Благаслаўлёныя рукі...
Благаслаўленне сужэнства Ганны
і Міколы Новікавых.
Мінск, жнівень 2004 г.

Ці знойдуцца словы, ды і ці ўвогуле існуюць такія, каб дакладна перадаць усе тыя пачуцці, якія агарнулі нашую сям’ю, калі мы пачулі сумную вестку аб адыходзе ў вечнасць кардынала Казіміра Свёнтка? Ды і як перадаць тую пустку, якая імгненна ўзнікла, той жаль непрытуленага дзіцяці, той даўкі камяк горычы і смутку, тыя невымоўныя словы падзякі і такое нежаданае ўсведамленне развітання — ужо назаўсёды…

Многім з нас — тым, хто працаваў у каталіцкай прэсе ці выдавецтве, парафіянам мінскай архікатэдры, — пашчасціла часцей сустракацца з кардыналам Казімірам Свёнткам, бачыць яго прыклад служэння і веры зблізку. Нашае ж сужэнства спазнала асаблівую ласку: у 2004 г. Яго Эмінэнцыя благаславіў наш сакрамэнт шлюбу. Гэта ён абвязаў нас стулаю са словамі: «Што Бог злучыў — чалавек няхай не раздзяляе», гэта за ім мы паўтаралі словы сужэнскай прысягі… Памятаю, якімі добрымі і светлымі былі ягоныя вочы падчас удзялення сакрамэнту, як цярпліва ён чакаў нас, з якім разуменнем адносіўся да нашага хвалявання… І з кожным сумесна пражытым годам мы ўсё глыбей усведамляем, праз чые благаслаўлёныя рукі мы атрымалі ласку сакрамэнту сужэнства, як нам пашчасціла, што такога духоўнага апекуна прызначыў Бог, і адначасова якая гэта вялікая адказнасць — быць вартымі гэтай ласкі…

Як жа мы — тыя, хто яшчэ працягвае сваю зямную вандроўку, — можам хоць крыху аддзячыць нашаму шаноўнаму і дарагому кардыналу Казіміру? Безумоўна ж, малітвай і ўчынкамі, але таксама стараннем быць вернымі Богу і Маці Божай, да чаго так часта заклікаў сем’і Яго Эмінэнцыя ў сваіх пропаведзях.

«Няхай будзе праслаўлена імя Тваё, Пане, бо Ты добры, бо навекі  міласэрнасць Твая».


Мікола Новікаў, Мінск.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней