Дар удзячнасці

Дваццаць восьмая звычайная нядзеля — 9 кастрычніка 2011 г.
Чытанні: Іс 25, 6–10а; Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6.; Флп 4, 12–14. 19–20
Евангелле паводле Марка 22, 1–14


У сённяшнім урыўку з Евангелля звернем увагу на чалавека, які знаходзіўся ў вясельнай зале неадпаведна апранутым. Яго выгналі за тое, што не быў у святочнай вопратцы. Адзенне сімвалічна паказвае нам душэўны стан гасцей, якія знаходзіліся на вяселлі. Айцы Касцёла ў сваім навучанні казалі, што той чалавек не меў у сэрцы ўдзячнасці. Ён забыўся, што ўдзел у гасціне, на якую ён быў запрошаны, — гэта вялікі дар, гонар, якога чалавек не варты, які ён не можа заслужыць сам для сабе. Няўдзячнасць — вельмі сур’ёзная хвароба душы. Яна выяўляецца ў тым, што чалавек забываецца пра ўдзячнасць Богу за дары, якія атрымлівае ад Яго. Найбольшая праява няўдзячнасці — дрэннае выкарыстанне Божых дароў. Такое адбываецца, калі чалавек «грашыць за Божыя грошы». Найбольшай няўдзячнасцю да Бога з’яўляецца ўжыванне Божых дароў супраць Яго самога. Магчыма, цяпер варта задумацца над удзячнасцю свайго сэрца ў адносінах да Бога і людзей. Папросім Пана Езуса, каб Ён вучыў нас малітве ўдзячнасці, якая змяняе наш погляд на Бога, свет, на сябе саміх ды іншых людзей.

Адзін святар калісьці прапанаваў практыкаваць штодзённую ўдзячнасць у трох напрамках. Перш за ўсё дзякаваць за тое, што мы бачым і чуем. Па-другое, дзякаваць за тое, да чаго мы можам дакрануцца, і па-трэцяе, дзякаваць за тое, чым адарыў Бог кожнага чалавека, цудоўна ствараючы нашыя целы і душы, і асабліва звяртаць увагу на сакрамэнты і дары, якія паглыбляюць у нашым жыцці веру, надзею і любоў. Добра было б зрабіць пастанову на працягу дня спантанна дзякаваць Богу за гэтыя тры кшталты дароў: можа, хоць адну хвіліну на працягу дня, можа, падчас супольнай малітвы ў сям’і. Вельмі важна вучыць дзяцей малітве падзякі! Аказваецца, што насамрэч няма прычынаў для наракання, але штодня ёсць тысячы прычынаў для ўдзячнасці!


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней