Як свечка на алтары

 

Ягонае жыццё — прыклад таго, як свецкі чалавек можа аддана служыць Хрысту і Касцёлу, а таксама яркі прыклад вялікай любові да Бацькаўшчыны, якую гэты чалавек пранёс праз усё жыццё.

Ён нарадзіўся ў фальварку Судзілавічы Лепельскага павета (цяпер в. Будзькаўшчына на Полаччыне). У 1871 г. пасля смерці бацькі Браніслаў выехаў да сваякоў у Рыгу, дзе скончыў гімназію з залатым медалём, а пазней прадоўжыў адукацыю ў Пецярбургскім універсітэце. Гэта быў надзвычай здольны і высокаадукаваны чалавек, які ведаў грэцкую мову і культуру, свабодна валодаў лацінаю, мог пера­кладаць з 20 старажытных і новых моваў, збіраў матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, збярог многія помнікі беларускага пісьменства. 

І тым не менш працу ў Пецярбурзе яму было цяжка знайсці, бо, як ён сам пісаў: «Усіх католікаў тады лічылі палякамі, і таму мне ўсюды адмаўлялі». Ды Пан Бог пакіраваў так, што праз ней­кі час ён знайшоў працу менавіта там, дзе быў найбольш па­трэбны, — у рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі. Там ён выкладаў старажытнагрэцкую мову і літаратуру, адначасова выкла­даючы гэтыя ж прадметы і беларускую мову ў прыватнай гім­назіі пры парафіі святой Каця­рыны ў Пецярбурзе.

Эпімах-Шыпіла адыграў знач­­ную ролю ў жыцці Янкі Купалы, які пэўны час жыў у яго на кватэры, ён жа стаў і рэдактарам першага зборніка паэта «Жалейка». Цесныя сувязі ён пад­трымліваў з навукоўцамі Сапуновым, Ельскім, Карскім, з паэтамі і пісьменнікамі Цёткай, Багдановічам, Гартным, Паўловічам, з Якубам Коласам, з мастакамі Драздовічам і Русецкім. Для адных ён быў добрым дарадцам, для другіх фундатарам, але, што найважней, для ўсіх ён заўсёды заставаўся сумленным, надзейным сябрам. Гэтаксама, як і для клерыкаў і святароў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Андрэя Цікоты, Антона Неманцэвіча, Фабіяна Абрантовіча, Люцыяна Хвецькі і многіх іншых. Не выпадкова ж святар Адам Станкевіч назваў Эпімаха-Шы­пілу «апекуном беларускай нацыянальнай і рэлігійнай культуры». 

Вынікам вялікай працы беларускіх адраджэнцаў стала стварэнне ў 1917 годзе Хрысціян­скай дэмакратычнай злучнасці, якая неўзабаве ператварылася ў партыю «Беларуская хрысціян­ская дэмакратыя».

Кажуць, каму шмат дадзена, таму шмат даецца і выпрабаванняў. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі Эпімах-Шыпіла не пера­стаў працаваць на карысць адраджэння беларускай спадчыны, і для гэтага ён пераехаў у Мінск. Але новае месца жыхарства не засцерагло яго ад пера­следу ўладаў, і ў ліпені 1930 года ён быў арыштаваны на два месяцы. Судовая справа пазней была спынена, але звышпільная ўлада забараніла прафесару жыць і працаваць у Мінску. І ён зноў быў вымушаны выехаць у Піцер, які на той час ужо стаў Ленінградам. Жыў наш выдатны дзяяч у горадзе Пятра і Леніна «на становішчы ссыльнага»: без грошай, працы, не маючы сталага жытла. У лісце да святара Віктара Шутовіча ён пісаў пра сваё бядотнае становішча і дадаваў невясёлае: «Можа, пры­дзецца дзе згінуць на вуліцы ад холаду і голаду...» 

Браніслаў Эпімах-Шыпіла памёр 6 ліпеня 1934 года ў Ле­нінградзе ў поўнай галечы. На жаль, мы, ягоныя нашчадкі, не маем куды прынесці кветкі на магілу гэтага цудоўнага чалавека, выдатнага прадстаўніка нашага народа, бо месца яго пахавання невядомае.

Рубрыку вядзе

Ірына Жарнасек.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней