі, даверлівыя размовы з пастырам, які адрадзіў Пінскую семінарыю, быў вельмі вартасны, — таго, што яны атрымалі падчас дзяжурства, не дасць ніводная навучальная ўстанова, бо гэта былі своеасаблівыя ўрокі жыцця і святасці.

Яго Эмінэнцыя пастаянна думаў пра Касцёл, рупіўся пра справы нават у шпіталі. Ён гаварыў пра распаўсюджванне культу Божага Сэрца, малітваў за душы ў чыстцы (як было гэта пры Слузе Божым біскупе З. Лазінскім), пра адаптаванне і распаўсюджванне «Садаліцыі Марыянскай», каб як мага больш дзяцей і моладзі даверыліся апецы Маці Божай; пра тое, што трэба падрыхтаваць да выдання гісторыю кожнага дэканата Пінскай дыяцэзіі з успамінамі пра ахвярных святароў і вернікаў...

Ён рупіўся пра Касцёл, нават будучы непрытомным. Калі я наведвала яго ў мінскім шпіталі пасля аперацыі, Яго Эмінэнцыя пачаў гаварыць, што ён рыхтуецца да пасяджэння ККББ, што ўсе мы павінны асаблівую ўвагу звярнуць на сем’і, на выхаванне дзяцей і моладзі, каб было як мага больш пакліканняў... Ён паўтараў і паўтараў пра важнасць выхавання моладзі і яе ратавання ў сучасным свеце. Я слухала яго і нават не зразумела, што ён гаварыў гэта падчас трызнення ад высокай тэмпературы, як потым сказалі мне ўрачы...

А як Яго Эмінэнцыя хацеў быць разам з усімі ў Будславе 2 ліпеня! У мінулым годзе ён якраз быў у шпіталі і вельмі шкадаваў, што не можа быць там. «Вось калі б была магчымасць і я прыляцеў бы на верталёце проста са шпіталя на пляц перад санктуарыем Маці Божай — няхай сабе на інваліднай калясцы! Вось моладзь узрадавалася б!» А потым пытаўся ў кожнага, хто наведваў яго пасля Будслава: «Як там было? А колькі святароў было? А вернікаў? А колькі ішло пешых пілігрымак?» І паўтараў не адзін раз: «Пастаянна размаўляйце з Богам, патрэбны дыялог нашай душы з Ім, пакаянне і малітва, цалкавіта даверыўшыся Матулі Нябеснай...»

Некалькі месяцаў таму, на пачатку сакавіка, была апошняя сустрэча з ім, апошні крыжык-благаслаўленне на чале…

Не хочацца верыць, што ўжо не будзе яго тэлефоннага званка, што не будзе такой знаёмай і мудрай усмешкі, такіх адмысловых словаў суцяшэння і надзеі: «uszy do góry!» (не здавайцеся!)… Наш дарагі і блізкі чалавек, кардынал Казімір Свёнтэк увайшоў ужо у адчыненую браму Неба…

Але суцяшае багаты плён яго доўгага святарскага служэння, які відаць усюды — у адноўленых святынях, у маладых святарах, у каталіцкім друку і інтэрнэце, у малітоўных рухах, у тых шматлікіх верніках, якія, запаленыя ягоным сведчаннем, вучацца веры і адданасці  Богу і Касцёлу...

Суцяшае абяцанне, якое кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў усім нам: «Буду дапамагаць вам з чыстца…» І яго маладая ўсмешка: «А можа ўдасца без чыстца?..»

Няхай жа Бог міласэрны прыме яго адразу да свайго Дому...

Аліна Новікава,
дырэктар выдавецтва
«Pro Christo», Мінск.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней