Жыццё з усмешкаю

Адышоў у вечнасць святар з вялікай літары, наш першы  кардынал, руплівы адраджэнец беларускага Касцёла — кардынал Казімір Свёнтэк. Да апошніх дзён ён клапаціўся пра даручанаю яму дыяцэзію, не забываў і пра архідыяцэзію, пра ўсе справы, якія ён распачаў. Кардынал Казімір не зважаў на свой узрост і так стараўся паспець зрабіць ўсё, што літаральна лятаў, а не хадзіў. Часам ён жартаўліва казаў, што адпачынак будзе мець у Бога.

У 95-гадовы юбілей нараджэння Яго Эмінэнцыі я радавалася, бо ён стаў другім па ліку са старэйшых кардыналаў. А потым і 96 год яго мы прычакалі. Здавалася, яшчэ трошкі — і будзем адзначаць 100-годдзе нашага іерарха. Вось гэта будзе свята! Але Бог меў свае планы...

Калі прыйшла сумная вестка пра смерць кардынала, чамусьці згадаліся радкі з верша Сяргея Грахоўскага:

Усіх адна цікуе непазбежнасць —
Дарога карацейшая з дарог,
Дзе забяспечаны спакой і незалежнасць
Без мітусні, без гора і трывог. <...>

Па ёй адходзяць, хочуць ці не хочуць,
Паэты, жабракі і каралі,
Наступнікі, што ўслед за імі крочаць,
Сляды не ўсіх знаходзяць на зямлі.

Кардынал Казімір пайшоў у месца свайго жаданага адпачынку, але ён застаўся з намі ў плёнах сваёй працы: адноўленай мінскай архікатэдры, пінскай катэдры і семінарыі, заснаваных і благаслаўлёных ім каталіцкім выдавецтве «Pro Christo», часопісах «Наша вера», «Ave Maria», «Маленькі рыцар Беззаганнай», у святарах, якія з яго рук атрымалі святарскае пасвячэнне.

Мая першая сустрэча з тады яшчэ арцыбіскупам Казімірам Свёнткам адбылася 16 жніўня 1992 года. У 1991 годзе была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, і Святы Айцец прызначыў Казіміра Свёнтка першым яе арцыбіскупам. Пасля доўгага заняпаду рэлігійнага жыцця ён, ужо як пастыр, прыехаў на Залатую Горку ў Мінск удзяляць сакрамэнт канфірмацыі. Гэта была падзея! На прыкасцёльным пляцы сабралася шмат вернікаў, і не толькі залатагорскіх, але і з іншых парафій.

Быў цёплы жнівенскі дзень. Вернікі, апярэджваючы адзін аднаго, спяшаліся заняць першыя рады жывога ланцужка ўздоўж дарожак, каб убачыць мітрапаліта Казіміра Свёнтка. Усе з хваляваннем чакалі яго прыезду. У тыя 90-я гады такіх высокіх іерархаў, ды і тое замежных, бачылі толькі па тэлевізары, здавалася, сам Папа наведаў Беларусь. «Прыехаў, прыехаў!» — праляцеў шэпт па радах. І вось ён, даволі пажылы чалавек, невысокага росту, імкліва ішоў па ўпрыгожанай палявымі кветкамі дарожцы, благаслаўляючы і адорваючы ўсіх абаяльнаю ўсмешкаю. «Добры, вясёлы, па твары відаць, што мудры!» — перадавалі людзі з першых радоў тым, хто стаяў ззаду. Такую характарыстыку далі вернікі тады яшчэ незнаёмаму пастыру. У той дзень Мітрапаліт удзяліў сакрамэнт бежмавання такой колькасці вернікаў, што цяжка нават уявіць. Пачыналася рэлігійнае адраджэнне, людзі прагнулі Бога...

Ці магла я тады падумаць, што мне давядзецца працаваць пад кіраўніцтвам кардынала Казіміра Свёнтка? Безумоўна, не! Адраджаўся Касцёл, і мне хацелася ўкласці сваю «цаглінку» ў гэту высакародную справу,  хацелася працаваць для Бога, хацелася дапамагчы людзям пазнаваць Яго з дапамогаю роднага слова, хацелася, каб гучалі малітвы на роднай мове. Бог ведаў пра мае патаемныя жаданні, таму падказаў шлях, дзе я магу рэалізаваць свае мары, — у каталіцкім выдавецтве, якое тады, апрача выканання непасрэдных абавязкаў па падрыхтоўцы да друку часопісаў і рэлігійнай літаратуры, дапамагала архідыяцэзіяльнай курыі. На працягу трынаццаці гадоў я не пераставала здзіўляцца працаздольнасці, рашучасці, актыўнасці нашага кардынала. Ён быў патрабавальным да сябе і да іншых. Мяне прыводзіла ў захапленне тое, як Яго Эмінэнцыя адказна ставіўся да падрыхтоўкі пастырскіх лістоў і казанняў на беларускай мове. Ён не саромеўся вучыцца і пытацца. Не з’яўляючыся носьбітам беларускай мовы, Яго Эмінэнцыя часам нават прасіў расставіць націскі ў тэксце, каб правільна вымавіць кожнае слова. А як кардынал Казімір радаваўся, калі знаходзіў які-небудзь абдрук! Ён па-дзіцячы прыплюшчваў вочы і ўсміхаўся, кажучы: «Ага, не заўважыла, а я знайшоў!»  Яго ніколі не падводзіла моўнае чуццё. Нездарма ў маладосці кардынал марыў пра паступленне на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Кардынал Казімір Свёнтэк прымае віншаванні
з нагоды 70-годдзя святарства.
Мінская архікатэдра, 2009 г.

З цеплынёю згадваецца таксама Х Сімпозіум Біскупаў Еўропы, які праходзіў у Рыме і на які ўпершыню была запрошаная моладзь. За працу над матэрыяламі Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій мяне абралі дэлегаткаю ад Беларусі. На аўдыенцыі са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ кардынал Казімір Свёнтэк павінен быў уручыць Яго Святасці «вынік працы»: статуты Сіноду нашых трох дыяцэзій. Менавіта тады я адчула асаблівую пастырскую, хутчэй бацькоўскую, апеку нашага кардынала. Яго Эмінэнцыя падыходзіў да мяне на перапынках падчас пасяджэнняў, каб, напрыклад,  раніцаю задаць простае жыццёвае пытанне: «Як спалася?», а потым падзяліцца сваімі ўражаннямі і падбадзёрыць з уласцівым яму гумарам. Ён з гонарам знаёміў мяне з біскупамі суседніх краінаў, нібы жадаючы паказаць, што беларускі Касцёл развіваецца, што ёсць моладзь, — яго надзея. Маладыя ўдзельнікі сімпозіума былі захопленыя абаяннем нашага кардынала. Уявіце сабе сітуацыю: пачатак святой Імшы, гучыць урачысты спеў, у працэсіі з сакрыстыі выходзяць каля пяцідзесяці засяроджаных іерархаў еўрапейскіх краінаў, і вось наш кардынал па дарозе да прэзбітэрыя азіраецца па баках, шукаючы мяне сярод маладых удзельнікаў, каб прывітаць, адарыць чароўнаю ўсмешкаю і памахаць рукою. Гэта ва ўсіх выклікала вялікую цікавасць: каго ж так вітае гэты пажылы іерарх, хто адкажа яму ўсмешкаю? Праз нейкі час усе пачыналі азірацца, усміхацца, а некаторыя смялейшыя з моладзі махалі рукою нашаму кардыналу. Гэта паўтаралася да канца працы сімпозіума. І кожны чарговы раз моладзь чакала выхаду нашага кардынала Свёнтка, каб убачыць яго радасныя вочы, прыняць ад яго хвалю станоўчай энергіі, дапамагчы яму знайсці ягоную «Беларусь». Маладыя ўдзельнікі казалі мне: «У вас такі класны кардынал!» Было прыемна, што і казаць!

Яго Эмінэнцыя, зведаўшы шмат гора, імкнуўся несці радасць маладым людзям і шчодра ёю дзяліцца. Ён лёгка ішоў на кантакт, размаўляў па-італьянску, па-нямецку, па-французску і крыху па-ангельску. Да яго цягнулася моладзь: цікавілася яго жыццём, прасіла распавесці пра гады пераследу і ссылкі. Кардынал прызнаўся мне, што не надта любіць узгадваць тыя жудасныя гады, але дзеля таго, каб падзяліцца сведчаннем, з пакораю згаджаецца. Найбольш ён любіў распавядаць пра Піншчыну, пра прыроду, жывёлаў, расліны. Было відаць, што гэта яму вельмі падабаецца, гэта яго захапляе, ён гэтым жыве. Яго Эмінэнцыя распавядаў пра сваё «рабінзонства» ў мясцовых лясах, пра ўласнае аматарскія рэжысёрства і аператарства, пра здымкі фільмаў пра Палессе. 

...На вачах з’яўляюцца слёзы, калі гляджу на апошнюю старонку кнігі «Fidei testis». Яго Эмінэнцыя ўсё гэтак жа прыязна ўсміхаецца і махае рукою, нібы зноў вітаючы, прамаўляе: «Да сустрэчы ў Божым Валадарстве!»

Іна Ламака, Мінск

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней