40. Адкрыем 25 раздзел Евангелля паводле святога Мацвея: «Валадарства Нябеснае падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых» (Мц 25, 1–2). Евангеліст распавядае, што мудрыя панны не змарнавалі часу, прадбачліва ўзяўшы з сабою патрэбную колькасць алею для светачаў. Яны былі падрыхтаваныя, калі іх папярэдзілі: «Вось жаніх, выходзьце яму насустрач» (Мц
25, 6). Мудрыя панны прывялі ў парадак свае светачы і з радасцю пайшлі сустракаць жаніха.

«Прыйдзе той дзень, які стане для нас апошнім і якога мы баімся. Будзем жа падрыхтаваныя да гэтага імгнення, непахісна даверымся міласэрнасці Божай. Будзем жа смелыя, моцныя, поўныя любові да кожнай дробязі, каб прыйсці на сустрэчу з Панам, несучы запаленыя светачы. Нас чакае вялікае свята нябёсаў. Гэта мы, улюбёныя браты, прымем удзел у вясельнай гасціне Слова. Мы, якія ўжо верым у Касцёл, кормімся Святым Пісаннем, радуемся еднасці Касцёла з Богам. Малю вас, паклапаціцеся сёння пра тое, каб вы прыйшлі на гэтае вяселле ў святочным уборы, — уважліва прагледзьце ўсе вашыя думкі» (Св. Грыгоры Вялікі, Homiliae in Evangelia, 38, 11, PL 76, 1289). Запэўніваю вас (і сам я цалкам упэўнены), што гэты вясельны ўбор будзе тканы Божай любоўю, якую мы навучымся збіраць нават у самых малых справах. Бо закаханыя заўжды вельмі ўважлівыя ў дробязях, нават
у самых відавочна неістотных дзеяннях.

41. Але вернемся да прыпавесці. Што ж робяць неразумныя панны? Цяпер і яны накіроўваюць усе свае высілкі на падрыхтоўку, каб дачакацца жаніха ў гатоўнасці, — ідуць купляць алей. Але яны позна адумаліся: «Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, Пане, адчыні нам» (Мц 25, 10–11). Нельга сказаць, што неразумныя панны заставаліся бяздзейснымі, нешта яны спрабавалі зрабіць... Але яны пачулі голас, які цвёрда адказаў: «Сапраўды кажу вам: не ведаю вас» (Мц 25, 12). Яны не здолелі або не захацелі з неабходнай стараннасцю падрыхтавацца, забыліся паклапаціцца пра тое, каб набыць алей загадзя, у адпаведны час. Неразумным паннам не хапіла велікадушнасці, каб добра выканаць тое нямногае, што ім было даверанае. Насамрэч у іх было шмат гадзінаў, каб усё зрабіць, але яны змарнавалі гэты час.

Давайце смела ўзглянем на сваё жыццё. Чаму часам нам бракуе некалькі хвілін, каб з любоўю скончыць належную працу, якая з’яўляецца сродкам нашага асвячэння? Чаму мы занядбоўваем сямейныя абавязкі? Чаму мы спяшаемся, калі молімся і ўдзельнічаем ў Ахвяры святой Імшы? Чаму нам не хапае вытрымкі і стрыманасці, каб спакойна выконваць патрэбную працу, але мы заўжды гатовыя забаўляцца, не спяшаючыся, патураючы ўсім сваім капрызам? Вы можаце мне адказаць: гэта ўсё дробязі! Так, гэта праўда, але гэтыя дробязі — той алей, наш алей, які падтрымлівае полымя і дае святло.


Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней